Дакар-2024: драмы шостага этапу

13 студзеня, 11:24
Дакар-2024: драмы шостага этапу

Звычайна марафонскія этапы на славутым ралі складаліся з двух звычайных, паміж якімі гоншчыкі абыходзіліся без падтрымкі механікаў сваіх каманд, у каго яны былі. Гэтым жа разам арганізатары спаборніцтва зладзілі двухдзённы этап, назваўшы яго 48 H Chrono.

Канечне сорак восем гадзін за стырном і ў сёдлах матацыклаў і квадрацыклаў не праводзіў. Стартаваўшы раніцай у чацвер у 209 кіламетрах ад Шубайты, гоншчыкі адправіліся на спецучасткі. Матацыклы з квадрацыклістамі на 626-кіламетровы, а аўтамабілісты (у тым ліку экіпажы на SSV і грузавіках) – на 549-кіламетровы (арагнізатары развялі катэгорыі, каб штурманы аўтагоншчыкаў не карысталіся слядамі ад мотатэхнікі, якая звычайна стартуе першай), а ў 16:00 барацьба спынілася, і тыя, хто яшчэ быў на дыстанцыі, мусілі былі даехаць да бліжэйшага спецыяльнага бівуака і спыніцца на ім. Ну а раніцай усе працягнулі шлях да фінішу, каму колькі засталося.

Без прыгод гэта зрабіць атрымалася, натуральна, не ва ўсіх. Напрыклад, завадская Хонда фактычна засталася без двух сваіх прадстаўнікоў. Спярша механічныя праблемы ўзніклі на матацыкле Скайлера Хаўса, які спыніўся на трыццаць дзявятым кіламетры. Амерыканец, зрэшты, ад групы лідараў быў далёкі, пасля пятага этапу ішоў трынаццатым, амаль гадзіну саступаючы ўласна лідару. А вось для Пабла Кінтанілы, які напярэдадні якраз перамог і прэтэндаваў на першае месца па выніках усяго ралі, страты аказаліся нашмат болей адчувльнымі.

Паліўная эканамічнасць на шостым этапе стала праблемай наогул практычна для ўсіх. У выніку арганізатары праз гэта нават да 547 кіламетраў скарацілі баявую дыстанцыю для аўтамабіляў. Вось чылійцу бензіна і не хапіла, праз што ён спыніўся на сто восемдзесят чацвёртым кіламетры. Аднак пасля амаль што гадзіннага стаяння з прэтэнндэнтаў на выніковую перамогу выпаў і Пабла. Прыйшлося за яго адыгрывацца яго партнёрам па камандзе.

Лепей за ўсіх гэта зрабіў Адрыен ван Бэверэн, які і перамог, паказаўшы вынік 7 гадзін 57 хвілін 29 секунд. Ён на 4 хвіліны 13 секунд апярэдзіў канкурэнта з KTM Тобі Прайса, які заняў другое месца, і на 5 хвілін 2 секунды свайго паплечніка Рыкі Брабэка, які стаў трэцім.

Апошні ў выніку выйшаў на першую пазіцыю ў абсалютным заліку, дзе яго час складае 27 гадзін 11 хвілін 21 секунду. Аднак былы лідар Рос Бранч, які выступае за Hero, саступае амерыканцу ўсяго 51 секунду. Гоншчык з Батсваны ўчора фінішаваў пятым, больш за дзевяць з паловай хвілін прайграўшы ван Бэверэну, які ў абсалюце ідзе трэцім, у 9 хвілінах 21 секундзе ад Брабэка. Прайс замыкае першую пяцёрку, адстаючы ад Рыкі на дваццаць сем хвілін.

У катэгорыі квадрацыклаў працягваецца супрацьстаянне двух пераможцаў «Дакара» – двхразовага і мінулагодняга Александра Жыру і Мануэля Андухара, які выйграў ралі ў 2021 годзе. Доўгі шосты этап застаўся за французам, які пераадолеў баявыя кіламетры за 9 гадзін 17 хвілін 12 секунд, усяго на 9 секунд апярэдзіўшы аргенцінца. Так што лідарства ў агульным заліку, дзе яго час складае 33 гадзіны 2 хвіліны 44 секунды, Андухар захаваў. Жыру ён апярэджвае на 20 хвілін 10 секунд. Трэцім у 1 гадзіне 25 хвілінах 36 секундах ідзе Марчэла Медэйрас, які трэцім фінішаваў і ў пятніцу, 1 гадзіну 4 хвіліны 4 секунды прайграўшы Жыру.

Галоўнай навінай чацвера ў катэгорыі Ultimate стала аварыя і, як следства, сыход з дыстанцыі на той момант лідара агульнага заліку з каманды Overdrive Racing Язіда Аль-Раджы. Непрыемнасць з саудаўцам здарылася на пяцьдзесят першым кіламетры пасля няўдалага штурму дзюны. Гоншчык і яго штурман Ціма Готшальк траўм, на шчасце, не атрымалі. Але ралі калі і працягнуць у нядзелю, у выпадку, калі іх Таёту ўдасца адрамантаваць, то з велізарным штрафам.

У лідары агульнага заліку, такім чынам, выйшаў быў пяціразовы і мінулагодні пераможца Насэр Аль-Ація, але толькі страціць шанцы на шосты трыумф на наступны дзень. Пасля пяцьсот трыццатага кіламетра на яго Prodrive Hunter узніклі праблемы са стырнавым кіраваннем (загалоўнае фота), якія каштавалі катарцу амаль тры гадзіны. Фінішаваў Аль-Ація ў выніку толькі сямнаццатым, а ў генеральнай класіфікацыі праваліўся на сямнаццатую ж пазіцыю. Ён больш за дзве з паловай гадзіны саступае новаму лідару – Карласу Сайнсу-старэйшаму.

Эль Матадор, дарэчы, выйграваў «Дакар» у 2010 годзе ў складзе Volkswagen, у 2018-м у складзе Peugeot і ў 2020-м у складзе Mini. І цяпер мае нядрэнныя шанцы паўтарыць поспех у 61 год. Яго час у агульным заліку складае 24 гадзіны 59 хвілін 32 секунды, і ён на 20 хвілін 21 секунду апярэджвае свайго партнёра па Audi Маціаса Экстрома, які займае другую пазіцыю. Швед на шостым этапе заняў трэцяе месца, 10 хвілін 55 секунд саступіўшы пераможцу – Себасцьену Лёбу.

Француз пераадолеў спецучастак за 7 гадзін 21 хвіліну 56 секунд, што на 2 хвіліны 1 секунду хутчэй за Сайнса, які заняў другое месца. У генеральнай класіфікацыі двух чэмпіёнаў свету па ралі раздзяляе 29 хвілін 31 секунда, затое дзевяціразовы цяпер займае трэцюю пазіцыю і, напэўна, паспрабуе паспрачацца з двухразовым за выніковую перамогу на ралі.

У катэгорыі Challenger лідар застаўся ранейшым. Хіба што пазбавіўся прыкрыцця ў асобе свайго бацькі Марэка, які на шостым этапе застаўся без задняга дыференцыяла на сваім Taurus T3 Max і сышоў з дыстанцыі. Хаця прыкрыццё гэтае Эрыку Гочалу не надта-та і патрэбнае – з часам 26 гадзін 52 хвіліны 2 секунды ён ужо на 1 гадзіну 2 хвіліны 18 секунд апярэджвае бліжэйшага з пераследнікаў – Мітчэла Гатры, які на шостым этапе замкнуў першую пяцёрку, дваццаць дзве з паловай хвіліны прайграўшы гэтаму ж Эрыку, які перамог з вынікам 7 гадзін 50 хвілін 44 секунды.

Другое месца, саступіўшы 19-гадоваму паляку 15 хвілін 45 секунд, заняў яго дзядзька Міхал, які, зрэшты, пасля праблем на трэцім этапе з кола фаварытаў выпаў і саступае пляменніку больш за дзве гадзіны, ідучы шостым. На трэцюю ж пазіцыю паднялася вядомая чытачам «Гоначнай псіхапатыі» па серыі Extreme E Крысціна Гуцьерэс, якая адстае ад Эрыка Гочала на 1 гадзіну 26 хвілін 34 секунды. Трэцяй іспанка фінішавала і ўчора, саступіўшы паляку 18 гадзін 56 хвілін. На апошніх ста кіламетрах, дарэчы, забарахліла трансмісія яе Таўруса, таму напэўна яе вынік мог бы быць і лепей.

Змяніўся лідар у катэгорыі серыйных SSV. Пасля пятага этапу ім быў Жэром дэ Садлер, але яму не пашанцавала на шостым – праз паломку прываднога валу спераду швейцарац фінішаваў толькі шостым, трыццаць шэсць з паловай хвілін саступіўшы пераможцу Ксав’е дэ Сультрэ, які справіўся са спецучасткам за 8 гадзін 25 хвілін 10 секунд. Аднак генеральную класіфікацыю ўзначаліў не ён, а партнёр дэ Садлера па камандзе MMP Ясір Сійдан, які фінішаваў трэцім. Саудавец саступіў дэ Сультрэ 6 хвілін 15 секунд, а ў абсалюце апярэджвае яго на пяць з паловай хвілін. Ксав’е пры гэтым займае трэцюю пазіцыю.

Другое месца на шостым этапе, прайграўшы французу 3 хвіліны 35 секунд, заняў Хоан Ферэйра, які ў генеральнай класіфікацыі адстае ад Сійдана на сямнаццаць з паловай хвілін, займаючы чацвёртую пазіцыю. А ў абсалюце другой з’яўляецца амерыканка Сара Прайс, якая адстае ад лідара на 2 хвіліны 58 секунд. На шостым этапе яна заняла чацвёртае месца, шэсць з паловай хвілін саступіўшы пераможцу.

На жаль, не стала інтрыгі пасля шостага этапу ў катэгорыі грузавікоў. Цяпер ужо былы лідар і мінулагодні пераможца Янус ван Кастэрэн, які займаў першую пазіцыю напярэдадні, у пятніцу сутыкнуўся з праблемамі ўчора на чатырыста трыццаць шостым кіламетры. Нідэрландзец і ў пясках закапваўся, і праколы лавіў, згубіўшы дзве з паловай гадзіны і праваліўся ў абсалюце на чацвёртую пазіцыю. Так што Марцін Мацык, які, як і ван Кастэрэн, выступае на Iveco Powerstar, перахапіў аднаасобнае лідарства. Яго агульны час пасля шасці этапаў складае 28 гадзін 59 хвілін 18 секунд, а ван Кастэрэн адстае ад яго больш чым на тыя ж дзве з паловай гадзіны.

Чэх жа ў выніку выйграў і на шостым этапе, справіўшыся з яго дыстанцыяй за 8 гадзін 35 хвілін 53 секунды. Ён ажно 1 гадзіну 5 хвілін 41 секунду выйграў у нідэрландца Мітчэла ван дэн Брынка, які заняў другое месца. Суайчыннік Мацыка Алеш Лапрайс, які выступае на Празе, адстаў на 1 гадзіну 12 хвілін 40 секунд, заняўшы трэцяе месца. У абсалюце ён другі, але ад Мацыка яго аддзяляе 1 гадзіна 16 хвілін 42 секунды. Трэцім, саступаючы Марціну 1 гадзіну 49 хвілін 59 секунд, ідзе ван дэн Брынк.

Сёння гоншчыкі, якія ўдзельнічаюць у «Дакары», адпачываюць у Рыядзе. Не адпачываюць іх механікі, у якіх працы за тыдзень набралася шмат. Ну а ў нядзелю барацьба працягнецца. З Рыяду караван удзельнікаў рушыць у Аль-Дувадзімі, пераадолець ён мае агулам 837 кіламетраў. На 483-кіламетровым спецучастку гоншчыкаў апроч традыцыйна складай навігацыі чакаюць каньёны і дзюны. Пра галоўныя падзеі этапу аператыўна можна будзе чытаць у Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты