Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дзіксану слава! На этапе IndyCar у Індыянапалісе Скот перамог пасля сапраўды гераічнага прарыву

Дзіксану слава! На этапе IndyCar у Індыянапалісе Скот перамог пасля сапраўды гераічнага прарыву

Дзіксану слава! На этапе IndyCar у Індыянапалісе Скот перамог пасля сапраўды гераічнага прарыву

Фота: indycar.com

Пасля такога пачатку гонкі, які быў у новазеландца з Chip Ganassi Racing у мінулую суботу, выйграюць рэдка. Але часам усё ж выйграюць, што Дзіксан уласным прыкладам і прадэманстраваў. Канечне, яму прыйшлося моцна пастарацца.

Сапраўдныя героі на сёння – гэта, вядома, Узброеныя сілы Украіны, якія метадычна знішчаюць расійска-фашысцкіх акупантаў і вызваляюць ад іх сваю зямлю. Іх справа нашмат болей важная за любыя гонкі, а таму вартая ўсёабдымнай і тэрміновай дапамогі. Як і справа беларусаў, якія, пакутуючы ад мясцовага фашызму, дапамагаюць і сваім суседзям, да якіх прыйшла бяда. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Разам з тым, праца гоншчыкаў таксама вартая павагі, асабліва такая, якую ў мінулы ўік-энд у Індыянапалісе падчас этапу IndyCar выканаў Скот Дзіксан. Пачалася гонка для новазеландца з Chip Ganassi Racing складана. Пакуль наперадзе пілот Rahal Letterman Lanigan Racing Грэм Рэйхал, які і стартаваў з поўла, адбіваў атаку свайго канкурэнта з Andretti Harding Steinbrenner Autosport Дэвліна ДэФранчэска, які ўсё ж захапіў лідарства ў першым павароце, прарваўшыся з пятай пазіцыі, Скот бароўся за выжыванне на сваёй пятнаццатай.

У складаны эпізод Дзіксан патрапіў на першым жа кругу ў сёмым павароце, дзе адбыўся кантакт паміж яго партнёрамі па камандзе Алексам Палоў і Маркусам Армстрангам. Іспанца зачапіў і сам Скот, а яго ў сваю чаргу падтараніў яшчэ адзін прадстаўнік Andretti Autosport Рамэн Гражан. Будучаму пераможцу гонкі, зрэшты, яшчэ пашанцавала – ён пасля развароту проста адкаціўся назад, у адрозненні ад яго непасроднага канкурэнта па чэмпіянаце з Team Penske Джозэфа Ньюгардэна.

Амерыканец, які стартаваў наогул дваццаць пятым, стаў галоўнай ахвярай хаоса, не паспеўшы адвярнуць ад машыны Армстранга і літаральна наехаўшы на яе. Маршалы іх расчапілі, але Джозэф на той момант ўжо адстаў ад усіх на круг, ды яшчэ і вымушаны быў адправіцца на піт-лэйн за новым пярэднім антыкрылом. Гонку ён працягнуў, але фінішаваў толькі дваццаць пятым, канчаткова пазбавіўшыся шанцаў на тытул у сезоне-2023.

Палоў з Гражанам (французскі экс-пілот Формулы 1 таксама быў заблакаваным у выніку гэтага інцыдэнта), можна сказаць, адрабіліся лёгкім спалохам. Ім, здавалася, пашанцавала нават болей, чым Дзіксану, які таксама здзейсніў піт-стоп, пакуль заезд быў нейтралізаваны аўтамабілем бяспекі. Затое ў яго заставаліся нявыкарыстаныя камплекты мяккіх шын, што і прынесла яму карысць пазней.

На рэстарце ж на восьмым кругу ўсеагульная ўвага была прыцягнутая да ДэФранчэска. Ён захаваў лідарства, але ненадоўга, і Рэйхал хутка вярнуў першую пазіцыю сабе, тады як Дэвлін пачаў паступова прапускаць аднаго суперніка за адным. Да фінішу пілот Andretti дабраўся наогул толькі дзевятнаццатым.

Рэйхал тым часам распачаў тактычную дуэль з пераможцам гонкі ў Таронта Крысціанам Лундгаардам, які і на старце дзяліў з ім першы шэраг. Амерыканец быў у меней выгадным становішчы адносна датчаніна, бо аднаго камплекту мяккіх шын ён пазбавіўся яшчэ падчас кваліфікацыі ў выніку праколу. Праўда, на адным з чарговых піт-стопаў не пашанцавала і Лундгаарду – узніклі праблемы з заправачным шлангам, што каштавала Крысціану трох секунд.

Так што галоўным пераследнікам Рэйхала на некаторы час стаў пілот Arrow McLaren Патрысіа О’Ворд. Аднак увесь папярэдні перыяд Дзіксан спакойна рабіў сваю справу, падымаючыся ўсё вышэй у сваёй трыста дзевятнаццатай (рэкорд IndyCar!) гонцы запар. І пасля фінальнага піт-стопу лідзіраваў ужо Скот, ды яшчэ і з запасам у пяць секунд.

Праўда, Рэйхал у сваю чаргу ў апошні раз наведаў піт-лэйн чатырма кругамі пазней за новазеландца, і цяпер меў перавагу на свяжэйшых шынах. Дзіксан пры гэтым у пэўны момант упёрся ў кругавога Раяна Хантэра-Рэя, але пазней пілота Ed Carpenter Racing не адразу здолеў прайсці і Рэйхал. Аднак калі ў Грэма гэта атрымалася, ён працягнуў набліжацца да Дзіксана і скараціў адставанне ад яго да меней чым паловы секунды, але так і застаўся другім. Трэцім фінішаваў О’Ворд.

Дзіксан дзякуючы сваёй перамозе і няўдачы Ньюгардэна абышоў амерыканца ў турнірнай табліцы, падняўшыся на другую пазіцыю. Праўда, з 438-мю ачкамі ён усяго на чатыры апярэджвае Джозэфа. А вось Палоў, які гэтым разам у Індыянапалісе фінішаваў сёмым, усё роўна ў сто адным бале наперадзе – да чэмпіёнства Алексу засталося ўсяго-нічога.

А я ў чарговы раз выбачаюся перад чытачамі: гонкі ў Аёве, якія выйграў Ньюгардэн, не былі апошнімі у гэтым сезоне на авальнай трасе. Такой будзе якраз наступная, якая пройдзе ў апошнюю летнюю нядзелю ў Мэдзісане, штат Ілінойс.

Іншыя пасты блога

Усе пасты