Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Патагонная Патагонія. Падчас першага этапу чэмпіянату свету па мотакросе ў Аргенціне ўспацелі многія яго ўдзельнікі

Патагонная Патагонія. Падчас першага этапу чэмпіянату свету па мотакросе ў Аргенціне ўспацелі многія яго ўдзельнікі

12 сакавіка, 18:43
Патагонная Патагонія. Падчас першага этапу чэмпіянату свету па мотакросе ў Аргенціне ўспацелі многія яго ўдзельнікі

Фота: mxgp.com

У мінулыя выхадныя ў аргенцінскай Віла Ла Ангастуры стартваў новы сезон MXGP. Намеры перамагаць на першым этапе абазначылі не толькі старыя фаварыты, але і яны таксама.

Перамен у чэмпіянаце свету ў міжсезонні адбылося нямала, і звязаныя яны былі ў асноўным з пераходамі гоншчыкаў у другія каманды або з малодшай катэгорыі MX2 у старэйшую MXGP. Затое і ў малодшай з’явіліся новыя яркія асобы, якія адразу сталі заўважнымі ў пелатоне.

Пасля кваліфікацыйнай гонкі, аднак, выйграўшы яе, прамежкавае лідарства ў чэмпіянаце захапіў быў якраз ужо добра нам вядомы гоншчык каманды Nestaan Husqvarna Factory Racing Лукас Коэнэн. Яго напарнік Кай дэ Вольф быў побач, кваліфікаваўшыся другім, аднак галоўныя нядзельныя заезды для бельгійца і нідэрландца склаліся па-рознаму.

Лукас у першай гонцы стартаваў вельмі нядрэнна, абагнаўшы свайго брата Сашу, які выступае за Red Bull KTM Factory Racing і які выйграў хол-шот, а таксама навічка Red Bull GASGAS Factory Racing Марка-Антуана Расі. Але скончылася для яго ўсё вельмі хутка падзеннем і пашкоджаннем вялікага пальца рукі, праз што Коэнэн не здолеў працягнуць заезд.

А вось Расі, наадварот, усіх здзівіў у добрым сэнсе. Малады француз пасля непрыемнасці Лукаса (Саша, дарэчы, пазней таксама ўпаў, але нічога сабе не пашкодзіў і фінішаваў шостым) захапіў лідарства і пачаў упэўнена кантраляваць гонку, хаця праходзіла яна на непрывычным для яго пакрыцці – жорсткім грунце скальнага паходжання.

Але Марка-Антуану не хапіла досведу і вытрымкі – на адзінаццатым кругу ў апошнім павароце паваліўся і ён, прапусціўшы і свайго напарніка па камандзе Сімона Лангенфельдэра, і прадстаўніка Monster Energy Yamaha MX2 Цібольта Беністана, якога паспрабаваў быў абысці на апошнім кругу. Але ўпаў ізноў, ледзь не заваліўшы яшчэ і дэ Вольфа, які рухаўся следам. Кай, аднак, не толькі ўтрымаўся ў сядле, але і перад самым фінішам у апошнім павароце вырваў у Беністана другую пазіцыю. Першая так і засталася за Лангенфельдэрам.

Няўдалай выйшла першая гонка сезону і для дзейнага чэмпіёна MX2 з заводскага калектыву KTM Андрэа Адама, які праваліў старт і фінішаваў толькі восьмым. Другую гонку італьянец правёў лепей, але не бліскуча, замкнуўшы першую пяцёрку. Хто бліснуў, дык гэта Мікел Хааруп, які з гэтага года выступае за абсалютна новую каманду Monster Energy Triumph Racing.

Датчанін выйграў хол-шот і доўгі час лідзіраваў, спадзяючыся на першым жа этапе прынесці славутам брытанскаму вытворцу і першую перамогу. Яго за чатыры кругі дагнаў Лангенфельдэр, але затым немец сам памыліўся і прапусціў Лукаса Коэнэна. І ўжо ён, не зважаючы на боль, ўдолеў абагнаць Хаарупа, хаця хутка памыліўся, і ізноў апынуўся за спінамі і Мікела, і Сімона, якія таксама абмяняліся пазіцыямі.

Аднак Лукас не здаўся і зноў абагнаў абодвух! Пры гэтым Лангенфельдэру не пашанцавала – ён памыліўся і страціў дзве пазіцыі, прапусціўшы яшчэ і дэ Вольфа. Кай таксама быў хуткім і не без намаганняў, але праціснуў абарону Хаарупа, падняўшыся на другую пазіцыю. Якая пераўтварылася ў першую пасля таго, як Коэнэн ізноў памыліўся ў тым жа самым месцы, дзе і раней!

У выніку Лукас задаволіўся толькі трэцяй пазіцыяй, Хааруп фінішаваў другім, а дэ Вольф выйграў і заезд, і Гран Пры Патагоніі. Лангенфельдэр, які фінішаваў чацвёртым у другой гонцы, заняў другое месца, Хааруп падняўся на ніжнюю ступень подыуму. Кай лідзіруе і ў чэмпіянаце, маючы 56 ачкоў і на шэсць апярэджваючы Лангенфельдэра, які займае другую пазіцыю. Трэці Беністан, у якога 40 балаў. Залік вытворцаў у MX2 з 57-мю ачкамі ўзначальвае Husqvarna, GASGAS адстае на сем балаў і займае другую пазіцыю, Yamaha, у якой 40 ачкоў, замыкае першую тройку.

Гонкі катэгорыі MXGP на аргенцінскім этапе ў параўнанні з малодшай былі больш прадказальнымі, хаця наўрад ці менш падзейнымі. Хаця б дзякуючы таму, што ў барацьбу вярнуліся і чэмпіёны Цім Гайсэр і Джэфры Херлінгс. Славенец з заводскай Хонды нават выйграў кваліфікацыйную гонку, але першая з нядзельных для яго не склалася – у самым пачатку ён упаў у адным з паваротаў, дзе пазней прылёг і Херлінгс.

На шчасце, падзенні абодвух гоншчыкаў, якія толькі залячылі траўмы, не былі сур’ёзнымі, і гонку яны працягнулі. Гайсэр нават здолеў прарвацца на пятую пазіцыю, нідэрландзец з заводскай каманды KTM фінішаваў восьмым. Перамога ж дасталася дзейнаму чэмпіёну з заводскага GASGAS Хорхе Прада, які традыцыйна для сябе пачаў заезд хол-шотам. Яшчэ адзін чэмпіён Рамэн Фэвр, які працягвае выступаць за Kawasaki Racing Team, навязаць іспанцу барацьбу так і не змог, фінішаваўшы другім. Трэцім адмашку клецістым сцягам атрымаў латвійскі гоншчык каманды Standing Construct Honda Паўльс Йонас.

Другі заезд хол-шотам пачаў прадстаўнік заводскай Monster Energy Yamaha Максім Рэно, які ў папярэдняй гонцы фінішаваў чацвёртым. Утрымацца на першай пазіцыі надоўга ў маладога француза, зрэшты, не атрымалася, і ён хутка прапусціў Гайсэра, які наважыўся адыграцца за неідэальную першую гонку. Што і зрабіў, выйграўшы другую і не падпусціўшы да сябе блізка Прада, які фінішаваў другім у дзесяці з паловай секундах ззаду.

Трэцім да фінішу дабраўся Фэвр, які па выніках Гран Пры Патагоніі заняў другое месца. Гайсэру дасталася трэцяе, ну а перамог Прада, які і ў чэмпіянаце лідзіруе з 54-ма ачкамі. Аднак і Рамэн, і Цім, якія займаюць другую і трэцюю пазіцыі адпаведна, адстаюць ад Хорхе ўсяго на тры ачкі! Шчыльна і ў групе лідіраў заліку вытвоцаў, у якім Honda займае першую пазіцыю з 55-цю баламі, на адзін апярэджваючы GASGAS і на чатыры Kawasaki.

Таму як мінімум на першых этапах новага сезона сусветнага мотакроса змены лідараў магчымыя ў любым з залікаў. Магчыма, мы пабачым іх ужо на наступным Гран Пры Іспаніі, які пройдзе ў Мадрыдзе 23-24 сакавіка. Пра ўсе важныя гоначныя навіны, што прыдуць да гэтага, можна будзе пачытаць у Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты