Дакар-2024: такі розны фінал

20 студзеня, 10:30
Дакар-2024: такі розны фінал

Сорак шосты ралі-марафон стаў гісторыяй. У пятніцу ўдзельнікі пераадолелі апошнія баявыя кіламетры, але для некаторых яны сталі яшчэ і самымі горкімі.

Традыцыйна апошні этап «Дакара» з’яўляецца і адным з самых кароткіх. Учора ўдзельнікам заставалася пераадолець у наваколлях Янбу ўсяго 328 кіламетраў, з якіх на спецучастак прыйшлося толькі 175. Быццам бы і няшмат, асабліва ў параўнані з тым, што засталося ззаду, але і іх яшчэ трэба было праехаць, і зусім не па аўтабане.

Гошчык KTM Кэвін Бенавідэс, зрэшты, якраз быццам бы па аўтабане каменне і пяскі і пераадолеў, выйграўшы этап з вынікам 1 гадзіна 48 хвілін 40 секунд. Але гэты поспех застаўся для аргенцінца лакальным – у генеральнай класіфікацыі ён заняў чацвёртае месца, амаль трыццаць дзевяць хвілін саступіўшы пераможцу Рыкі Брабэку.

Амерыканец з Хонды заняў на ўчарашнім этапе толькі сёмае месца, тры з паловай хвіліны саступіўшы Бенавідэсу, аднак усе 4 682 баявых кіламетры агулам ён праехаў хутчэй за ўсіх – за 51 гадзіну 30 хвілін 8 секунд. Яго канкурэнт з Hero Рос Бранч саступіў яму 10 хвілін 53 секунды і заняў другое месца. Пры гэтым на апошнім этапе гоншчык з Батсваны паказаў дзявяты вынік, на чатыры хвіліны адстаўшы ад Кэвіна Бенавідэса.

Партнёр Брабэка па камандзе Адрыен ван Бэверэн замкнуў па выніках марафону першую тройку. Рыкі ён саступіў 12 хвілін 25 секунд, а Бенавідэсу на апошнім этапе – паўтары хвіліны заняўшы чацвёртае месца. Трэцім стаў яшчэ адзін Бенавідэс, брат Кэвіна Лусіана, які выступае за Хускварну. Яго вынік быў горш на 1 хвіліну 14 секунд, а ў абсалюце ён заняў сёмае месца, на пяцьдзесят тры з паловай хвіліны адстаўшы ад Брабэка.

Тобі Прайс, партнёр Кэвіна па камандзе, учора саступіў яму роўна адну хвіліну і заняў другое месца. У пратаколе ж усёй гонкі аўстраліец замкнуў першую пяцёрку, адстаўшы ад цяпер ужо двухразовага пераможца на сорак пяць з паловай хвілін.

Мануэлю Андухару, які нарэшце выйграў свой другі «Дакар» у катэгорыі квадрацыклаў, на пераадоленне ўсіх спецучасткаў спатрэбілася 64 гадзіны 16 хвілін 53 секунды. Аргенцінец без адной секунды восем хвілін выйграў у Александра Жыру, які перамог на апошнім этапе з вынікам 2 гадзіны 5 хвілін 14 секунд. Андухар, які заняў другое месца, саступіў пры гэтым французу ўсяго пятнаццаць секунд.

Юрай Варга на фінале марафону ізноў адзначыўся трэцім месцам. Жыру славак саступіў 18 хвілін 23 секунды, а вось ад Андухара ў абсалютным заліку адстаў ужо 4 гадзіны 3 хвіліны 25 секунд. Затое падняўся на ніжнюю ступень подыуму, а гэта, як мы ведаем, таксама каштуе дорага.

