Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Макс Ферстапен пачаў новы сезон Формулы 1, у дамінуючым стылі выйграўшы Гран Пры Бахрэйна. Як з гэтым жыць?

Макс Ферстапен пачаў новы сезон Формулы 1, у дамінуючым стылі выйграўшы Гран Пры Бахрэйна. Як з гэтым жыць?

3 сакавіка, 12:58
Макс Ферстапен пачаў новы сезон Формулы 1, у дамінуючым стылі выйграўшы Гран Пры Бахрэйна. Як з гэтым жыць?

Фота: formula1.com

А жыць, відаць, прыдзецца як мінімум цэлы сезон. Наўрад ці мы ў бліжэйшыя дзевяць месяцаў пабачым пробліскі нейкай сапраўднай надзеі на інтрыгу ў барацьбе за чэмпіёнства. Хаця зусім без цікавых момантаў не абыдзецца, як не абышлося ўчора ў Бахрэйне.

Давайце шчыра: ніхто з нас і не чакаў, што пераможца першай гонкі будуць зваць не Макс Ферстапен. Усялякае, канечне, здараецца, і ўсе мы памятаем Гран Пры таго ж Бахрэйна 2022 года. Але да старту сезона-2024 Red Bull падышлі ў абсалютна выдатнай форме. І нават скандал з нейкімі меркаванымі непрыстойнымі паводзінамі боса каманды Крысціана Хорнэра скончыўся нічым – усе абвінавачванні з брытанца былі знятыя.

Таму ў гэты ўік-энд шасціразовыя і дзейныя ўладальнікі Кубку канструктараў разам з трохразовым і дзейным чэмпіёнам свету спакойна заняліся любімай справай. І толькі непапраўных аптымістаў або тых, хто толькі ў гэтыя дні пачаў глядзець Формулу 1, маглі ўвесці ў зман хуткасць на свабодных практыках Гран Пры Бахрэйна Даніэля Рыкарда, Льюіса Хэмілтана і Карласа Сайнса і дробныя праблемы са скрыняй перадач на машыне Макса Ферстапена.

Ужо ў кваліфікацыі, гэтым разам пятнічнай, канчаткова стала зразумела, што гаспадар у доме застаўся ранейшы. Ферстапен без праблем заваяваў поўл, хай сабе і не намнога (на 0,228 секунды, калі быць дакладным) апярэдзіўшы канкурэнта з Ferrari Шарля Леклера, які раздзяліў з нідэрландцам першы шэраг. Манэгаск паспрабаваў быў атакаваць Макса на старце гонкі ўчора вечарам, але нават калі б абагнаў яго, плёну гэта не прынесла б.

Вельмі хутка стала заўважнай сапраўдная розніца ў хуткасці паміж імі. У Шарля не было б шанцаў стрымаць Ферстапена, як ён не стрымаў спачатку канкурэнта з Mercedes Джорджа Расэла, які стартаваў трэцім, потым яшчэ аднаго прадстаўніка Red Bull Серхіа Перэса і, нарэшце, і свайго напарніка Карласа Сайнса, які дакочвае за Скудэрыю апошні сезон, і таму надзвычай матываваны.

І менавіта да іспанца на Сахіры ў суботу і была прыцягнутая галоўная ўвага. Пакуль Ферстапен нарошчваў перавагу і спрабаваў не заснуць за стырном, Сайнс рэальна прэтэндаваў на другое месца. Гэта ў Макса атрымлівалася так прышпорваць RB20, што толькі кругавыя яго і бачылі, а вось Перэсу па-ранейшаму бракуе тэмпу. У кваліфікацыі, напрыклад, Чэка паказаў толькі пяты вынік, адну пазіцыю саступіўшы таму ж Сайнсу, а ў гонцы быў хутчэйшым за іспанца толькі некаторы час.

Як і Макс, Серхіа правёў гонку з двума піт-стопамі і з аналагічнай тактыкай – стартам на ўжываным «софце», на Hard на сярэднім адрэзку з наступным пераходам на свежы Soft. Сайнс жа, як і Леклер, таксама стартаваў на ўжыванай гуме мяккага тыпу, але затым два адрэзкі правёў на жорсткіх шынах, якія і далі яму перавагу ў хуткасці перад Перэсам пад канец гонкі.

Карласу быццам бы хапала дыстанцыі для таго, кабы выйсці на дыстанцыю атакі на мексіканца. Але ці то яго шыны на апошніх кругах перасталі працаваць эфектыўна, ці то прыбавіў сам Серхіа, але яму ўдалася стабілізаваць адрыў на ўзроўні дзюх з паловай – трох секунд, і дубль сваёй камандзе ён забяспечыў. Праўда, Ферстапену, які ў выніку наогул заваяваў Вялікі Шлем (перамога ў гонцы, лепшы круг і лідзіраванне ад старту да фінішу) ён пры гэтым саступіў 22,457 секунды.

Сайнс жа, аднак, прынамсі з віду не быў засмучаны сваім трэцім месцам. Ён выконвае нашмат больш важную задачу – працаўладкоўваецца на наступны год. І ў Бахрэйне ён зрабіў важны для гэтага крок, пакінуўшы ззаду Леклера, які фінішаваў чацвёртым. Дзеля справядлівасці, у Шарля былі пэўныя праблемы з машынай – рэдка ў яго атрымлівалася тармазіць без блакіроўкі пярэдніх колаў. Але ж у Карласа атрымлівалася, і званне Гоншчыка дня ён цалкам заслужыў.

Ну а Ферстапен, давайце ўжо таксама справядліва, цалкам заслужыў пяцьдзесят пятую ў кар’еры перамогу. Як няцяжка здагадацца, менавіта ён з 26-цю ачкамі лідзіруе ў чэмпіянаце, становішча ў якім цалкам супадае з вынікамі першай гонцы: Перэс займае другую пазіцыю, у яго 18 балаў, што на тры болей, чым у Сайнса, які замыкае першую тройку. Red Bull, маючы 44 ачкі, узначальвае Кубак канструктараў, Ferrari з 27-мю баламі на другой пазіцыі, Mercedes, у якога 16 ачкоў, трэці. Яго лепшым прадстаўніком учора, заняўшы пятае месца, якраз Расэл і стаў.

Так што бойкі за другія месцы нас у гэтым сезоне чакаюць дакладна, хоць, натуральна, гэта зусім не тое, дзеля чаго мы глядзім гонкі Формулы 1. І я разумею тых, хто за наступнымі этапамі калі і будзе сачыць, то хіба што краем вока. Як я і казаў у перадсезонным прэв’ю, у чэмпіянаце свету зараз ёсць Red Bull і ёсць усе астатнія, а Гран Пры Бахрэйна ўдакладніў, што ёсць наогул Ферстапен і ўсе астатнія.

Што, зрэшты, не забараняе нам чакаць новых гонак, і наступная пройдзе ўжо меней чым праз тыдзень. Набліжаецца святы для мусульман месяц Рамадан, які пачынаецца акурат у наступную нядзелю, таму Гран Пры Саудаўскай Аравіі таксама будзе праходзіць з чацвярга па суботу, 7-9 сакавіка. Таму мы будзем чакаць і сачыць за навінамі адразу праз два Тэлеграм-каналы – Formuła Pieramohi | F1 нашых сяброў і наш уласны, Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты