Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Як было раней – не будзе? Разбіраемся, што азначае перамога каманды Porsche на першым этапе новага сезона WEC

Як было раней – не будзе? Разбіраемся, што азначае перамога каманды Porsche на першым этапе новага сезона WEC

5 сакавіка, 16:29
Як было раней – не будзе? Разбіраемся, што азначае перамога каманды Porsche на першым этапе новага сезона WEC

Фота: fiawec.com

Арганізатары чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць дабіліся свайго – амаль што непераможная Таёта запаволеная так, што цяпер, здаецца, і да подыуму не дабярэцца. Прынамсі, менавіта такое ўражанне склалася пасля гонкі 1812 кіламетраў Катара, што прайшла ў мінулую суботу на трасе Ласаіл і адкрыла новы сезон.

Уласна кажучы, баланс прадукцыйнасці (Balance of Performance, або BoP) увесь час быў ледзь не асновай марафонскіх гонак. Пераможцы і проста хуткія атрымліваюць гандыкапы і прыдушваюцца, больш павольным дазваляецца ўздыхнуць поўнымі грудзьмі і вазіць паменей баласту. Хаця нельга не прызнаваць, што ў WEC апошнім часам ён стаў занадта складаным і не тое, каб прадказальным.

З гэтага года BoP вызначаецца перад кожнай асобнай гонкай. У выпадку з катэгорыяй гіперкараў улічваюцца характарыстыкі трас і дадзеныя, сабраныя раней. Галоўная мэта – зраўнаваць па хуткасці лепшыя уласна гіперкар і прататып LMDh. Пры гэтым на 24 гадзіны Ле Мана, якія з’яўляюцца цэнтральнай і галоўнай гонкай чэмпіянату, прымяняецца наогул свой асобны BoP, бо ўдзельнікі на папярэдніх этапах могуць прыхоўваць свой тэмп.

І вось перад першай гонкай новага сезону арганізатары «нахімічылі» так, што дзейныя чэмпіёны – каманда Toyota – апынуліся ў самым нявыгадным становішчы. Машыны GR010 Hybrid аказаліся самымі цяжкімі, і, напрыклад, дзейныя чэмпіёны з сёмага экіпажа Себасцьен Буэмі, Брэндан Хартлі і Рыючы Хіракава кваліфікаваліся толькі адзінаццатымі. Іх калегам з восьмага экіпажа Майку Конвэю, Камуі Кабаяшы і Ніку дэ Фрысу пашанцавала болей – яны паказалі другі вынік, але канвертаваць яго ў поспех у гонцы не здолелі.

Лепей, зрэшты, маглі б выступіць і поўл-сітары – гоншчыкі пятага экіпажа Porsche Penske Motorsport Мэт Кэмпбэл, Міхаэль Крыстэнсэн і Фрэдэрык Макавецкі. У іх-та тэмпу хапала, але ў пачатку гонкі на іх Porsche 963 узніклі незразумелыя вібрацыі, чым скарыстаўся дзевяноста трэці экіпаж Peugeot TotalEnergies, у складзе якога выступаюць Мікел Йэнсэн, Ніка Мюлер і Жан-Эрык Вэрнь.

На трасе Ласаіл хуткасць нечакана знайшлася і ў іх экстравагантнага Peugeot 9X8 без задняга антыкрыла, якое, зрэшты, ужо на наступным этапе ў Імале ўсё ж такі з’явіцца – інжынеры атрымалі перамогу над дызайнерамі. Так ці інакш пакуль сястрынская дзевяноста чацвёртая машына ўдзельнічала ў стартавай таўханіне, Мюлер, стартаваўшы шостым, не проста прарваўся ў групу лідараў, а на першых кругах сам узначаліў пелатон.

А вось сямёрцы Таёты не пашанцавала – Конвэй стаў адным з пацярпелых у згаданай таўханіне ў першым павароце і адкаціўся назад. Фінішаваў яго экіпаж шостым, а Буэмі, Хартлі і Хіракава наогул замкнулі першую дзясятку, і толькі пасля дыскваліфікацыі дзевяноста трэцяй Peugeot падняліся ў пратаколе на пазіцыю вышэй. Дыскваліфікацыя тая, канечне, стала для французскай каманды непрыемнасцю, але не такой, як падзеі апошніх кругоў.

Кэвін Эстрэ, Андрэ Лотэрэр і Лоўрэнс Вантор на шостай машыне Porsche Penske Motorsport кваліфікаваліся толькі чацвёртымі, аднак непрыемнасцей на першым кругу гонкі пазбеглі, утрымаліся ў лідарскай групе і на другой гадзіне дзесяцігадзіннага заезду (лідары ў ім пераадолелі 335 кругоў або нават больш за 1 815 кіламетраў) перахапілі лідарства ў дзевяноста трэцяй Peugeot, а затым пакрысе нарошвалі перавагу. Якая, праўда, крыху падтала, калі на апошніх кругах Эстрэ прыйшлося наведаць боксы, дзе на яго прататып наклеілі згублены ў кантакце з адной з машын катэгорыі LMGT3 нумар.

Аднак адрыў ад экіпажа Йэнсэна, Мюлера і Вэрня быў такім, што Кэвін захаваў сваё лідарства. У Peugeot, зрэшты, былі б цалкам задаволеныя і другім месцам, але на апошніх кругах дзевяноста трэці гіперкар нечакана запаволіўся. Што дакладна стала прычынай, пакуль невядома, але многія падазраюць, што на апошнім піт-стопе ў бак Peugeot 9X8 залілі замала паліва.

Вэрнь, які ў той момант быў за стырном, паспрабаваў быў дацягнуць да фінішу на электрацязе, што, увогуле, ёсць парушэннем рэгламенту, бо гібрыдны складнік можна задзейнічаць на хуткасці вышэй за 150 км/г. Але, магчыма, экіпаж пазбег бы дыскваліфікацыі, калі б машына даехала да піт-лэйну і закрытага парку. А так дзевяноста трэція пазбавіліся свайго сёмага месца.

Іх няўдача прынесла радасць камандзе Hertz Team JOTA, якая таксама выкарыстоўвае прататыпы Porsche 963 і для якой першы этап новага сезона склаўся зусім не ідэальна. Трыццаць восьмы экіпаж у складзе Джэнсана Батана, Філа Хансана і Олівера Расмусэна прэтэндаваў як мінімум на ачкі, але праз механічныя праблемы пад канец гонкі правёў шмат часу ў боксах і адкаціўся на трыццаць трэцяе месца.

На шчасце, у каманды была і дванаццатая машына, якой кіравалі Уіл Сцівэнс, Калум Айлат і Нарман Нато. Яны цягам практычна ўсёй гонкі спаборнічалі з Peugeot за другое месца і занялі яго, калі французаў насцігла няўдача. Ну а замкнуў першую тройку пяты экіпаж заводскай Porsche Penske Motorsport – хай сабе і не дубль, але ўсё роўна двайны подыум.

Новы сезон WEC у нейкім сэнсе і з вялікай нацяжкай можна лічыць і новай эрай. Ён праходзіць ужо без малодшай катэгорыі прататыпаў LMP2, якая захаваная толькі для Ле Мана, і без катэгорыі LMGTE, якую замяніла LMGT3. Затое гіперкараў стала болей – сюды вярнулася каманда Alpine Endurance Team і прыйшлі абсалютна новыя: BMW M Team WRT, Lamborghini Iron Lynx і Isotta Fraschini.

Апошняя дык наогул пабудавала паўнавартасны гіперкар, але да фінішу першай гонкі Антоніа Сэраваль, Карл Ватана Бэнэт і Жан-Карл Вернэ не дабраліся, сышоўшы з дыстанцыі ў пачатку другой паловы гонкі праз механічныя праблемы. Астатнія навічкі не патрапілі ў першую дзясятку, за выключэннем трыццаць пятага экіпажа Alpine ў складзе Поля-Люпа Шатэна, Фердзінанда Габсбурга-Латрынгена і Шарля Мілезі, якія занялі восьмае месца.

Не абышлося, на жаль, і без страт. Не дабіўшыся хоць якіх-небудзь выразных вынікаў, WEC пакінулі энтузіясты-рамантыкі Джым Глікенхаўз і Колін Колес. Ну і па катэгорыі LMP2 ў чэмпіянаце свету персанальна я ўсё ж такі сумую, хоць цяпер, калі катэгорый засталося толькі дзве, пісаць пра гэтыя гонкі стала натуральна прасцей фізічна. Ну і ці заслугоўвае ўвагі новая – LMGT3, на якую гоншчыкі-хардкоршчыкі быццам бы глядзяць зверху ўніз?Маўляў, гэта не сапраўдныя гоначныя машыны, якімі былі LMGTE – тут дазволеныя і трэкшэн-кантроль, і нават ABS.

Не ведаю, як пойдзе далей, але першы этап менавіта беларусам варта было глядзець хаця б дзеля ўдзелу тут нашага суайчынніка Аляксандра Малыхіна, якому, праўда, прыходзіцца выступаць пад ліцэнзіяй… Сэнт-Кітс і Нэвіса! Але гэта не перашкодзіла яму і яго калегам па дзевяноста другім экіпажы Джоэлем Штурмам і Клаўсам Бахлерам атрымаць у Катары перамогу. Для часткі беларусаў (для мяне, напрыклад) гэта нават удвая прыемней, бо каманда Manthey PureRxing, якую і прадстаўляе беларуска-нямецкае трыа, выступае пад сцягам Літвы.

Якраз Малыхін і зрабіў першы крок да поспеху, калі ў пачатку гонкі абагнаў восемдзесят першы Chevrolet Corvette Z06 LMGT3 каманды TF Sport пад кіраванем Тома ван Ромпэя, які выступае разам з Руі Андрадэ і Чарлі Іствудам. Гэта прынесла Manthey PureRxing лідарства ў катэгорыі, якое, канечне, яшчэ належала абараніць. Аднак і сам Аляксандр, і яго зменшчыкі, якім ён перадаў іх Porsche 911 LMGT3, з гэтай задачай справіліся паспяхова.

Тым больш што пераследнікі ў іх змяніліся – восемдзесят першы экіпаж прыкладна на палове дыстанцыі сышоў. Дваццаць сёмы Aston Martin Vantage каманды Heart of Racing таксама быў хуткім, але Алекс Рыбейрас, які дзеліць машыну з Іэнам Джэймсам і Даніэлем Марцінэлі, на сярэдзіне дыстанцыі дапусціў разварот. Затым экіпаж часткова адыграў страчанае і наблізіўся да канкурэнтаў з Manthey PureRxing, але на дыстанцыю атакі не выйшаў, задаволіўшыся другім месцам. Трэцяе заняў семсот семдзесят сёмы экіпаж каманды D’station Racing у складзе Клемента Мато, Эрвана Бастарда і Марка Сорэнсэна.

Так, дык а які адказ на пытанне, вынесенае ў загаловак? Эра дамінавання Таёты на самой справе скончылася? Больш ці менш дакладна мы будзем ведаць гэта пасля наступнага этапу ў Імале, калі арганізатары чэмпіянату свету ізноў скарэктуюць BoP, што, магчыма, дабавіць японскай камандзе хуткасці.

Пакуль жа яна з 18-цю ачкамі замыкае першую тройку з заліку вытворцаў катэгорыі гіперкараў. Дзякуючы чацвёртаму месцу другога экіпажа Cadillac Racing у складзе Эрла Бамбера, Алекса Ліна і Себасцьена Бурдэ, займае амерыканская марка, у якой 23 ачкі. Лідзіруе ж, маючы 39 балаў, Porsche. Залік гоншчыкаў узначальваюць Лотэрэр, Эстрэ і Вантор, у якіх 38 ачкоў, на адзінаццаць болей, чым у Айлата, Нато і Сцівэнса, якія займаюць другую пазіцыю. Макавецкі, Кэмпбэл і Крыстэнсэн з 24-ма баламі трэція.

Manthey PureRxing, маючы 38 ачкоў, узначальвае камандны залік у LMGT3. Heart of Racing, у якіх 27 балаў, другія, яны на чатыры апярэджваюць D’station Racing, што замыкаюць першую тройку. Тыя ж месцы з той жа колькасцю ачкоў займаюць у сваім заліку і гоншчыкі каманд, якія патрапілі на на подыум першага этапу.

Другі ў італьянскай Імале пройдзе 19-21 красавіка, і яго гонка будзе ўжо стандартнай для WEC – шасцігадзіннай. Але да яе ў сусветным гоначным спорце адбудзецца шмат цікавага, свае сезоны пачнуць у тым ліку Еўрапейская серыя Ле Ман і серыя GT World Challenge Europe. Агляды іх гонак з’явяцца тут і ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja, дзе таксама публікуюцца разнастайныя цікавыя навіны. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты