Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Эфектна і эфектыўна. У Мэдзісане Скот Дзіксан атрымаў другую запар перамогу ў серыі IndyCar

Эфектна і эфектыўна. У Мэдзісане Скот Дзіксан атрымаў другую запар перамогу ў серыі IndyCar

Эфектна і эфектыўна. У Мэдзісане Скот Дзіксан атрымаў другую запар перамогу ў серыі IndyCar

Фота: indycar.com

Да мінулай нядзелі сапраўдным уладаром авальных трас у амерыканскай формульнай серыі быў якраз амерыканец з Team Penske Джозэф Ньюгардэн. Аднак новазеландзец Скот Дзіксан пацясніў яго на троне, скарыстаўшыся ў тым ліку тэхнічнай перавагай.

Украіна, сутыкнуўшыся паўтары гады таму з расійска-фашысцкай навалай, ужо мела перавагу ў чалавечым матэрыяле. Гераізм яе грамадзян стаў прыкладам для ўсіх, і даўно наспеў час забяспечыць яе абаронцам і тэхнічную перавагу перад ворагам. Вайна ва Украіне – бяда не толькі Украіны, і цывілізаваны свет абавязаны дапамагчы нашым суседзям вызваліцца хутчэй, каб наблізіць і нашае вызваленне. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Тэхнічная перавага мае вялікае значэнне і ў гонках, што выдатна ведаюць іх аматары. Ёсць, канечне, монасерыі, да якіх такое сцвярджэнне не адносіцца, але іх сярод буйных сусветных і лакальных пяршынстваў нямнога. І амерыканскі IndyCar, дарэчы, да іх не належыць. Так, шасі Dalara тут аднолькавыя ва ўсіх, але рухавікі ўжо можна выбіраць – Chevrolet або Honda. Яны, вядома, пабудаваныя па адзіным рэгламенце, але ўсё ж такі адрозніваюцца, і часам гэта бывае заўважна.

Каманда Chip Ganassi Racing, за якую выступаюць і лідар бягучага сезона Алекс Палоў, і трыумфатар дзвюх апошніх гонак Скот Дзіксан, карыстаецца японскімі сілавымі ўстаноўкамі, якія, відаць па ўсяму, забяспечваюць большую эфектыўнасць і больш эканомна расходуюць паліва. А на авальных трасах, як у Мэдзісане, дзе ў мінулы ўік-энд новазеландскі гоншчык і бліснуў ізноў, з іх высокай сярэдняй хуткасцю гэта ёсць значным бонусам.

У кваліфікацыі, праўда, абсалютнай хуткасцю, якую забяспечвае рухавік Chevrolet, скарыстаўся пілот Team Penske Джозэф Ньюгардэн. Ён у гэтым годзе выйграў усе папярэднія гонкі на авалах (у Тэхасе, Індыянапалісе і абедзве ў Аёве). Я нават паспяшыў назваць яго уладаром авалаў, забыўшыся, што ў Ілінойсе ўдзельнікаў IndyCar таксама чакае трэк такога тыпу. Сурочыў?

Пасля старту гонкі ў Мэдзісане падобных думак, зрэшты, не ўзнікала. Ні на ім, ні на рэстарце на адзінаццатым кругу, пасля таго, як маршалы прыбралі разбіты ў першым павароце балід гоншчыка AJ Foyt Enterprises Бенджаміна Педэрсэна (у сцяну яго накіраваў Эд Карпентэр, які выступае за ўласную каманду Ed Carpenter Racing і які за гэты інцыдэнт атрымаў 30-секундны штраф), Ньюгардэн не саступіў лідарства пераследніам. Ні Палоў, ні Дзіксана, дарэчы, сярод іх на той момант не было.

У выніку штрафаў за замены матораў Алекс стартаваў дванаццатым, а Скот – шаснаццатым, і лідару гонкі ніхто з іх не ўяўляў. Акурат да другой хвалі піт-стопаў, пасля якой першую пазіцыю захапіў якраз пераможца папярэдняга этапу ў Індыянапалісе. Паліўная эканамічнасць дазволіла Дзіксану кожны раз заставацца на трасе даўжэй за канкурэнтаў, што нарэшце і дала плён.

Ну а на сто дваццаць пятым кругу яму мімаволі дапамог яшчэ адзін яго партнёр па камандзе Такума Сата. Японскі экс-пілот Формулы 1 патрапіў у аварыю ў другім павароце, а Скот у рэжыме нейтралізацыі наведаў піт-лэйн яшчэ раз і пасля хвалі піт-стопаў застаўся лідарам. Ньюгардэн, магчыма, і збіраўся сесці яму на хвост на рэстарце, які адбыўся праз дзесяць кругоў, але яму перашкодзіў О’Ворд, які ў трэцім павароце атакаваў амерыканца.

У выніку Дзіксан ад’ехаў на бяспечную адлегласць ад пераследнікаў і пачаў спакойна кантраляваць сітуацыю. О’Ворд апярэдзіў Ньюгардэна, падрэзаўшы таго болей раннім піт-стопам на сто шэсцьдзесят шостым кругу, тады як Дзіксан затрымаўся на трасе да сто дзевяноста пятага, калі да фінішу заставалася шэсцьдзсят пяць. І гэта быў апошні піт-стоп пілота Chip Ganassi Racing, тады як некаторых яго канкурэнтаў прыпынкі яшчэ чакалі.

Як, напрыклад, Ньюгардэна, які наведаў сваіх механікаў за пяцьдзесят два кругі да канца гонкі. На трасу Джозэф вярнуўся зноў акурат за О’Вордам, і паспрабаваў быў апярэдзіць мексіканца, але замест гэтага памыліўся, прыклаўся аб сцяну і пашкодзіў падвеску сваёй машыны. Амерыканец дабраўся да сваіх механікаў, якія паспрабавалі зрабіць хоць што-небудзь, пакуль сам Ньюгардэн назіраў за тым, як міма праязджаюць яго супернікі і шанцы на тытул, якія так і сплылі канчаткова. Пілот Penske сышоў з дыстанцыі.

Задача Дзіксана пасля непрыемнасці Джозэфа спрасцілася да мяжы, і ён спакойна фінішаваў першым. О’Ворд заняў другое месца, а замкнуў першую тройку гоншчык Dale Coyne Racing with HMD Motorsports Дэвід Малукас, які стартаваў шостым. Алекс Палоў прыйшоў да фінішу сёмым, але з 565-цю ачкамі застаўся лідарам турнірнай табліцы. Дзіксан, які застаўся другім, яшчэ мае матэматычныя шанцы на тытул, але моцна адстае ад свайго іспанскага партнёра па камандзе – у яго 491 бал. Ньюгардэн жа, застаўшыся трэцім і маючы 440 ачкоў, хіба толькі з ім і можа паспрачацца за званне віцэ-чэмпіёна.

Фінал сезона IndyCar блізка – наперадзе ўсяго два этапы, і бліжэйшы пачынаецца літаральна заўтра ў Портлэндзе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты