Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Патрэбны новы мем. Пасля чарговай перамогі Макса Ферстапена на Гран Пры Вугоршчыны адзін са старых стаў неактуальным

Патрэбны новы мем. Пасля чарговай перамогі Макса Ферстапена на Гран Пры Вугоршчыны адзін са старых стаў неактуальным

Патрэбны новы мем. Пасля чарговай перамогі Макса Ферстапена на Гран Пры Вугоршчыны адзін са старых стаў неактуальным

Фота: formula1.com

Бачылі карцінку з 2021 года, на якой яшчэ маленькі Макс у падаку паціскае руку Міхаэлю Шумахеру, а знізу подпіс: «Не хвалюйся, я не дам яму пабіць усе твае рэкорды!»? Меўся на ўвазе Льюіс Хэмілтан, які тады спрабаваў стаць васьміразовым чэмпіёнам свету Формулы 1. Толькі цяпер рэкорды б’е ўжо сам Ферстапен, і ўчора на Хунгарарынгу ён наблізіўся да пабіцця чарговых.

Свет напэўна стаміўся ад вайны ва Украіне, і яе неабходна скончыць перамогай Украіны, бо толькі так вернуцца мір і спакой. Дзве звар’яцелыя пачвары – расійская і тая, што апанавала Беларусь – працягнуць катаваць адных нашых суседзяў і пужаць іншых, пакуль не атрымаюць па пысам. Нерашучасць і баязлівасць Захаду толькі павышаюць магчымасць глабальнай вайны, а ўсёабдымная дапамога ўкраінскім героям яе ўхіляць. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Не буду ў чарговы раз уздымаць рытарычнае пытанне аб тым, хто і чым можа дапамагчы сённяшняй Формуле 1. У яе, зрэшты, быццам бы ўсё нядрэнна, а тое, што акрамя Red Bull у ёй ёсць усе астатнія – гэта праблема тых астатніх, якія ніяк не могуць устаць на роўных з калектывам з Мілтан-Кінса. У Вугоршчыне яму ізноў было, што адсвяткаваць: дванаццатая запар перамога (калі лічыць ад мінулагодняга Гран Пры Абу-Дабі) і сёмая запар Макса Ферстапена.

У гэтым сезоне Макс ужо ў дзявяты раз узышоў на вяршыню подыуму, а ў сваёй кар’еры – у сорак чацвёрты. Тыя ж Шумахер і Хэмілтан (сто тры перамогі ў брытанца і дзевяноста адна ў немца), пакуль далёка, а вось Себасцьян Фетэль (53) і Ален Прост (51) ужо блізка. Па серыям жа перамог Ферстапен ужо ў адным шэрагу з Шумахерам, Ніка Росбергам і Альберта Аскары. Наперадзе толькі Фетэль, які ў 2013 годзе выйграў дзевяць Гран Пры запар.

Таму нешта мне падказвае, што другая стартавая пазіцыя двухразовага і дзейснага чэмпіёна на Гран Пры Вугоршчыны ў зман нікога не ўвяла. Так, поўл Хэмілтана стаў сенсацыяй, але адразу было зразумела, што ў гоначных умовах (а менавіта на гонку каманда і наладзіла балід Ферстапена) у Mercedes не знойдзецца, што супрацьпаставіць Red Bull, тым больш што ў кваліфікацыі Льюіс апярэдзіў Макса ўсяго на 0,003 секунды.

І на самой справе, інтрыга, калі хто ўсё ж такі захоўваў яе, памерла ўжо на старце гонкі. Хэмілтан яго праваліў, прапусціўшы і Ферстапена, і абодвух пілотаў McLaren, якія ізноў кваліфікаваліся выдатна (Ланда Норыс трэцім, Оскар Піастры – чацвёртым). Аўстралійца Льюіс затым апярэдзіў, але ўсё роўна застаўся чацвёртым, бо, па-першае, свайго суайчынніка ён так і не дагнаў, а па-другое, не здолеў стрымаць і напарніка Ферстапена Серхіа Перэса.

У Вугоршчыне Чэка перарваў сваю чаргу кваліфікацыйных няўдач і нарэшце прайшоў у фінальны сегмент. Не сказаць, праўда, што бліснуў у ім, бо паказаў толькі дзявяты вынік і мусіў быў прарывацца. І прарваўся ажно на трэцяе месца! Гатовы быў ужо і з Норысам пабароцца за другое, але, відаць, да апошніх кругоў з камплекту Medium, у які яго машыну абулі на фінальным піт-стопе, мексіканец выціснуў усё, тым больш што на балідзе Ланда гума была на пару кругоў маладзейшай.

Таму другім фінішаваў менавіта пілот McLaren, што, безумоўна, ёсць добрай навіной не толькі для прыхільнікаў брытанскай каманды і асабіста Норыса. Падобна на тое, што цяжкасці першай паловы сезона засталіся ззаду, а добрая база перад наступным годам важная. Цяперашняя машына MCL60, канечне, саступае лідарскай Red Bull RB19 (Ферстапен перамог з перавагай перад Норысам болей чым у палову хвіліны), аднак, мяркуючы па выніках, не мае правалаў ні на хуткіх трасах, як Сільверстоўн, ні на павольных, як Хунгарарынг.

Яшчэ адной важнай навіной паміж двума этапамі стала вяртанне ў чэмпіянат Даніэля Рыкарда. Для кагосьці яна стала добрай, але дакладна не для Ніка дэ Фрыса, якога аўстраліец у складзе AlphaTauri і замяніў. Вынікі суайчынніка Ферстапена не задаволілі кіраўніцтва Red Bull, а яно міласэрнасцю не адрознівалася ніколі.

Ужо папаўзлі плёткі, што Дэн можа і пакінуць каманду з Фаэнцы, якая ў наступным годзе зменіць назву, і стаць ізноў напарнікам Макса, калі і Чэка не задаволіць Крысціана Хорнэра і Хельмута Марка. Але спачатку самому Рыкарда трэба даказаць сваю канкурэнтаздольнасць.

У Вугоршчыне зрабіць гэта яму перашкодзіў пілот Alfa Romeo Гуаньюй Джоў, які дабіўся лепшага ў кар’еры кваліфікацыйнага выніку і стартаваў пятым, але стартаваў дрэнна, адкаціўшыся далёка назад, а потым падтараніўшы ззаду Даніэля, які пачынаў гонку трынаццатым. Гэта выклікала ланцуговую рэакцыю: Рыкарда ўрэзаўся ў П’ера Гаслі, а той – у свайго напарніка па Alpine Эстэбана Акона. Абодва французы ў выніку сышлі з дыстанцыі, аўстраліец адкаціўся далёка назад і фінішаваў на той жа трынаццатай пазіцыі, з якой і стартаваў, а кітаец, які фінішаваў шаснаццатым, атрымаў штраф у пяць секунд і два штрафных балы.

Што ж да мемаў, то без іх мы дакладна не застанемся. За нарыхтоўкі дзякуем Норысу, які пасля ўзнагароднай цырымоніі стукнуў бутэлькай з шампанскім аб подыум, праз што прыгожы парцалянавы пераможны кубак Ферстапена, што стаяў побач, упаў і пабіўся. Крыўдна, зрэшты, было хіба што працаўнікам Херэндскай парцалянавай мануфактуры, на якой узнагароды для Гран Пры Вугоршчыны і зрабілі. Кажуць, адзін такі каштуе прыкладна €40 000.

Наўрад ці пашкоджанне прыза Ферстапена моцна сапсавала яму настрой. Галоўнае, для Макса, што ў чэмпіянаце ён лідзіруе з перавагай перад Перэсам, які застаецца другім, у сто дзесяць балаў, маючы 281. Фернанда Алонса, які на Хунгарарынгу фінішаваў толькі дзявятым, мае 139 ачкоў і застаецца трэцім, але Хэмілтан ужо зусім блізка – у яго 133 ачкі. У Кубку канструктараў жа Mercedes даўно апярэдзіў Aston Martin, падняўшыся на другі радок, і мае 223 ачкі супраць 184-х. Але Red Bull, у якога ўжо 452 балы, усё роўна недасягальны.

Так што рыхтуемся да атакі Ферстапена і яго каманды на новыя рэкорды. Пабітыя яны могуць быць ужо ў бліжэйшы ўік-энд на Гран Пры Бельгіі, які гэтым разам будзе апошнім перад летнім перапынкам, а не першым пасля яго. Прычым этап на трасе Спа-Франкаршам, якая, на радасць усім, засталася і ў календары на 2024 год, пройдзе ў фармаце з суботнім спрынтам.

Іншыя пасты блога

Усе пасты