Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2024: гібель і нараджэнне надзей на адзінаццатым этапе

Дакар-2024: гібель і нараджэнне надзей на адзінаццатым этапе

19 студзеня, 09:03
Дакар-2024: гібель і нараджэнне надзей на адзінаццатым этапе

Перадапошні этап галоўнага ралі-марафону года стаў дзесьці вырашальным, а дзесьці і інтрыгоўным. Хаця ў значнай ступені выйсце гонкі ўжо зразумелае.

У чацвер удзельнікі «Дакара» пакінулі Аль-Улу і накіраваліся ў Янбу, пераадолеўшы за дзень 527 кіламетраў, з якіх самымі цяжкімі, вядома, сталі 420, што прыйшліся на спецучасткі. Далёка не ўсе пераадолелі іх без прыгод, а некаторыя і… Аб усім па парадку, зрэшты.

Фаварыты катэгорыі матацыклаў, напрыклад, сваім выступленнем на адзінаццатым этапе ў цэлым могуць быць задаволеныя. Хіба што Росу Бранчу, які перамог з вынікам 4 гадзіны 51 хвілін 57 секунд, хацелася б саступаць у абсалюце яго лідару Рыкі Брабэку меней, чым цяперашнія 10 хвілін 22 секунды.

Амерыканец з Хонды, чый час складае 49 гадзін 37 хвілін 57 секунд, заняў учора другое месца, трыццаць дзве секунды саступіўшы свайму галоўнаму пераследніку з Hero. Так што пераможца 2020 года забяспечыў сабе нядрэнныя шанцы дабіцца і другога трыумфу.

Шанцы на выніковую перамогу захоўвае і партнёр Брабэка па камандзе Адрыен ван Бэверэн, які ў генеральнай класіфікацыі саступае Рыкі 14 хвілін 31 секунду. Трэцім француз стаў і па выніках учарашняга этапу, прайграўшы Бранчу 3 хвіліны 17 секунд.

Блізка адзін ад аднаго і два, бадай, адзіных прэтэндэнта на перамогу ў катэгорыі квадрацыклаў. Лідзіруе там з часам 62 гадзіны 11 хвілін 24 секунды Мануэль Андухар, які ўчора заняў другое месца. Свайму адзінаму, па сутнасці, канкурэнту Александру Жыру, які атрымаў перамогу, пераадолеўшы спецучастак за 6 гадзін 13 хвілін 57 секунд, аргенцінец, зрэшты, саступіў усяго 37 секунд.

Разрыў паміж імі двума перад фінальным этапам складае 8 хвілін 14 секунд. Юрай Варга, які займае трэцюю пазіцыю, адстае ад Андухара ўжо на цэлыя 3 гадзіны 45 хвілін 17 секунд. Учора славак трэцім жа ізноў і фінішаваў, 21 хвіліну 32 секунды саступіўшы Жыру.

Лідар катэгорыі Ultimate Карлас Сайнс-старэйшы, чый час складае 46 гадзін 24 хвіліны 47 секунд, пасля адзінаццатага этапу можа нарэшце выдыхнуць. Фінішаваў Эль Матадор трэцім, 5 хвілін 35 секунд саступіўшы пераможцу Герлену Шышэры, які пераадолеў баявую дыстанцыю за 4 гадзіны 43 хвіліны, хаця мог бы і дзясятым месцам задаволіцца.

Казаць дзякуй двухразовы чэмпіён свету па ралі за гэта мусіць праваму рычагу пярэдняй падвескі Prodrive Hunter дзевяціразовага чэмпіёна свету па ралі Себасцьена Лёба, які зламаўся на сто трыццаць другім кіламетры. Адрамантавацца ў француза атрымалася, але фінішаваў ён толькі трыццаць шостым, амаль што ў палутара гадзінах ад пераможца.

У генеральнай класіфікацыі Себасцьен апусціўся на другую пазіцыю, ад Сайнса ён цяпер адстае на 1 гадзіну 36 хвілін 2 секунды. Хаця паспаборнічаць за другое месца шанцы ў яго захоўваюцца. Пасля адзінаццатага этапу бліжэйшым пераследнікам Сайнса стаў гоншчык Overdrive Racing Гіём дэ Мэвіус, але ён сам адстае ад Карласа на 1 гадзіну 26 хвілін 6 секунд. Другім бельгіец фінішаваў і ўчора, саступіўшы Шышэры 5 хвілін 32 секунды.

У катэгорыі Challenger сітуацыю з часам 51 гадзіна 38 хвілін 6 секунд упэўнена кантралюе лідар Мітчэл Гатры. Бліжэйшая пераследніца Крысціна Гуцьерэс адстае ад яго на 25 хвілін 7 секунд, таму па-джэнтльмэнску прапускаць яе наперад амерыканец можа сабе дазволіць.

Так ён учора і зрабіў, фінішаваўшы шостым і прайграўшы пераможцу сямнаццаць хвілін. Іспанка паказала чацвёрты вынік, чатырнаццаць хвілін саступіўшы лепшаму, які склаў 5 гадзін 19 хвілін 13 секунд. Аўтарам яго стаў Нікалас Кавільяса, які бліснуў і на дзявятым этапе.

За перамогу ў абсалюце, дзе ён дзявяты, аргенцінец не б’ецца, адстаючы ад Гатры амаль на сем гадзін. Тое ж самае тычыцца і Марчэла Гастальдзі, які ўчора саступіў яму 6 хвілін 18 секунд, заняўшы другое месца. Ён у генеральнай класіфікацыі восьмы, амаль у чатырох з паловай гадзінах ад лідара.

Дый Салеху Альсаіфу, які адстаў ад Кавільяса на 9 хвілін 28 секунд, яго трэцяе месца не надта дапамагло – ён у агульным заліку шосты, болей чым у трох з паловай гадзінах ад Гатры. Далёка ад амерыканца, у 1 гадзіне 20 хвілінах 55 секундах, і Рокас Бацюшка. Аднак малады літовец учора хаця б выбраўся на трэцюю пазіцыю. На ўчарашнім этапе ён заняў пятае месца, без малога шаснаццаць хвілін саступіўшы Кавільяса.

Затое вось у катэгорыі серыйных SSV на апошнім этапе за выніковую перамогу вайна пойдзе не на жыццё, а на смерць. Ксав’е дэ Сультрэ, чый час складае 54 гадзіны 35 хвілін 11 секунд, лідарства захаваў, але заняў учора толькі чацвёртае месца, амаль адзінаццаць хвілін саступіўшы пераможцу Жэрому дэ Садлеру, які пераадолеў спецучастак за 5 гадзін 21 хвіліна 36 секунд.

Швейцарац падняўся на другую пазіцыю абсалюту і скараціў адставанне ад француза да 2 хвілін 49 секунд. Дзеля справядлівасці, паспрыяў адраджэнню інтрыгі і штраф у дваццаць хвілін, накладзены на дэ Сультрэ за тое, што ён тройчы не прапусціў на папярэднім этапе яго галоўную канкурэнтку Сару Прайс.

Усяго на дзве секунды павольней за дэ Садлера ўчора быў Жэрар Фарэс, які да пятага этапу быў галоўным прэтэндэнтам на перамогу, а цяпер ідзе ў абсалюце восьмым болей чым у чатырох з паловай гадзінах ад лідара. Крышціана Баціста заняў учора трэцяе месца, саступіўшы дэ Садлеру 4 хвіліны 51 секунду. У генеральнай класіфікацыі ён сёмы, амаль у чатырох гадзінах ад дэ Сультрэ.

Згаданай вышэй Сары Прайс учора не пашанцавала. Праз неаднаразовыя праколы амерыканка фінішавала толькі з адзінаццатым вынікам, болей чым у гадзіне ад дэ Садлера. У агульным заліку Сара апусцілася на чацвёртую пазіцыю, ад дэ Сультрэ яна адстае таксама болей чым на гадзіну. Хаця Ясір Сійдан, які ўчора саступіў пераможцу амаль сорак дзве хвіліны, заняўшы шостае месца і выбраўшыся на трэцюю пазіцыю ў абсалюце, для Сары дасягальны – яго адставанне ад лідара складае 1 гадзіну 3 хвіліны 34 секунды.

У катэгорыі грузавікоў хутчэй за ўсіх – за 5 гадзін 18 хвілін 50 секунд – баявыя кіламетры пераадолеў чэх Алеш Лапрайс, які выступае на Празе. Аднак яго перамога ўжо нічога не вырашала, бо яго адставанне ад яго суайчынніка на IVECO Марціна Мацыка, які лідзіруе з часам 52 гадзіны 31 хвіліна 45 секунд, складае 2 гадзіны 1 хвіліну 1 секунду.

Мацык учора заняў другое месца, 5 хвілін 7 секунд саступіўшы Лапрайсу. Трэцім фінішаваў таксама чэх Яраслаў Вальтр, які выступае на Татры. Ад Лапрайса ён адстаў на 31 хвіліну 49 секунд, а Мацыку ў абсалюце прайграе дзевяноста дзве з паловай гадзіну, займаючы васямнаццатую пазіцыю.

Што да Лапрайса, то ён можа задаволіцца хіба што тым, што яго другое месца яму практычна гарантаванае, бо адставанне ад лідара Мітчэла ван дэн Брынка, які ідзе трэцім, складае 4 гадзіны 27 хвілін 25 секунд. Малады нідэрландзец учора заняў дзявятае месца, гадзіну саступіўшы Алешу.

Сёння ў Янбу «Дакар-2024» і скончыцца. Фінальны этап будзе закальцаваным і адным з самых кароткіх. Агульная яго працягласць складае 328 кіламетраў, з якіх баявымі будуць толькі 175. Удзельнікі пераадольваюць і пяскі, і камяні, але фінішаваць яны будуць ужо хутка, таму раю сачыць за навінамі ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Фота: A.S.O.

Іншыя пасты блога

Усе пасты