Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2024: абвастрэнне барацьбы на чацвёртым этапе

Дакар-2024: абвастрэнне барацьбы на чацвёртым этапе

10 студзеня, 10:47
Дакар-2024: абвастрэнне барацьбы на чацвёртым этапе

Фота: A.S.O.

Сорак шостае ралі «Дакар» свае абароты, можна сказаць набрала і пакуль што радуе сваіх прыхільнікаў шчыльнай барацьбой амаль ва ўсіх катэгорыях. Па-свойму цікавымі выходзяць і асобныя этапы, і ўчарашні чацвёрты не стаў выключэннем.

У аўторак удзельнікі марафону рухаліся з Аль-Саламіі ў Аль-Хуфуф, прасоўваючыся на ўсход Саудаўскай Аравіі. За спіной у іх апынуўся 631 кіламетр, з якіх баявымі былі 299. Аднак камяні і перапады вышынь лёгкага жыцця не абяцалі нікому.

Вось і цяпер ужо былы лідар катэгорыі матацыклаў Рос Бранч двойчы не ўправіўся са сваім матацыклам Hero і ўпаў, на шчасце, не атрымаўшы траўм. Хіба што на яго жалезным кані пашкодзілася стырно, але і гэта не абярнулася для гоншчыка з Батсваны катастрофай, і фінішаваў ён паспяхова, чацвёртым, чатыры з паловай хвіліны саступіўшы канкурэнту з завадской каманды Honda Хасэ Ігнасіа Карнэха.

Начо і перамог з вынікам 2 гадзіны 51 хвіліна 11 секунд, а галоўнае для яго тое, што цяпер менавіта ён з часам 17 гадзін 27 хвілін 13 секунд лідзіруе ў генеральнай класіфікацыі. Хаця Бранч, які апусціўся на другую пазіцыю, саступае чылійцу толькі 1 хвіліну 15 секунд. Карнэха ў зоне дасяжнасці і для свайго партнёра па камандзе Рыкі Брабэка, які ідзе трэцім і якога ён апярэджвае на 4 хвіліны 56 секунд.

На ўчарашнім этапе Хасэ Ігнасіа на 2 хвіліны 59 секунд апярэдзіў амерыканца, які заняў другое месца. Замкнуў першую тройку на чацвёртым этапе герой трэцяга з завадской каманды KTM Кэвін Бенавідэс, які саступіў Начо 3 хвіліны 18 секунд. У агульным заліку паміж імі болей за дваццаць з паловай хвілін, аргенцінец займае чацвёртую пазіцыю.

Нарэшце ўспомніў, што такое перамога і трыумфатар «Дакара» 2021 года Мануэль Андухар. Менавіта ён на чацвёртым этапе ўзначаліў пратакол у катэгорыі квадрацыклаў. А заадно, як і ў выпадку з Карнэха, захапіў лідарства ў генеральнай класіфікацыі. З учарашнім спецучасткам аргенцінец справіўся за 3 гадзіны 35 хвілін 6 секунд, на трыццаць дзве секунды апярэдзіўшы яшчэ аднаго фаварыта Александра Жыру, які заняў другое месца.

На другую ж пазіцыю француз падняўся і ў абсалюце, Андухару ён саступае 21 хвіліну 24 секунды. Трэцім ідзе Марчэла Медэйрас, які трэцім жа і фінішаваў у аўторак, адстаўшы ад Андухара на 10 хвілін 36 секунд. Яго адставанне ад Мануэля складае 24 хвіліны 7 секунд, а час самога Мануэля – 21 гадзіну 51 хвіліну 48 секунд.

А вось Юрай Варга на чацвёртым этапе як мінімум часова з кола фаварытаў выбыў. Да фінішу ён дабраўся пятым, прайграўшы Андухару болей за сорак восем з паловай хвілін. У абсалютным заліку славак апусціўся на чацвёрты радок, ад лідара ён адстае болей чым на сорак сем хвілін.

У аўтамабільнай катэгорыі Ultimate першую на гэтым марафоне перамогу нарэшце атрымаў і Себасцьен Лёб. Камяні праблемай для яго гэтым разам не сталі, і на сваім Prodrive Hunter дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі даляцеў да фінішу за 2 гадзіны 36 хвілін 2 секунды. Сэб быў на 1 хвіліну 8 секунд хутчэйшым за лідара агульнага заліку Язіда Аль-Раджы на Таёце HiLux каманды Overdrive Racing, які заняў другое месца. Трэцім стаў Насэр Аль-Ація, які саступіў Лёбу 1 хвіліну 22 секунды і ізноў жа на трэцюю ж пазіцыю ў абсалюце падняўся.

Аль-Раджы, чый час складае 15 гадзін 44 хвіліны 39 секунд, пяціразовы і мінулагодні пераможца «Дакара» саступае 11 хвілін 3 секунды, а Лёб, які ідзе шостым, адстае ад саудаўца амаль на дваццаць чатыры хвіліны. Галоўным жа пераследнікам Аль-Раджы па-ранейшаму з’яўляецца Карлас Сайнс-старэйшы, якога Язід апярэджвае на 4 хвіліны 29 секунд. Учора іспанец з Audi заняў чацвёртае места, саступіўшы Лёбу крыху болей пяці хвілін.

