Дакар-2024: трэці этап. Перамен!

9 студзеня, 10:47
Дакар-2024: трэці этап. Перамен!

Фота: A.S.O.

Перамен зачакаліся не толькі беларусы і не толькі фанаты Формулы 1. Некаторыя прыхільнікі ралі «Дакар», якое ў гэтыя дні праходзіць у Саудаўскай Аравіі, таксама пачалі ўжо пазяхаць. Але трэці этап, што прайшоў учора, прынес такі доўгачаканы і разам з тым нечаканы прыемны варушняк адразу ў некалькіх катэгорыях.

У панядзелак караван удзельнікаў марафону рушыў з Аль-Дувадзімі ў Аль-Саламію. Гэта, дарэчы, была першая частка марафноу з абмежаванай тэхнічнай падтрымкай. Пасля фінішу на абслугоўванне тэхнікі адводзілася толькі дзве гадзіны. Шлях няблізкі, у 733 кіламетры, а для гоншчыкаў яшчэ і нялёгкі – ім трэба было пераадолець 433 кіламетры і камянёў, і пяскоў з дзюнамі Пустой Чвэрці. Спойлер: пераадолелі не ўсе.

Галоўную страту ў чарговы раз панесла катэгорыя матацыклаў, і ўжо праз адзінаццаць кіламетраў пасля старту, калі на матацыкле гоншчыка каманды Red Bull GasGas Factory Racing Сэма Сандэрлэнда ўзніклі праблемы з рухавіком. Двухразовы пераможца «Дакара», для якога і мінулагодняя гонка скончылася датэрмінова, прычым ужо на першым этапе (толькі тады брытанец упаў), болей трох гадзін прачакаў, пакуль яму прывязуць маторны алей, а ў выніку наогул сышоў з дыстанцыі.

Пры гэтым пасля другога этапу Сэм меў нядрэнныя шанцы на перамогу – займаў шостую пазіцыю ў абсалюце і адставаў ад лідара крыху болей чым на сем хвілін. Хаця навязаць гэтаму лідару, прадстаўніку Hero Motosports Team Rally Росу Бранчу, які ўчора дапусціў пару навігацыйных памылак, барацьбу, на шчасце, па-ранейшаму ёсць каму. Ды той жа Кэвін Бенавідэс можа гэта зрабіць.

Менавіта аргенцінец з Red Bull KTM Factory Racing і перамог у панядзелак, пераадолеўшы спецучастак за 4 гадзіны 39 хвілін 28 секунд. Высокі тэмп ён падтрымліваў цягам усёй дыстанцыі, хаця і канкурэнты не надта адсталі. Напрыклад, прадстаўнік Monster Energy Honda Team Рыкі Брабэк, які фінішаваў з другім вынікам, адстаў усяго на 1 хвіліну 11 секунд, а адзін з яго партнёраў па камандзе Адрыен ван Бэверэн, які стаў трэцім, прайграў Кэвіну 2 хвіліны 51 секунду.

Француз, дарэчы, замыкае цяпер першую пяцёрку агульнага заліку, апярэджваючы на адну пазіцыю якраз Бенавідэса. Ад Бранча, чый час складае 14 гадзін 32 хвіліны 51 секунду, ён адстае на 20 хвілін 16 секунд, а Бенавідэс – на 20 хвілін 32 секунды. Бліжэйшым жа пераследнікам Бранча па-ранейшаму з’яўляецца нават не Брабэк, які з адставаннем у 1 хвіліну 11 секунд займае трэцюю пазіцыю, а герой другога этапу Хасэ Ігнасіа Карнэха. Учора чыліец паказаў шосты вынік, саступіўшы Бенавідэсу тры з паловай хвіліны, а ў генеральнай класіфікацыі адстае ад лідара на 3 хвіліны 11 секунд.

А вось у катэгорыі квадрацыклаў лідар памяняўся. Пасля таго, як Марчэла Медэйрас не выбітна правёў трэці этап, фінішаваўшы чацвёртым і саступіўшы пераможцу амаль паўгадзіны, на першую пазіцыю падняўся Юрай Варга, чый агульны час складае 18 гадзін 51 хвіліну 21 секунду. Пры гэтым сам славак задаволіўся ўчора трэцім месцам, 6 хвілін 17 секунд саступіўшы пераможцу – Александру Жыру.

Трыумфатар двух апошніх «Дакараў» нарэшце вярнуўся да сваіх лепшых кандыцый і быў непераможным паміж Аль-Дувадзімі і Аль-Саламіей. Спецучастак француз пераадолеў за 5 гадзін 43 хвіліны 34 секунды і крыху наблізіўся да лідара адносна другога этапу – Варге ён саступае 22 хвіліны 13 секунд. Медэйрас ад новага лідара адстае на 14 хвілін 52 секунды, займаючы трэцюю пазіцыю. На другую ж выбраўся Мануэль Андухар, які ўсяго 1 хвіліну 21 секунду саступае Варге. А Жыру ён учора прайграў наогул усяго 18 секунд, заняўшы другое месца. Ну а яшчэ адзін дасведчаны гоншчык і прызёр «Дакараў» Франсіска Марэна ўчора сышоў з дыстанцыі праз механічныя праблемы.

Новы лідар і ў катэгорыі Ultimate, прычым гэта навіна асабліва радуе заўзятараў гонак у самой Саудаўскай Аравіі, бо Язід Аль-Раджы, які і захапіў першую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі, якраз адтуль. Пры гэтым гоншчык каманды Overdrive Racing учора зусім не выйграў, а фінішаваў трэцім, саступіўшы 1 хвіліну 9 секунд Лукасу Мараэсу, прадстаўніку завадской каманды Toyota. Ён і стаў лепшым на трэцім этапе, справіўшыся са спецучасткам за 4 гадзіны 14 хвілін 51 секунду. А заадно падарыў усім прыгожую дуэль з прадстаўніком Audi Маціасам Экстромам, якога апярэдзіў усяго на 9 секунд.

Славуты швед заняў другое месца, а ў генеральнай класіфікацыі падняўся ўжо на трэцюю пазіцыю. Ад Аль-Раджы яго аддзяляе 8 хвілін 26 секунд, дый Мараэс, які ідзе чацвёртым, ад Язіда недалёка – у 9 хвілінах 17 секундах. Хаця бліжэй за ўсё да саудаўца партнёр Экстрома па камандзе Карлас Сайнс-старэйшы. Двухразовы чэмпіён свету па ралі ўчора задаволіўся шостым вынікам, тры з паловай хвіліны саступіўшы Мараэсу. Але ад Аль-Раджы ў абсалюце Эль Матадор адстае ўсяго на дваццаць дзевяць секунд.

І бойка менавіта што за перамогу наспявае не толькі паміж імі. Мінулагодні і пяціразовы пераможца «Дакара» Насэр Аль-Ація таксама ў барацьбе, і нават чарговы пракол яго ўчора не надта запаволіў, хаця апошнія трыццаць кіламетраў гоншчык з Катара даязджаў фактычна без левай задняй шыны – на голым вобадзе.

Насэраў прататып Prodrive Hunter вытрымаў і нават прывёз свайго ўладальніка на чацвёртае месца, а адставанне ад Мараэса толькі крыху перавысіла паўтары хвіліны. У абсалюце Аль-Ація пяты, ад Аль-Раджы ён адстае амаль на адзінаццаць хвілін. А вось дзевяціразоваму чэмпіёну свету па ралі Себасцьену Лёбу, які выступае на такой жа, як у Насэра машыне, на трэцім этапе пашанцавала меней.

Вострыя камяні сталі для француза гэткай жа вострай праблемай, і праз праколы ён згубіў дваццаць тры хвіліны і фінішаваў толькі дваццаць трэцім, болей чым на дваццаць тры з паловай хвіліны адстаўшы ад пераможца этапу. У генеральнай класіфікацыі Сэб дзявяты, лідару ён прайграе без пары секунд дваццаць пяць хвілін.

Праблемы на трэцім этапе напаткалі і фаварыты катэгорыі Ultimate – сямейны клан Гочалаў. Напаткалі не ўсе адразу, а толькі Міхал, брат Марэка і дзядзя Эрыка, які лідарам агульнага заліку так і застаўся. Міхал жа праз паломкі на яго Taurus Max згубіў шмат часу і фінішаваў толькі дваццаць шостым, болей за паўтары гадзіны прыйграўшы пераможцу этапу, а ў агульным заліку апусціўся на адзінаццатую пазіцыю. Ад свайго пляменніка ён адстае таксама болей чым на паўтары гадзіны.

