Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Усё лепшае гасцям. Ніхто з нідэрландцаў не бліснуў на хатнім мотакросавым Гран Пры

Усё лепшае гасцям. Ніхто з нідэрландцаў не бліснуў на хатнім мотакросавым Гран Пры

Усё лепшае гасцям. Ніхто з нідэрландцаў не бліснуў на хатнім мотакросавым Гран Пры

Фота: mxgp.com

Джэфры Херлінгс ізноў выбыў з барацьбы, зламаўшы ключыцу яшчэ на свабоднай практыцы, а Кай дэ Вольф па-ранейшаму залечвае старыя траўмы і на старт пакуль не выходзіць. Астатнія ж іх суайчыннікі не здолелі навязаць фаварытам барацьбу за перамогу ні ў адной з катэгорый. Зрэшты, у Арнэме бліскалі якраз не фаварыты.

Дапамога, якую Нідэрланды аказваюць Украіне, пераацаніць немагчыма, і знішчальнікі F-16, якія гэтая краіна рыхтуецца перадаць нашым суседзям, абавязкова дапамогуць ім вызваліць іх зямлю ад расійска-фашысцкіх акупантаў. Ачышчанай ад іх мае быць і наша бацькаўшчына. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Сухое і спякотнае надвор’е не толькі спрыяе паспяховасці наступу ўкраінскай арміі, але мае і некаторыя мінусы. Ад яго хутчэй стамляешся і губляеш увагу, праз што дапускаеш шмат памылак. Вось і аўтар гэтага блога ў аглядзе папярэдняга этапу чэмпіянату свету па мотакросе ў Швецыі напісаў, што наступны – нідэрландскі – адбудзецца ў апошнія выхадныя лета. Аднак на самой справе адбыўся ён у перадапошнія – у мінулыя.

Адбыўся на новым месцы, на трасе ў Арнэме. 1 690-метровы пясчаны трэк, аднак, некаторым з удзельнікаў сусветнага пяршынства вядомы. Напэўна ведае яго і Джэфры Херлінгс, але яму бліснуць на хатнім этапе не давялося – двухразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі ізноў выбыў з барацьбы (магчыма, да канца сезона), яшчэ ў пятніцу зламаўшы ключыцу ў выніку падзення.

Хаця Куля ў гэтым годзе на чэмпіёнства і так не прэтэндуе, як і, напрыклад, яшчэ адзін прадстаўнік Red Bull KTM Factory Racing, але ў малодшай катэгорыі MX2 Ліам Эвертс. Пры гэтым перамогу ў Арнэме ў MX2 атрымаў менавіта малады бельгіец, які таксама прывыклы да пясчаных трэкаў.

Гэта справядліва і для яго суайчынніка з Nestaan Husqvarna Factory Racing Лукаса Коэнэна, які выйграў кваліфікацыйны заезд у суботу. Канвертаваць гэты поспех у перамогу на Гран Пры яму перашкодзіла памылка ў першай нядзельнай гонцы, у якой ён і стартаваў не ідэальна, ды яшчэ і ўпаў і вымушаны быў прарывацца з дваццаць першай пазіцыі.

З гэтай задачай, зрэшты, Лукас справіўся выдатна, фінішаваўшы шостым, што яшчэ і дазволіла яму захаваць шанцы на перамогу. Толькі цяпер усё залежала ад гоншчыка Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team Яга Гіртса, які ў чарговы раз вярнуўся ў лад, але ўжо амаль страціўшы шанцы на тытул, і згаданага Эвертса. Ліам фінішаваў акурат перад Яга, трэцім, і цяпер усё вырашала іх дыспазіцыя на фінішы другой гонкі.

У першай жа перамог прадстаўнік Red Bull GasGas Factory Racing Сімон Лангенфельдэр, які лідзіраваў ад самага старту. Следам за ім адмашку клецістым сцягам атрымаў лідар чэмпіянату і партнёр Эвертса па камандзе Андрэа Адама, але фаварытамі другога заезду ні немец, ні італьянец не былі, скончыўшы яго шостым і пятым адпаведна. А вось першым гэта зрабіў якраз Коэнэн, які на першым кругу вырваў лідарства ў Эвертса і затым упэўнена кантраляваў сітуацыю, не ўпусціўшы першую пазіцыю нават пасля падзення.