Перамога, вядома, усё роўна каштоўней, асабліва калі яна атрымліваецца ў 61 год, як у выпадку з Карласам Сайнсам-старэйшым. Эль Матадор у катэгорыі Ultimate дабіўся ўжо чацвёртага трыумфу з чацвёртым жа вытворцам, з Audi на гэты раз. Для кампаніі з Інгальштадта гэтая перамога тым больш важная, што яна з «Дакара» сыходзіць, закрываючы ўсе свае праграмы на карысць каманды Формулы 1.

Апошні этап двухразовы чэмпіён свету па ралі скончыў з сямнаццатым вынікам, амаль адзінаццаць хвілін саступіўшы свайму да нядаўняга часу ці не адзінаму канкурэнту Себасцьену Лёбу, які напрыканцы выйграў спецучастак з вынікам 1 гадзіна 39 хвілін 41 секунда. Аднак праз сваю няўдачу на папярэднім этапе дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі заняў толькі трэцяе месца, 1 гадзіну 29 хвілін 12 секунд саступіўшы Сайнсу.

Праблемы ў Гіёма дэ Мэвіуса маглі б дапамагчы Себасцьену, але бельгіец з Overdrive Racing учора іх пазбег, заняўшы другое месца і саступіўшы французу ўсяго 5 хвілін 9 секунд. Другім ён стаў і па выніках ралі, на 1 гадзіну 20 хвілін 25 секунд адстаўшы ад Сайнса. Літовец Вайдотас Жала, які выступаў на MINI John Cooper Works Rally Plus каманды X-Raid, на фінальным этапе замкнуў першую тройку, 5 хвілін 21 секунду саступіўшы Лёбу. Але ў абсалюце ён заняў толькі пяцьдзесят другое і апошняе месца, адстаўшы ад Сайнса на сто дзесяць гадзін.

«Дакар» бывае жорсткім і бязлітасным нават да тых, каго, як часам здаецца, палюбіў. Пасля таго, як перад сёмым этапам было аб’яўлена аб дыскваліфікацыі на той момант лідара катэгорыі Challenger Эрыка Гочала, Мітчэл Гатры стаў галоўным прэтэндэнтам на выніковую перамогу. І заставаўся ім да апошняга этапу, на якім мімаволі праявіў джэнтльменства ў адносінах да сваёй галоўнай пераследніцы Крысціны Гуцьерэс.

На сто трыццаць дзявятым кіламетры двенаццатага спецучастка трансмісія на Taurus T3 Max Гатры здрадніцка выйшла з ладу. У выніку амерыканец згубіў гадзіну і фінішаваў дваццаць сёмым і апошнім. Наўрад ці Мітч быў узрадаваны тым, што згубіў толькі адну пазіцыю ў агульным заліку і другое месца па выніках ралі ўсё ж такі заняў. Бо ён мог бы апярэджваць Крысціну Гуцьерэс на 36 хвілін 46 секунд, а не саступаць ёй столькі.

Сама іспанка ўчора задаволілася трэцім месцам, 1 хвіліну 12 секунд саступіўшы Марчэла Гастальдзі, які выйграў этап з вынікам 1 гадзіна 55 хвілін 22 секунды. Другое месца, прайграўшы бразільцу ўсяго дваццаць тры секунды, заняў Салех Альсаіф. Гуцьерэс па выніках усяго ралі, праўда, абодва прайгралі шмат: Альсаіф фінішаваў у трох гадзінах ад іспанкі на шостым месцы, Гастальдзі – на сёмым і амаль у чатырох гадзінах.

Трэцяе ж месца заняў Рокас Бацюшка, які на апошнім этапе саступіў пераможцу чатыры хвіліны, паказаўшы пры гэтым пяты вынік. У абсалюце ж яго адставанне ад Гуцьерэс склала 58 хвілін 47 секунд. Самой Крысціне на пераадоленне баявых 4 605 кіламетраў спатрэбілася 53 гадзіны 59 хвілін 47 секунд. Хаця сама яна напэўна ганарыцца не гэтым, а тым, што стала другой пасля Юты Кляйншміт жанчынай – пераможцай «Дакара».

