Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Рэванш Таёты (і штраф) і першы подыум Peugeot на этапе WEC у Монцы

Рэванш Таёты (і штраф) і першы подыум Peugeot на этапе WEC у Монцы

Рэванш Таёты (і штраф) і першы подыум Peugeot на этапе WEC у Монцы

Фота: fiawec.com

Усе астатнія, якія ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць удзельнічалі разам з японскай камандай, сталі неяк да яе падцягвацца. І ў Храме Хуткасці з экіпажамі на GR010 Hybrid амаль на роўных спаборнічалі не толькі канкурэнты з Ferrari.

Каб у Еўропе наступіў мір, прыняць Швецыю з Фінляндыяй у NATO мала. Таму мы вітаем найперш рашэнне Францыі адправіць Украіне дальнабойныя ракеты, якія дапамогуць нашым суседзям вызваліць ад расійска-фашысцкіх захопнікаў сваю зямлю. Гэта наблізіць і вызваленне ад іх жа беларускай, дзякуючы чаму яна стане бяспечнай, у тым ліку для саміх беларусаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Па-рознаму можна ставіцца да балансу прадукцыйнасці ў WEC. З аднаго боку, толькі ён можа зрабіць цікавымі гонкі на такіх канцэптуальна розных машынах. З іншага, спартыўным чыноўнікам часта не хапае паслядоўнасці і чэснасці ў прымяненні правіл.

Калі гіперкары Toyota GR010 Hybrid дагрузілі ажно сарака кілаграмамі перад сутачным марафонам у Ле Мане, гэта супярэчыла папярэднім дамоўленасцям. Затое мы якраз пабачылі цікавую і непрадказальную гонку, а японская каманда ўсё роўна адыгралася на наступным этапе ў Монцы, які прайшоў у мінулыя выхадныя.

Тут арганізатары чэмпіянату ўжо Ferrari падрэзалі крылы, накінуўшы ім пяці кілаграмаў і адняўшы 12 кВт магутнасці і 8 Мдж энергіі гібрыднай сістэмы на адрэзку. Зрэшты, пяці кілават пазбавілася і Toyota, аднак досвед каманды дапамог ёй хутка прыстасавацца да новых умоў. У кваліфікацыі пяршынстваваў яе сёмы экіпаж у складзе Майка Конвэя, Камуі Кабаяшы і Хасэ-Марыі Лопеса, якія затым і гонку выйгралі.

Праўда, канкурэнты выклік ім усё роўна кінулі. Толькі не пераможцы 24-х гадзін Ле Мана Алесандра П’ер Гуідзі, Джэймс Калада і Антоніа Джавінацы з пяцьдзесят першага экіпажа Ferrari AF Corse, а іх калегі з пяцідзясятага Антоніа Фуока, Мігель Маліна і Ніклас Нільсэн. Самім нядаўнім трыумфатарам прыйшлося прарывацца пасля таго, як на самым старце на ўваходзе ў першую шыкану іх машыну развярнула пасля кантакту з восьмай Таётай Себасцьена Буэмі, Брэндана Хартлі і Рыючы Хіракавы.

Але добра Ferrari, хто чакаў такога спрыту ад Peugeot 9X8?! Але вось жа дзевяноста трэцяя машына, якой кіруюць Пол дзі Рэста, Мікел Йенсэн і Жан-Эрык Вернь на першай гадзіне не проста засталася блізкай да групы лідараў (экіпаж стартаваў з чацвёртай пазіцыі), а ўварвалася туды і нават узначаліла гонку, калі яна аднавілася пасля першага перыяду аўтамабіля бяспекі.

Потым, праўда, і сёмы экіпаж Таёты, і пяцідзясяты Ferrari ўсё роўна ўзялі сваё, аднак трэцюю пазіцыю Peugeot абаранілі ўпэўнена. Каманда можа быць сабой задаволеная, хаця ў наступным годзе, верагодна, французы адмовяцца ад экстравагантнай канцэпцыі без задняга антыкрыла. Чаму б і не, калі машына стане хуткай не эпізадычна?

Згаданы аўтамабіль бяспекі, дарэчы, на трасу выехаў дзякуючы восьмаму экіпажу Таёты. Гонку ў ім пачынаў Буэмі, які хутка пасля таго, як развярнуў Джавінацы на старце, адправіў у адбойнік перад шыканай Ascari семсот семдзесят сёмы Aston Martin Vantage каманды D'Station, за што потым атрымаў хвілінны штраф Stop&Go. Зразумела, экіпаж у выніку адкаціўся далёка назад, але затым здолеў прарвацца на чацвёртае месца, якое пасля фінішу пераўтварылася ў шостае.

Выявілася, што сёмы аўтамабіль двойчы за гонку перавысіў дазволеную магутнасць у 507 кВт (каля 690 к.с.). За першае парушэнне экіпаж атрымаў папярэджанне, а за другое – 5 секунд асноўнага штрафу і 45 за тое, што накладзены ён быў толькі пасля фінішу. Да сёмага экіпажа ў суддзяў пытанняў не ўзнікла і ён застаўся на той жа першай пазіцыі, на якой і фінішаваў. Пяцідзясяты экіпаж Ferrari заняў другое месца, а лепшымі з астатніх пасля пакарання Буэмі, Хартлі і Хіракавы сталі Дэйн Кэмеран, Міхаэль Крыстэнсэн і Фрэдэрык Макавецкі з пятага экіпажа Porsche Penske Motorsport, якія сталі ў выніку чацвёртымі.

Драматычна, як гэта часта бывае ў WEC, гонка прайшла ў катэгорыі LMP2, дзе ў бойцы за перамогу сышліся дваццаць трэці экіпаж United Autosports, трыццаць першы Team WRT і дваццаць восьмы Jota. Трыццаць першы, у складзе якога выступаюць Шон Гелаэль, Фердзінанд фон Габсбург і Робін Фрайнс, гонку пачынаў толькі з шостай пазіцыі (з поўлу стартаваў сястрынскі з Руі Андрадэ, Робертам Кубіцай і Луі Дэлетразам), але па выніках першай паловы змагаўся ўжо за першую.

Але Фрайнсу ў яго змену прыйшлося скончыць гонку датэрмінова праз механічныя праблемы. Пасля гэтага лідарства канчаткова перайшло да П’етра Фіціпальдзі, які і кіраваў разам з Дэвідам Хайнэмаерам-Хансанам і Оліверам Расмусэнам дваццаць восьмай машынай Jota. Іх экіпаж і перамог, а Team WRT задаволіліся трэцім месцам Андрадэ, Кубіцы і Дэлетраза. Другое занялі Мацьё Ваксів’ер, Жульен Каналь і Шарль Мілезі з трыццаць шостага экіпажа Alpine ELF Team.

У Монцы вырашыўся лёс апошняга тытулу чэмпіёнаў у катэгорыі LMGTE Am. Для яго датэрміновага заваявання Бэну Кіцінгу, Нікаласу Варонэ і Нікі Катсбургу з трыццаць трэцяга экіпажа Corvette Racing хапіла і чацвёртага месца. Перамогу ж у гонцы атрымалі Крысціан Рыд, Мікел Педэрсэн і Жульен Андлаэ з семдзесят сёмага экіпажа Dempsey Proton, якія стартавалі трэцімі.

Апроч хуткасці іх Porsche 911 RSR-19 ім дапамагла і тактыка – яны зрабілі на адзін піт-стоп меней за сваіх канкурэнтаў на такім жа аўтамабілі з шасцідзясятага экіпажа Iron Lynx Клаўдзіа Скіавоні, Матэа Крэсоні і Алесіа Пікарыелы. Якія, зрэшты, таксама правялі нядрэнную гонку, усяго на 11,184 секунды адстаўшы ад пераможцаў на фінішы, прытым што стартавалі дванаццатымі і апошнімі.

Трэцяе месца заняў экіпаж таксама на Porsche – восемдзесят шосты каманды GR Racing у складзе Майкла Уэнрайта, Рыкарда Пэры і Бэнджаміна Баркера. Прарваліся яны толькі з пятай пазіцыі на старце, але хаця б прарваліся, у адрозненні ад дзяўчат з восемдзесят пятага экіпажа Iron Dames, якія стартавалі з поўлу, а адмашку клецістым сцягам атрымалі толькі пятымі.

Вяртаючыся да катэгорыі гіперкараў, у якой чэмпіянат свету і разыгрываецца, і Таёты, варта адзначыць, што апошняя, нягледзячы на пакаранне аднаго са сваіх экіпажаў, усё ж такі замацавала па выніках Монцы сваё лідарства ў турнірнай табліцы. Зараз японцы маюць 152 ачкі супраць 126-ці ў Ferrari, якая застаецца другой. Cadillac з 72-ма баламі ўтрымлівае трэцюю пазіцыю.

Аштрафаваныя Хартлі, Буэмі і Хіракава тым не менш захавалі лідарства ў заліку гоншчыкаў, дзе ў іх 115 ачкоў. Лопес, Кабаяшы і Конвэй падняліся на другую пазіцыю і маюць 92 ачкі, як і П’ер Гуідзі, Джавінацы і Калада, якія ў Монцы занялі пятае месца.

Чэмпіянат свету па аўтагонках на цягавітасць працягнецца ў Японіі на трасе Фудзі 8-10 верасня. А ў бліжэйшыя выхадныя на трасе Поль Рыкар у французскім Ле Кастэле пройдзе другі этап Еўрапейскай серыі Ле Ман, і гэта будзе толькі адна з гонак насычанага ўік-энду. «Гоначная псіхапатыя» раскажа пра ўсё самае цікавае.

Іншыя пасты блога

Усе пасты