Ліаму ж прыйшлося ўсю дыстанцыю адбівацца ад Гіртса, і на апошнім кругу Яга выйшаў быў наперад. Пры такім раскладзе Эвертсу для перамогі на Гран Пры балаў не хапала, і на вяршыню подыуму ўжо рыхтаваўся ўзысці Коэнэн. Аднак літаральна ў перадапошнім павароце Эвертс вырваў у Гіртса другую пазіцыю, а ў Коэнэна – выніковую перамогу.

Лукас задаволіўся другім месцам, трэцяе заняў Лангенфельдэр. Адама замкнуў першую пяцёрку, але захаваў упэўненае лідарства ў турнірнай табліцы. Італьянец мае 705 ачкоў, тады як у Эвертса, які застаецца другім, 633. Ліаму роўна трыццаць балаў саступае Гіртс, які ў сваю чаргу захоўвае трэцюю пазіцыю. Сярод вытворцаў у MX2 на першай Yamaha, у якой 819 балаў, KTM мае 784 і знаходзіцца на другім радку, Husqvarna з 749-цю замыкае першую тройку.

Гоншчык Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр у галоўнай катэгорыі MXGP рэальным прэтэндэнтам на чэмпіёнства не з’яўляецца. Француз займае другую пазіцыю, але яго канкурэнт з завадской каманды GasGas Хорхе Прада ўжо далёка наперадзе. Тым не менш ад перамог на асобных Гран Пры Фэвр не адмаўляецца, і ў Арнэме ён, магчыма, пачаў новую серыю з такіх поспехаў.

Пры гэтым праводзіць этапы роўна ў Рамэна так і не атрымліваецца. Так, у суботу ён выграў кваліфікацыйную гонку, але першую ў нядзелю, можна сказаць, праваліў. Фінішаваў у ёй Фэвр другім, аднак мог жа і перамагчы, калі б на адзінаццатым кругу пасля скоку на трампліне не зачапіў задні тормаз, згубіўшы праз гэта хуткасць, якая ў яго была. Яна дазволіла гоншчыку Kawasaki ўжо на першым кругу абагнаць у спрэчцы за другую пазіцыю канкурэнта з Monster Energy Yamaha Factory MXGP Team Джэрэмі Сівера, а на дзявятым – і Прада, які на старце стаў аўтарам хол-шоту.

Пасля памылкі Фэвра абодва апынуліся зноў ў яго наперадзе, аднак Сівера Рамэн усё ж такі апярэдзіў пасля таго, як на перадапошнім кругу памыліўся ўжо Джэрэмі, у выніку чаго вельмі непрыемна ўпаў. Сівер пры гэтым замкнуў першую тройку, а другую, як і Рамэн, правёў лепей. На самым яе старце швейцарац апынуўся непасродна за Фэврам, які гэтым разам выйграў хол-шот. А калі на апошніх кругах Рамэн паехаў акуратней і перастаў рызыкаваць, Сівер скараціў адставанне ад яго меней чым да секунды.

Хаця на дыстанцыю сапраўднай атакі Сівер так і не выйшаў, застаўшыся другім. Дый заняты ён бліжэй да фінішу быў, хутчэй, абаронай ад свайго партнёра па камандзе Глена Колдэнхофа, які фінішаваў трэцім. Гэты вынік і стаў лепшым для нідэрландцаў на іх хатнім Гран Пры, прытым што на подыум Глэн усё роўна не трапіў, задаволіўшыся чацвёртым месцам. Трэцім стаў Сівер, Прада, які другую гонку скончыў чацвёртым, заняў другое месца, а Фэвр перамог.

Становішча ў чэмпіянаце гэта, вядома, не змяніла, і Прада з 821-м ачком захаваў камфортнае лідарства. Фэвр, які захоўвае другую пазіцыю, адстае ад яго на дзевяноста два балы, Сівер займае трэцюю пазіцыю, маючы 652 ачкі. Хіба што ў заліку вытворцаў барацьба за перамогу працягваецца – тут Yamaha, якая займае другую пазіцыю з 807-мю баламі, усяго дваццаць саступае ГасГасу. Kawasaki, у якой 745 ачкоў, трэцяя.

Восень 2023 года адкрыецца ў тым ліку мотакросавым Гран Пры Турцыі, які пройдзе ў Аф’ёнкарахісары 1-3 верасня. Ну і з Нідэрландамі мы не развітваемся – Зандварт ужо ў бліжэйшы ўік-энд прыме Гран Пры Формулы 1, у якой, зрэшты, таксама ўжо ў асноўным і так усё зразумела.

Іншыя пасты блога

Усе пасты