Перамога ж учора дасталася амерыканцу Мітчэлу Гатры, які пераадолеў баявую дыстанцыю за 4 гадзіны 39 хвілін 8 секунд. Эрык Гочал, аднак, саступіў яму нямнога – толькі 1 хвіліну 9 секунд, заняўшы другое месца. Следам фінішаваў і яго бацька, які адстаў ад Гатры на 5 хвілін 32 секунды, а Эрыку ў генеральнай класіфікацыі саступае 15 хвілін 47 секунд, знаходзячыся на другой пазіцыі. Гатры ж цяпер замыкае першую тройку, 15 хвілін 58 секунд саступаючы малодшаму з Гочалаў.

Маленькая прычына для радасці саудаўскіх фанатаў гонак знайшлася ў панядзелак і ў катэгорыі серыйных SSV, дзе перамогу атрымаў мясцовы гоншчык Ясір Сійдан. На пераадоленне спецучастка яму спатрэбілася 4 гадзіны 57 хвілін 51 секунда. За Хоана Ферэйру, які паказаў другі вынік (у генеральнай класіфікацыі партугалец сёмы), ён быў хутчэйшым на 4 хвіліны 7 секунд, а лідара агульнага заліку Жэрара Фарэса, які замкнуў першую тройку, апярэдзіў на 5 хвілін 24 секунды.

Хіба што за абсалют Сійдан змагаецца даволі ўмоўна, займаючы шостую пазіцыю і адстаючы ад Фарэса амаль на сорак дзве хвіліны. Агульны час самога Фарэса складае 15 гадзін 40 хвілін 2 секунды, свайго галоўнага… дакладней, сваю галоўную пераследніцу Сару Прайс іспанец апярэджвае на 15 хвілін 5 секунд. Амерыканка ўчора фінішавала следам за ім на чацвёртай пазіцыі, саступіўшы пераможцу амаль сем хвілін. Замыкае ж першую тройку агульнага заліку Жэром дэ Садлер, які адстае ад Фарэса на 19 хвілін 41 секунду. На трэцім этапе швейцарац паказаў шосты вынік, болей за дзевяць хвілін саступіўшы Сійдану.

Нарэшце, прыйшло ажыўленне і ў катэгорыю грузавікоў. Чэхі яўна наважыліся не даць спакою экіпажу мінулагодняга пераможца Януса ван Кастэрэна на IVECO. На трэцім нідэрландзец трэцім і фінішаваў, 16 хвілін 10 секунд саступіўшы Алешу Лапрайсу на Празе, які пераадолеў спецучастак за 4 гадзіны 56 хвілін 41 секунду. Яму ж ван Кастэрэн саступіў і лідарства ў абсалюце, апусціўшыся на другую пазіцыю. Адстае ён, праўда, не намнога – усяго на на 3 хвіліны 15 секунд.

А ззаду Януса падганяе суайчыннік Лапрайса Марцін Мацык, які таксама выступае на IVECO і замыкае першую тройку. Лапрайсу ўчора ён саступіў 4 хвіліны 27 секунд, заняўшы другое месца, а ў абсалютным заліку, замыкаючы першую тройку, 13 хвілін 29 секунд саступае Алешу, чый агульны час складае пасля трох этапаў 14 гадзін 41 хвіліну 13 секунд. Дзеля справядлівасці, ван Кастэрэна ўчора падвяла і тэхніка – на машыне здарыўся збег гідраўлічнай вадкасці, праз што нідэрландзец фактычна застаўся без стырнавога ўзмацняльніка. Ну і праколаў, як і многія ўдзельнікі гонкі ўчора, у тым ліку той жа Мацык, ён не пазбег.

Сёння ўдзельнікі «Дакара» выйшлі на старт чацвёртага этапу. З Аль-Саламіі яны перамяшчаюцца ў Аль-Хуфуф. Агульная працягласць шляху не малая і складае 631 кіламетр, хаця спецучастак даволі кароткі – 299-кіламетровы. Але наўрад ці лёгкі, пераважна камяністы і патрабавальны да пісьменнай навігацыі. Аб усіх важных навінах з яго можна будзе даведвацца з Тэлеграм-канала Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты