Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Адыграліся ўсе (акрамя Цянака), але Раванпэра найбольш. Дзейсны чэмпіён WRC пераканаўча выйграў Ралі Эстонія

Адыграліся ўсе (акрамя Цянака), але Раванпэра найбольш. Дзейсны чэмпіён WRC пераканаўча выйграў Ралі Эстонія

Адыграліся ўсе (акрамя Цянака), але Раванпэра найбольш. Дзейсны чэмпіён WRC пераканаўча выйграў Ралі Эстонія

Фота: wrc.com

Бягучы сезон чэмпіянату свету па ралі для Кале Раванпэры складаецца ў цэлым нядрэнна, хаця перамог на яго рахунку пакуль няшмат. На эстонскім этапе ў мінулыя выхадныя ён атрымаў усяго толькі другую, затое ўпэўненую.

Вайна, якую развязаў звар’яцелы расійскі дыктатар, абавязкова распаўсюдзіцца і на краіны Балтыі, калі саюзнікі Украіны не дапамогуць ёй рашуча і ў поўным аб’ёме. Крытычна важна вызваліць ад фашызму і Беларусь і прыцягнуць да адказнасці мясцовага гаўляйтэра і саўдзельніка агрэсіі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Так што вайна ў нашых суседзяў на самой справе ёсць пагрозай сусветнаму гоначнаму спорту і, у прыватнасці, Ралі Эстонія, якое, на маю думку, упрыгожвае чэмпіянат свету сваімі хуткімі гравійнымі трасамі ў наваколлях Тарту. Падабаецца яно ўсім, у тым ліку Оту Цянаку, для якога гэта хатняя гонка. Хіба што ў гэтым годзе яна не прынесла чэмпіёну 2019 года радасці, бо праблемы ў яго пачаліся яшчэ да старту.

Яшчэ на шэйкдаўне ў чацвер на Ford Puma Rally1 эстонца адмовіў рухавік. Яго замена значыла для Ота штраф ажно ў пяць хвілін, таму гаворка аб перамозе не ішла ад пачатку. Хаця машынам M-Sport бракуе не толькі надзейнасці, але і хуткасці, і без пеналізацыі Цянак фінішаваў бы не восьмым, а пятым, і ўсё роўна сур’ёзна адстаў бы ад фаварытаў.

У лік апошніх на першых спецучастках трапілі і прадстаўнік Hyundai і былы партнёр Цянака па гэтай жа камандзе Цьеры Нэвіль, і гоншчыкі Таёты Кале Раванпэра і Элфін Эванс. Асабліва нядрэнна ў чацвер і ў першую палову пятніцы выглядаў бельгіец, які захапіў быў лідарства. Раванпэры ж, які, будучы лідарам чэмпіянату, адкрываў спецучасткі, спатрэбіўся час, каб раскаціцца і знайсці зачэп. Аднак калі малады фін справіўся з задачай, спыніць яго не мог ужо ніхто.

Лідарства ў Нэвіля Кале перахапіў ужо на шостым спецучастку ў пятніцу, а невялічкая памылка ў адным з паваротаў апошняга з пятнічных восьмага допа Neeruti стала ці не адзіным яго расчараваннем. Пасля дзейсны чэмпіён ехаў чыста і пакрысе адрываўся ад пераследнікаў. Дамінаваў ён і ў суботу, і ў нядзелю, выйграўшы нават фінальны суперспэшл, за што атрымаў пяць бонусных балаў.

Нядрэнна справіўся з эстонскімі спецучасткамі і Нэвіль, але ён на фінішы ралі саступіў Раванпэры 52,7 секунды, заняўшы, аднак, другое месца і рэабілітаваўшыся пасля крыўднай дыскваліфікацыі за дурное парушэнне на папярэднім Ралі Кенія. Трэцяе месца заняў партнёр Цьеры па камандзе Эсапека Лапі, які значную частку дыстанцыі і быў яго бліжэйшым канкурэнтам.

Максімум ачкоў, здабытых у Эстоніі, дазволіў Раванпэры замацаваць сваё лідарства ў чэмпіянаце. Ён мае 190 ачкоў супраць 115-ці ў Эванса, які гэтым разам фінішаваў чацвёртым, а ў турнірнай табліцы захаваў другую пазіцыю. Але Нэвіль, які выбраўся на трэці радок, блізка, і саступае валійцу ўсяго тры балы. У камандным заліку камфортна, з 331-м ачком лідзіруе Toyota. Hyundai мае 274 балы і займае другую пазіцыю, M-Sport Ford на трэцяй, у яго 195 ачкоў.

У катэгорыі WRC2 у Эстоніі пяршынстваваў Андрэас Мікельсэн, які на сваёй Škoda Fabia RS Rally2 «заехаў» на дзявятую пазіцыю абсалюту. Яго галоўным супернікам стаў Самі Паяры, які выступае на такім жа аўтамабілі.

Фін быў асабліва хуткім у нядзелю, калі на ўсіх спецучастках апярэдзіў нарвежца, аднак дагнаць яго так і не здолеў, задаволіўшыся другім месцам. Трэцяе заняў суайчыннік Паяры Эміль Ліндхольм, які перасеў на Hyundai i20 N, які таксама ехаў шпарка, але не пазбег лёгкай сустрэчы з дрэвам на першым допе і праблем са стырнавым кіраваннем у пятніцу днём.

Сярод удзельнікаў катэгорыі WRC3, часткова аб’яднанай з юніорскім чэмпіянатам свету (і там, і там усе выступаюць на аднолькавых Ford Fiesta Rally3) мацнейшым стаў яшчэ адзін фін Роопэ Корханен. Ён таксама дамініраваў увесь уік-энд і ў нядзелю, якую пачынаў з амаль хвілінным запасам перад Ларанам Пелье, мог дазволіць сабе асцярожнічаць.

Француз ў сваю чаргу апярэдзіў суайчынніка Корханена Тоні Хераннена, які падняўся на ніжнюю ступень подыуму. Другім Пелье стаў і ў юніорскім заліку, у якім перамог гоншчык з Люксембурга Грэгуар Мюнстэр.

Трэцяе месца заняў парагваец Дыега Дамінгес, а аднаму з фаварытаў катэгорыі Вільяму Крэйтану не пашанцавала. Ірландзец зламаў стырнавое кіраванне ў пятніцу, адкаціўшыся назад. Фінішаваў ён толькі восьмым, але кампенсаваў страту асноўных ачкоў бонуснымі за перамогу на фінальным суперспэшле.

Наступным этапам WRC стане яшчэ адна жамчужына чэмпіянату свету – Ралі Фінляндыя. Яно пройдзе 3-6 жніўня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты