Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2024: розныя лёсы лідараў на дзясятым этапе

Дакар-2024: розныя лёсы лідараў на дзясятым этапе

18 студзеня, 10:57
Дакар-2024: розныя лёсы лідараў на дзясятым этапе

Фініш ралі «Дакар» 2024 года ўсё бліжэй, і калі ў адных катэгорыях усё здаецца вырашаным, то ў іншых усё яшчэ можа змяніцца самым кардынальным чынам. Некаторыя з фаварытаў гонкі пераканаліся ў гэтым ў сераду падчас вандравання ў наваколлях Аль-Улы.

На закальцаваным 371-кіламетровым спецучастку дзясятага этапу ўдзельнікам марафону прыйшлося катацца і па пясках, і па камянях. Таму шыны ізноў падявргаліся цяжкаму выпрабаванню і часам падвяргалі яму гоншчыкаў.

Рыкі Брабэк, зрэшты, непрыемнасцей пазбег. Лідар катэгорыі матацыклаў, чый агульны час складае 44 гадзіны 45 хвілін 28 секунд, выйграў учора, беспамылкова пераадолеўшы баявую дыстанцыю за 3 гадзіны 51 хвіліна 39 секунд. А галоўным для фаварыта Хонды стала тое, што ён заадно да 10 хвілін 54 секунд павялічыў свой адрыў ад канкурэнта з Hero Роса Бранча.

Батсванец захаваў другую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі, але напэўна не быў задаволены сваім сёмым вынікам у сераду. Брабэку ён саступіў не так і шмат – меней за чатыры хвіліны, але ж саступіў ён іх менавіта Рыкі, з якім спрачаецца за выніковую перамогу. Дый Адрыен ван Бэверэн, які ідзе трэцім з адставаннем ад лідара ў 11 хвілін 46 секунд, падабраўся да Роса на небяспечную адлегласць.

Француз трэцяе ж месца ўчора і заняў, 20 секунд саступіўшы Брабэку, а другім стаў іх партнёр па камандзе Хасэ Ігнасіа Карнэха, які прайграў амерыканцу ўсяго дзве секунды. У абсалютным заліку Начо чацвёрты, ад Рыкі яго аддзяляе амаль чатырнаццаць хвілін.

Ненамнога, але ўсё ж такі перайграў учора свайго адзінага канкурэнта Александра Жыру і лідар катэгорыі квадрацыклаў Мануэль Андухар. Аргенцінец, чый час складае 55 гадзін 56 хвілін 50 секунд, на 2 хвіліны 38 секунд апярэдзіў француза, які заняў другое месца, выйграўшы з вынікам 4 гадзіны 49 хвілін 23 секунды. У абсалюце паміж імі цяпер 8 хвілін 51 секунда.

Юрай Варга на дзясятым этапе ізноў замкнуў першую тройку, прайграўшы Андухару 16 хвілін 17 секунд. Славак па-ранейшаму трэці і ў генеральнай класіфікацыі, але там ад Мануэля яго аддзяляе ўжо 3 гадзіны 24 хвіліны 22 секунды.

Лідару катэгорыі Ultimate Карласу Сайнсу-старэйшаму, чый час пасля дзесяці этапаў складае 41 гадзіну 35 хвілін 12 секунд, учора моцна пашанцавала. Калі Эль Матадор пасля трэцяга пракола застаўся без запасак, яму на дапамогу прыйшлі яго партнёры па Audi Маціас Экстром і Стэфан Петэрансэль, якія падзяліліся з іспанцам коламі.

У выніку двухразовы чэмпіён свету па ралі і трохразовы пераможца «Дакара» згубіў толькі сем хвілін. Яго галоўнаму і таксама, шчыра кажучы, адзінаму канкурэнту Себасцьену Лёбу пашанцавала меней. Дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі таксама злавіў два праколы, прычым яшчэ на ліазоне перад спецучасткам на яго Prodive Hunter зламаўся гідраўлічны дамкрат з левага боку.

Так што фінішаваў француз толькі шаснаццатым, болей за сямнаццаць з паловай хвілін прайграўшы свайму суайчынніку з Overdrive Racing Герлену Шышэры, які з вынікам 3 гадзіны 19 хвілін 27 секунд атрымаў перамогу. Хаця Сайнс прайграў яму ўсё ж такі больш за Лёба – амаль дваццаць пяць хвілін. Іспанец заняў дваццаць другое месца.

Себасцьен у выніку да 13 хвілін 22 секунд скараціў сваё адставанне ад Сайнса, хаця для іх абодвух усё магло б скончыцца і горай. Як мінімум моцна наблізіцца да іх мог бы ўчора гоншчык Таёты Лукас Мараэс, які застаецца трэцім, але ён сам учора выступіў не выбітна (дзеля справядлівасці, таксама праз пракол), заняўшы толькі дванаццатае месца і прайграўшы Шышэры пятнаццаць з паловай хвілін. Ад Сайнса ён адстае на 1 гадзіну 2 хвіліны 44 секунды.

Той жа Шышэры, зрэшты, замыкаючы першую пяцёрку абсалюту, адстае ад лідара ўжо амаль на дзве гадзіны. Ну а тыя, хто з ім учора патрапіў у першую тройку, яшчэ далей ад першай пазіцыі агульнага заліку. Паўднёваафрыканец Браян Барагванат, які выступае на поўнапрывадным Century CR7-T, заняў другое месца, 5 хвілін 43 секунды саступіўшы Герлену. Паміж ім жа і Сайнсам у турнірнай табліцы, дзе Браян трыццаць восьмы, амаль пяцьдзесят пяць гадзін.

У літоўца Бенэдзіктаса Ванагаса, які ў сераду замкнуў першую тройку, 6 хвілін 4 секунды саступіўшы Шышэры, сітуацыя лепей. Ён у генеральнай класіфікацыі замыкае першую дзясятку, адстаючы ад лідара «усяго» на дзве з паловай гадзіны.

Мітчэл Гатры, які з часам 46 гадзін 1 хвліна 50 секунд лідзіруе ў катэгорыі Challenger, відаць па ўсяму, перайшоў у рэжым абароны. Учора амерыканец задаволіўся і шостым месцам, прапусціўшы наперад сваю бліжэйшую пераследніцу Крысціну Гуцьерэс, якая фінішавала пятай. Пераможцу этапу Марчэла Гастальдзі яны саступілі, адпаведна, восем з малым і болей за сем з паловай хвілін. Хаця абое сутыкнуліся і з праколамі, а ў Гатры бліжэй да фінішу ўзніклі праблемы з тармазамі.

Бразілец для Гатры дакладна пагрозай не з’яўляецца – займае ў абсалюце восьмую пазіцыю і адстае на чатыры з паловай гадзіны. Ну а адрыў Мітчэла ад Гуцьерэс скараціўся да 28 хвілін 3 секунд. Франсіска Лопес, які захаваў трэцюю пазіцыю, наогул адстаў ужо на 1 гадзіну 13 хвілін 48 секунд. Чылійцу на дзясятым этапе не пашанцавала, праз механічныя праблемы ён заняў дзевятнаццатае месца, прайграўшы Гастальдзі болей за сорак пяць хвілін.

Бліснуў, але не так ярка, як днём раней, і Нікалас Кавільяса, які заняў другое месца, прайграўшы пераможцу 1 хвіліну 26 секунд. У агульным заліку ён дзявяты, ад Гатры адстае на сем гадзін. Аргенцінец Давід Зіле быў павольнейшым за Гастальдзі на 6 хвілін 33 секунды і замкнуў першую тройку. У генеральнай жа класіфікацыі ён дваццаць дзявяты і апошні, а яго адставанне ад лідара складае болей за восемдзесят гадзін.

Поспех Сары Прайс, якая з вынікам 3 гадзіны 51 хвіліна 19 секунд выйграла дзясяты этап у катэгорыі серыйных SSV, на сітуацыю ў агульным заліку паўплываў слаба. Хаця лідар Ксав’е дэ Сультрэ, чый час складае 48 гадзін 52 хвіліны 42 секунды, фінішаваў учора толькі шостым, амаль на восем хвілін падпусціўшы да сябе амерыканку. Хаця паміж французам і дзяўчынай, якая ідзе другой, засталіся камфортныя для першага 20 хвілін 26 секунд.

Жэром дэ Садлер, які займае трэцюю пазіцыю, на 23 хвіліны 42 секунды адстаючы ад дэ Сультрэ, з’яўляецца пагрозай для Прайс. Швейцарац напярэдадні саступіў ёй толькі дваццаць дзве секунды, заняўшы другую пазіцыю. Трэцім стаў Радрыга Варэла, які адстаў ад Сары на 4 хвіліны 10 секунд. Праз няўдачу на шостым этапе ў агульным заліку бразілец толькі дваццаць трэці, ад лідара ён адстае амаль на пяцьдзесят чатыры гадзіны.

Агульны час лідара катэгорыі грузавікоў Марціна Мацыка пасля дзесяці этапаў складаў 47 гадзін 7 хвілін 48 секунд. І хаця для сваіх пераследнікаў чэх па-за дасягальнасцю, не надта бачна, каб ён запавольваўся. Герту Хузінку на Renault з гібрыднай сілавой устаноўкай, які з вынікам 3 гадзіны 40 хвілін 39 секунд атрымаў учора другую запар перамогу, Мацык саступіў усяго 1 хвіліну 8 секунд, заняўшы другое месца.

У абсалюце Хузінк толькі дванаццаты, Марціну ён прайграе пяцьдзесят восем гадзін. Адставанне ад лідара яго суайчынніка Мішэля Бэкса, які ўчора заняў трэцяе месца, саступіўшы яму дзевяць хвілін, не такое велізарнае – толькі амаль адзінаццаць гадзін. Бэкс пры гэтым займае шостую пазіцыю. Ну а бліжэй за ўсіх да Мацыка яго суайчыннік Алеш Лапрайс, які адстае на 2 гадзіны 6 хвілін 8 секунд. Ён учора заняў чацвёртае месца, 12 хвілін 34 секунда прайграўшы Хузінку.

А вось для яшчэ аднаго нідэрландца Мітчэла ван дэн Брынка дзясяты этап шчаслівым не быў. Праблемы з рухавіком, чатырнаццатае месца і пройгрыш пераможцу амаль гадзіну дакладна не ўваходзілі ў планы маладога гоншчыка. У першай тройцы агульнага заліку ён утрымаўся, хаця ад Мацыка адстае ўжо на 3 гадзіны 31 хвіліну 46 секунд.

Сёння ўдзельнікі «Дакара» нарэшце пакінулі Аль-Улу і накіраваліся ў Янбу, дзе заўтра марафон і фінішуе (будзе яшчэ адзін кальцавы этап). Зараз жа яны пераадольваюць чарговыя 527 кіламетраў, з якіх баявыя 420 па няпростым рэльефе. Пра ўсё самае важнае, што сёння адбудзецца, як мага аператыўна паведаміць Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Фота: A.S.O.

Іншыя пасты блога

Усе пасты