Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Разгатліаглу змог! На этапе сусветнага Супербайка ў Донінгтане Топрак разбавіў перамогі Баўцісты адной сваёй

Разгатліаглу змог! На этапе сусветнага Супербайка ў Донінгтане Топрак разбавіў перамогі Баўцісты адной сваёй

Разгатліаглу змог! На этапе сусветнага Супербайка ў Донінгтане Топрак разбавіў перамогі Баўцісты адной сваёй

Фота: worldsbk.com

Перад пачаткам этапу WSBK на трасе Донінгтан-Парк чэмпіён 2021 года прызнаўся, што пераможная серыя Альвара Баўцісты яму надакучыла. Ёсць адчуванне, што не яму аднаму, але ж надта хуткі дзейсны чэмпіён у гэтым сезоне. Хаця на брытанскім этапе яго канкурэнты былі бліжэй, чым звычайна.

Свет на сёння не надта выразна дэманструе, што яму надакучыла вайна ва Украіне. Спыненая яна можа быць толькі рашучай перамогай Украіны і вызваленнем усёй яе тэрыторыі. Даць ёй зброю, не баючыся пагроз звар’яцелага расійскага дыктатара, будзе найлепшым рашэннем. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Ад бясконцых перамог Альвара Баўцісты ў чэмпіянаце свету па Супербайку на самой справе стаміліся многія. Аднак пры гэтым варта адзначыць, што не заўсёды перамогі іспанскаму гоншчыку Aruba.it Racing-Ducati даюцца так ужо лёгка. І на этапе ў брытанскім Донінгтане выйграць усе заезды ў яго не атрымалася.

Не перамог Баў і ў кваліфікацыі, хаця падзенне па ходу сесіі Суперпоўл не асабліва яму перашкодзіла. У першай гонцы ў суботу дзейсны чэмпіён стартаваў у выніку другім і нават захапіў лідарства ў першым павароце. Праўда, ужо на другім кругу першую пазіцыю вярнуў сабе шасціразовы чэмпіён з Kawasaki Racing Team WorldSBK Джонатан Рэй.

А там ужо і Разгатліоглу на іспанца насядаць пачаў. Гоншчык Pata Yamaha Prometeon WorldSBK правёў паспяховую атаку на Баўцісту на трэцім кругу ў адзінаццатым павароце і накіраваўся да Рэя. Альвара, аднак, не адстаў і нават узвінціў тэмп, скарыстаўшыся барацьбой турка і брытанца, якая распачалася неўзабаве.

У выніку на дзявятым кругу ў павароце Coppice гоншчык Ducati ізноў узначаліў гонку. Яму за астатнія кругі ўдалася нарасціць камфортны адрыў ад Разгатліоглу, які ў сваю чаргу засцярог сябе ад верагодных атак з боку Рэя. А вось Джонатану сваю трэцюю пазіцыю прыйшлося абараняць – ззаду накочваў экс-гоншчык MotoGP Даніла Петручы, які у сусветным Супербайке выступае за Barni Spark Racing Team.

З гэтай задачай Рэй, зрэшты, справіўся, а ў ранішнім нядзельным суперпоўл-спрынце ён хоць і фінішаваў трэцім ізноў, затое быў бліжэй да Баўцісты, таму што апошні заняў другое месца. На старце яны зноў пабадаліся з Альвара – той захапіў быў лідарства, але Джонатан паспяхова контратакаваў у другім павароце.

Хутка пасля гэтага паўтарылася сітуацыя з гонкі днём раней: Баўцісту абагнаў і Разгатліоглу, які потым апярэдзіў і Рэя. Толькі ў іспанца гэтым разам не атрымалася вярнуць лідарства сабе – ён праехаў некалькі хуткіх кругоў, але абагнаў толькі брытанца і фінішаваў другім. Хаця была б гэта звычайная гонка, а не кароткая, верагодна, Альвара паспеў бы пакінуць ззаду і турэцкага канкурэнта, які і атрымаў перамогу.

Скарочанай, аднак, атрымалася і фінальная гонка ўік-энду. Ужо на першым кругу яна была спыненая чырвонымі сцягамі пасля буйной аварыі на выхадзе з павароту Coppice, дзе паваліліся напарнік Баўцісты Міхаэль Рубэн Рынальдзі, а гоншчыкі ROKiT BMW Motorrad WorldSBK Team Том Сайкс і Лорыс Баз з Bonovo Action BMW. Сайкс у гэтым інцыдэнце зарабіў траўму грудной клеткі, левай лодыжкі і пералом рабра, а Рынальдзі – лёгкае скалынанне і траўму правай лодыжкі.

Баўціста захапіў лідарства адразу пасля рэстарту, абагнаўшы Разгатліоглу. Апярэдзіў Топрака і Рэй, але яго атака на Баў у Старой Шпільцы не мела поспеху – брытанец праехаў па занадта шырокай траекторыі. Пазней ён сам прапусціў наперад Разгатліоглу, але ненадоўга, бо турак сваёй наступнай атакай на Баўцісту справакаваў яго памылку, у выніку чаго Альвара адкаціўся на трэцюю пазіцыю.

Памыляўся іспанец, дарэчы, яшчэ некалькі разоў, але больш пазіцый не губляў. Насупраць, высокі тэмп дазволіў яму наблізіцца да пары канкурэнтаў наперадзе і абагнаць Рэя на дзясятым кругу ў дзявятым павароце. У Джонатана з тэмпам склалася адваротная сітуацыя і, прапусціўшы Баўцісту, ён затым адкаціўся на пятую пазіцыю, на якой і фінішаваў. На подыум жа ўпершыню ў сваёй супербайкаўскай кар’еры ўзышоў Петручы, які заняў трэцяе месца.

Разгатліоглу і Баўціста тым часам вялі прыгожую дуэль за перамогу. Цягам дванаццатага, трынаццатага і чатырнаццатага кругоў яны некалькі разоў абменьваліся ўдарамі. Іспанец двойчы атакаваў у першым павароце, але абгон здзейсніў толькі з другой спробы (у першы раз Топрак контратакаваў у чацвёртым павароце). Перамога ў выніку засталася за Альвара, гоншчык Ямахі заняў другое месца.

Лідарства Баўцісты ў чэмпіянаце пасля этапу на Донінгтан-Парку ў чарговы раз замацавалася – у яго ўжо 357 ачкоў супраць 264-х у Разгатліоглу, які застаецца другім. Яго напарнік па камандзе Андрэа Лакатэлі са 175-цю баламі трэці. Ducati гэтак жа ўпэўнена, маючы 362 балы, узначальвае залік вытворцаў. Yamaha, у якой 280 ачкоў, на другой пазіцыі, Kawasaki па-ранейшаму на трэцяй і мае 184 балы.

Наступны этап WSBK пройдзе 14-16 ліпеня ў італьянскай Імале.

Іншыя пасты блога

Усе пасты