Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/Сабаленка паверыла, нiбыта за яе заўзеў топ-акцёр – але ён даўно падтрымлівае беларускіх палітвязняў і праект сябра Сныцінай

Сабаленка паверыла, нiбыта за яе заўзеў топ-акцёр – але ён даўно падтрымлівае беларускіх палітвязняў і праект сябра Сныцінай

Піяр ўсляпую ад WTA.

Блог — Матчбол
Аўтар — KentYara98
5 студзеня, 19:30
Сабаленка паверыла, нiбыта за яе заўзеў топ-акцёр – але ён даўно падтрымлівае беларускіх палітвязняў і праект сябра Сныцінай

Другая ракетка свету Арына Сабаленка прабілася ў паўфінал турніру катэгорыі WTA-500 у аўстралійскім Брысбене, якім многія тэнісісты адкрываюць новы сезон. У чвэрцьфінале падпiсантка за рэжым была мацнейшая за 18-ю ракетку свету расіянку Дарʼю Касаткіну – 6:1, 6:4.

Пасля матча ў Сабаленкi ўзялi традыцыйны каментарый, падчас якога тэнiсiстцы паведамiлi Сабаленцы, што за яе гульнёй назiрала зорка – i нават нiбыта падтрымлiвала менавiта рэжымнiцу. Тая паспела выразiць радасць, што не ведала пра тое раней, пасля чаго ёй назвалi iмя – Джуд Лоу.

51-гадовы брытанскi акцёр – намiнант на прэмiю «Оскар» за ролi ў фільмах «Таленавіты містэр Рыплі» (1999) i «Халодная гара» (2003), а таксама вядомы па вобразах доктара Уотсана у франшызе «Шэрлак Холмс» Гая Рычы ды выдуманага Папы Рымскага Пiя XIII у серыялах «Малады Папа» (за роль тут Лоу атрымаў «Залаты Глобус») i «Новы Папа». Акцёр сапраўды назiраў за барацьбой Сабаленка i Касаткiнай ў кампаніі свайго 21-гадовага сына Рудзі.

Пачуўшы прозвiшча акцёра, тэнiсiстка паказала радаснае здзiўленне, яшчэ раз падзякавала, што не ведала пра госця перад гульнёй, i прадказальна сказала вялiкi дзякуй за падтрымку – ёй жа да гэтага паведамiлi, нiбыта Лоу заўзеў за яе. Далей тэнiсiстцы паабяцалi арганiзаваць сустрэчу з акцёрам i сказалi, што яна выглядае яго фанаткай. Але ж на гэта Сабаленка ўжо нiчога не адказала – толькi агледзела трыбуны, камусьцi памахала рукою (Лоу цi не Лоу – у той момант яўна было не галоўнае) ды яшчэ весела пасмяялася. Карацей, не склалася адчування, што Сабаленка увогуле ведае, пра каго ёй сказалi – больш падобна, што проста вяла сябе «па этыкеце», тым больш публiка адрэагавала на прозвiшча Лоу вельмi станоўча.

Вiдэа пра тое, як тэнiсiстцы расказваюць пра Лоу, прасунулi ў акаўнце WTA. Сусветнай арганiзацыi жаночага тэнiса, што даўно вiдавочна, пляваць на грамадзянскую пазiцыю тых цi iншых людзей – рэжымнiцу Сабаленка яны пiяраць даўно, ёй нават дапамагалi бегаць ад пытанняў пра падтрымку Лукашэнкi.

Карацей, нiхто з тых, хто прадвiгае iдэю, што Лоу заўзеў за Сабаленку, яўна не вывучаў, цi рэальная гэтая iдэя. А пры вывучэннi становiцца вiдавочным, што нашмат больш шанцаў, што Лоу калi кагосьцi i падтрымлiваў, то Касаткiну – яна наўпрост выказвалася супраць вайны ва Украiне, а акцёр збiраў грошы на дапамогу ўкраiнцам. Але ж гэта далёка не адзiны фактар, чаму складана паверыць, каб Лоу падтрымлiваў прыхiльнiцу беларускага рэжыму.

Акцёр жа даўно i паслядоўна супраць гэтага рэжыму. Спрыяла гэтаму знаёмства Лоу, якое перарасло ў добрае сяброўства, з беларускiм рэжысёрам Мікалаем Халезіным (якi таксама добра сябруе са свабоднай баскетбалiсткай Кацярынай Сныцiнай). Лоу дагэтуль ужо шмат гадоў зʼяўляецца апекуном Беларускага свабоднага тэатра, заснаванага Халезiным.

Упершыню Лоу падтрымаў публiчна падтрымаў вольных беларусаў у 2010-м, калі стаў часткай Глабальнай артыстычнай кампаніі салідарнасці з Беларуссю і запісаў відэазварот. У ім акцёр кажа пра тое, што «свабода слова і свабода творчага выяўлення – гэта выраз радасці ад жыцця, спыніць гэта – значыць спыніць жыццё». У канцы роліка ён прамаўляе фразу «Жыве Беларусь!»

У канцы сакавіка 2011-га Лоу разам з амерыканскім акцёрам Кевінам Спэйсі далучыліся да пікету каля офіса фірмы Grayling, якая тады вяла рэкламную кампанію па прыцягненні замежных карпарацый да інвеставання сродкаў у апошнюю дыктатуру Еўропы. У лістападзе таго ж года брытанец падпісаў і адправiў паштоўкі са словамі падтрымкi беларускiм палітвязням, колькасць якiх пабольшала з-за рэпрэсiй рэжыму пасля свальсiфiкаваных прэзiдэнцкiх выбараў 2010-га i задушаных «сiлавiкамi» акцый пратэсту.

За сваю пазіцыю акцёр патрапіў у «чорны спіс» дзеячаў культуры і мастацтва, пра якіх забаронена было згадваць у дзяржаўных беларускіх СМІ. Як перадаваў Халезін, даведаўшыся пра тое, Лоу «сказаў, што гэта найлепшая навіна, якую ён пачуў за некалькі месяцаў». Але ж пры гэтым другая частка «Шэрлака Холмса» без перашкод выйшла ў беларускiх кiнатэатрах у 2012-м.

У 2013-м Лоу разам з Халезіным зняўся ў кароткаметражным фільме «Стыкоўка» беларускага рэжысёра Уладзіміра Шчэбеня. Халезін і Лоу іграюць двух акцёраў, якія выпадкова сустрэліся ў аэрапорце. Героі гавораць пра акцёрскую прафесію, палітыку і сітуацыю ў свеце. Прычым разумеюць адзін аднаго без перакладчыка, хаця размаўляюць на розных мовах.

Карацей, Сабаленка не варта ўсурʼёз разлiчваць на нi з чаго паабяцаную ёй сустрэчу з Лоу. А вось што дакладна чакае тэнiсicтку – дык гэта сустрэча з суайчыннiцай Вiкторыяй Азаранка, бо яна выйшла ў той жа паўфiнал Брысбена, абыграўшы Алену Астапенку з Латвіі (6:3, 3:6, 7:5).

Іншыя пасты блога

Усе пасты