У катэгорыі серыйных SSV на фінале «Дакара-2024» абышлося без драм, але не без трылеру. У тым сэнсе, што напружанне захоўвалася літаральна да апошніх метраў дыстанцыі. Пасля агульных баявых 56 гадзін 37 хвілін 43 секунд перавага пераможца Ксав’е дэ Сультрэ над Жэромам дэ Садлерам, які заняў другое месца, склала ўсяго 2 хвіліны 25 секунд.

Фінальны этап склаўся на карысць якраз дэ Садлера, які заняў трэцяе месца, 1 хвіліну 11 секунд саступіўшы суайчынніку і партнёру да Сультрэ па камандзе Sébastien Loeb Racing Bardahl Team Фларану Вайсаду, які з вынікам 2 гадзіны 57 секунд атрымаў перамогу. Адставанне дэ Сультрэ, які фінішаваў чацвёртым, перавысіла паўтары хвіліны. Другім жа, роўна ў хвіліне ад Вайсада, фінальны этап скончыў Хоан Ферэйра.

Бразілец праз няўдачу на дзявятым этапе заняў выніковае пятае месца, болей за гадзіну прайграўшы дэ Сультрэ. Вайсад у сваю чаргу замкнуў першую дзясятку, болей чым на адзінаццаць гадзін адстаўшы ад свайго партнёра па калектыве. Ясір Сійдан, які заняў у выніку трэцяе месца, адстаў ад дэ Сультрэ не так значна – на 1 гадзіну 48 хвілін 28 секунд. На апошнім этапе саудавец заняў пятае месца, дзве з паловай хвіліны саступіўшы пераможцу.

У катэгорыі грузавікоў на «Дакары» 2024 года сваю першую перамогу адсвяткаваў Марцін Мацык, які пераадолеў на сваёй IVECO баявыя кіламетры марафону за 54 гадзіны 34 хвіліны 48 секунд. Яго суайчыннік Алеш Лапрайс, які выступае на Празе, заняў другое месца, адстаўшы на 1 гадзіну 54 хвіліны 39 секунд. Менавіта ён з вынікам 1 гадзіна 56 хвілін 41 секунда і выйграў апошні этап.

Мацык пры гэтым задаволіўся і пятым месцам, саступіўшы Алешу амаль шэсць з паловай хвілін. Другое ж месца заняў яшчэ адзін чэх, але які выступае на Татры, Яраслаў Вальтр. Лапрайсу ён саступіў паўтары хвіліны, а Мацыку ў абсалюце – амаль дзевяноста дзве з паловай гадзіны, заняўшы васямнаццатае месца. Замкнуў першую тройку на этапе Янус ван Кастэрэн, чыё адставанне ад Алеша склала 1 хвіліну 44 секунды.

У абсалюце ж мінулагодні пераможца, для якога ўсё пайшло наперакасяк з пятага этапу, прайграў Мацыку амаль пяць з паловай гадзін, заняўшы чацвёртае месца. Таму замыкаць першую тройку прыйшлося яго суайчынніку Мітчэлу ван дэн Брынку, у якога на гэтым «Дакары» таксама было шмат непрыемных прыгод. Лапрайсу на фінальным этапе ён саступіў амаль восем з паловай хвілін, заняўшы сёмае месца, а Мацыку ў абсалютным заліку – 4 гадзіны 29 хвілін 26 секунд.

Мы ж на цэлы год развітваемся з «Дакарам», але не з гонкамі. Ужо на наступным тыдні пачнецца новы сезон чэмпіянату свету па ралі, Формула Е ў той жа Саудаўскай Аравіі, дзе і праходзіў «Дакар», правядзе свае наступныя два этапы. А там нядоўга застанецца чакаць і Формулы 1, і MotoGP, і WEC, і іншых цікавых гоначных серый. Сачыце за публікацыямі ў гэтым блогу і ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Фота: A.S.O.

Іншыя пасты блога

Усе пасты