Дзе ўсталявалася пэўная стабільнасць, дык гэта ў катэгорыях SSV. У Challenger, дзе тэхніка падрыхтаваная болей сур’ёзна, працягвае непадзельна ўладарыць малады і рэзкі Эрык Гочал. Магчыма, яго вечная ўсмешка і лёгкае стаўленне да гонкі зрабілі спадарыню Фартуну такой прыхільнай да яго. Вось і чацвёрты этап 19-гадовы паляк выйграў лёгка і нязмушана, справіўшыся са спецучасткам за 2 гадзіны 58 хвілін 28 секунд.

Яго дзядзька Міхал, якому моцна не пашанцавала днём раней і які на перамогу больш не прэтэндуе, паказаў другі час 6 хвілін 10 секунд саступіўшы пляменніку. Ігнасіа Касале таксама далёка ад групы лідараў агульнага заліку (трыццаць трэці, ў трыццаці дзвюх гадзінах ад Эрыка), але гэта ўчора не перашкодзіла яму заняць трэцяе месца. Малодшаму з Гочалаў ён саступіў 14 хвілін 2 секунды.

Чацвёртым у аўторак стаў бацька Эрыка Марэк, які саступіў сыну пятнаццаць хвілін з малым. У генеральнай класіфікацыі паміж імі 30 хвілін 55 секунд, Марэк займае другое месца. Трэцім застаецца Мітчэл Гатры, якога Эрык апярэджвае на 15 хвілін 58 секунд. Учарашні этап амерыканец наўрад ці можа занесці сабе ў актыў – ён паказаў толькі дзясяты вынік, амаль дваццаць з паловай хвілін прайграўшы ўсё таму ж Эрыку.

Статус-кво захоўваецца і ў катэгорыі ўмоўна серыйных SSV. З агульным часам 19 гадзін 10 хвілін 19 секунд лідзіруе тут Жэрар Фарэс, які, відаць, вырашыў залішне не рызыкаваць. Учора іспанец задаволіўся восьмым вынікам, болей за сямнаццаць хвілін саступіўшы пераможцу Хоану Ферэйры. Партугалец, які пераадолеў спецучастак за 3 гадзіны 13 хвілін 9 секунд, пагрозай Фарэсу дакладна не з’яўляецца – у абсалюце ідзе сёмым і адстае болей чым на паўгадзіны.

Следам за Ферэйрай на чацвёртым этапе фінішаваў пераможца трэцяга Ясір Сійдан, які саступіў Хоану 2 хвіліны 48 секунд. Ён Фарэсу таксама не пагражае, ідучы ў абсалюце шостым з адставаннем у дваццаць сем з паловай хвілін. Ну і пра Ксав’е дэ Сультрэ, які заняў учора трэцяе месца, саступіўшы пераможцу 5 хвілін 54 секунды, можна сказаць тое ж самае – француз у абсалюце восьмы, у сарака з паловай хвілінах ад Фарэса.

Хто яшчэ можа Жэрара насцігнуць, дык гэта швейцарац Жэром дэ Садлер. Ён займае другую пазіцыю і саступае іспанцу 14 хвілін 33 секунды, а ў аўторак быў хутчэй – заняў шостае месца, прайграўшы пераможцу роўна дванаццаць хвілін. Дый Радрыга Варэла, які ў генеральнай класіфікацыі ідзе трэцім і адстае ад Жэрара на 19 хвілін 3 секунды, яшчэ можа адыграцца. Пераможцу чацвёртага этапу бразілец саступіў амаль чатырнаццаць з паловай хвілін, заняўшы сёмае месца.

Вось у катэгорыі грузавікоў зараз наогул усё, як мы любім. Ну, амаль, бо прэтэндэнтаў на перамогу магло б быць і паболей. Бо Марцін Мацык, напрыклад, з іх кола на чацвёртым этапе фактычна выпаў, сутыкнуўшыся з праблемамі і фінішаваўшы толькі дзявятым у трыццаці з паловай хвілінах ад пераможца. Якім стаў мінулагодні трыумфатар Янус ван Кастэрэн. Нідэрландцу на пераадоленне спецучастка хапіла 3 гадзіны 49 секунд – на 8 хвілін 32 секунды меней, чым Алешу Лапрайсу, які заняў трэцяе месца.

У генеральнай класіфікацыі чэх цяпер ізноў другі, ван Кастэрэну, чый час складае 17 гадзін 45 хвілін 17 секунд, ён саступае 5 хвілін 17 секунд, таму паміж імі дуэль працягнецца дакладна. А вось Мацык, які застаўся трэцім, прайграе Янусу ўжо 45 хвілін 43 секунды. Зрэшты, суайчыннік ван Кастэрэна Мітчэл ван дэн Брынк, які ўчора заняў другое месца, адстаўшы на 6 хвілін 4 секунды, адстае ад лідара генеральнай класіфікацыі ўжо на паўтары гадзіны, ідучы шостым.

Сёння ўдзельнікі Дакара пераязджаюць з Аль-Хуфуфа ў Шубайту, пераадольваючы 645 кіламетраў. Аднак спецучастак пятага этапу самы кароткі – 118-кіламетровы. Некаторыя з гоншчыкаў на дадзены момант яго, верагодна, ужо завяршылі, пераадолеўшы пяскі Пустой Чвэрці, бо стартавалі надзвычай рана. Затое потым удзельнікаў марафону чакае вельмі арыгінальнае выпрабаванне – 48-гадзінны этап. Што ён будзе сабой уяўляць, я раскажу ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja, у якім таксама паведамлю пра самыя важныя з сённяшніх навін. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты