Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/У пары з Сасновіч гуляе алімпійская чэмпіёнка з Чэхіі – яна тлумачыла, чаму белтэніс не падтрымлівае Украіну падчас вайны

У пары з Сасновіч гуляе алімпійская чэмпіёнка з Чэхіі – яна тлумачыла, чаму белтэніс не падтрымлівае Украіну падчас вайны

«Напалову руская», якую натхняла Шарапава.

Блог — Матчбол
Аўтар — bytribuna com
10 студзеня, 15:51
У пары з Сасновіч гуляе алімпійская чэмпіёнка з Чэхіі – яна тлумачыла, чаму белтэніс не падтрымлівае Украіну падчас вайны

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч рэгулярна выступае ў парным разрадзе, але пастаяннай напарніцы не мае – толькі за 2023-i складала дуэт з васьмю рознымі спартсменкамі. А 2024-ы пачала на турніры ў Адэлаідзе з чарговай партнёркай – вельмі крутой у сваёй справе Кацярынай Сіняковай.

Прадстаўніца Чэхіі да таго шмат гадоў выступала ў пары з калегай па зборнай Барбарай Крэйчыкавай. Разам дзяўчынам удалося з 2018-га па 2023-ы выйграць сем турніраў «Вялікага шлема» (аднойчы US Open і па два разы астатнія), а таксама ўзяць золата АГ у Токіа. Аднак у канцы мінулага года Сінякова захацела ўзяць перапынак у супрацоўніцтве з Крэйчыкавай. Тая прыняла рашэнне калегі, і яны расталіся ў добрых адносінах з перспектывай уз“яднання на АГ-2024, дзе ў парах абедзве тэнісісткі павінны мець пашпарты адной краіны.

Інсайдары паведамлялі, што былая першая ракетка свету ў парным разрадзе Сінякова створыць дуэт з цяперашняй – аўстралійкай Сторм Хантэр. Аднак тэнісістка з Чэхіі ў выніку ўстала ў пару з Сасновіч, якая ў парным рэйтынгу займае толькі 86-е месца. Сама Сінякова там цяпер 13-я.

Новы дуэт цалкам можа будаваць зносіны на рускай мове. Сінякова добра яе ведае, бо нарадзілася ў сям“і чэшскай маці і рускага бацькі – масквіч Дзмітрый Сінякоў нават удзельнічаў у падрыхтоўцы тэнісісткі. Спартсменка таксама не раз бывала ў сталіцы Расіі ў дзядулі і бабулі, а ў ранніх інтэрв“ю наўпрост называла сябе «напалову рускай», з чым звязвала дзіцячае захапленне гульнёй Марыі Шарапавай (з якой потым сустрэлася на корце і перамагла) і свой «байцоўскі характар і рашучасць».

Таксама Сінякову трэніравала расіянка – былая тэнісістка Яўгенія Манюкова. Яны спынілі супрацоўніцтва праз некаторы час пасля пачатку вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. На гэта відавочна паўплывала тое, што ў Манюковай узніклі цяжкасці з атрыманнем віз і, адпаведна, з прысутнасцю на турнірах разам з падапечнай. Цяпер Сінякова працуе з аўстрыйцам Петэрам Хуберам.

У чэрвені 2022-га Сінякова выказалася пра вайну пасля няўдалага матча на «Уімблдоне» – у першым крузе адзіночнага разраду тэнісістка нечакана прайграла польцы Маі Хвалінскай (0:6, 5:7). На прэс-канферэнцыі Сiнякову спыталі пра стаўленне да рашэння WTA не налічваць за турнір рэйтынгавыя ачкі.

«Гэта несправядліва, але ёсць рэчы і горшыя. І маё паражэнне – чорт з ім. Ва Украіне паміраюць людзі – вось гэта вар“яцтва», – заявіла ў адказ тэнісістка.

Далей Сінякова выступіла супраць вайны, аднак пры гэтым не паведаміла, каго лічыць агрэсарам, а паспачувала ў тым ліку і салдатам расійскай акупацыйнай армii.

«Мне б вельмі хацелася, каб вайна скончылася, усе разышліся па дамах і ўсё зноўку стала нармальным. І Украіна, і Расія пакутуюць, бо іх салдатам даводзіцца ваяваць. Тыя, хто ўнізе, не вінаватыя, яны пакутуюць проста таму, што людзі наверсе нешта даказваюць сабе», – заявіла тэнісістка.

Сінякова таксама заявіла, што можа больш не паспець убачыць бабулю з дзядулем (хоць незразумела, што перашкаджае тэнісістцы прыляцець у Маскву для сустрэчы), сказала, што яе бацьку з-за вайны «было вельмі цяжка, але ён нічога не мог зрабіць». Асобна Сінякова выказалася пра расiйскіх і беларускіх тэнісістак, якіх не дапусцілі на «Уімблдон»-2022, і нават ускосна закранула рэаліі беларускага рэжыму.

«Тое, што іх адхілілі, – гэта несправядліва. Спартсмены не вінаватыя. Адна з беларусак падтрымлівае Украіну, яна хацела б размясціць дзе-небудзь украінскі сцяг. Але яна баіцца, што ў яе ўзнікнуць праблемы дома», – заявіла прадстаўніца Чэхіі.

Пра каго казала Сінякова, засталося таямніцай. Мы можам толькі адзначыць, што яе цяперашняя напарніца Сасновіч ні разу публічна не выказвалася ні пра вайну ва Украіне, ні пра рэпрэсіі ў Беларусі. Хiба што ў 2020-м Сасновіч гуляла турніры спачатку ў бела-чырвоным, а затым у чорным камплектах адзення, што было незвычайным для тэнісісткі. Аднак больш чым рэальна, што гэта проста супадзенне.

Што да выступленняў новай пары, Сасновіч і Сінякова на турніры ў Адэлаідзе аказаліся нясеянымі з-за нізкага рэйтынгу беларускай спартсменкі. У 1/8 фіналу турніру дуэту адразу прыйшлося гуляць з другімі сеянымі канадкай Габрыэлай Даброўскай і новазеландкай Эрын Рутліф. Аднак Сасновіч і Сінякова змаглі выйграць на вырашальным тай-брэйку – 6:4, 2:6, 10:8.

А вось на матч чвэрцьфіналу пара па пакуль невядомых прычынах не выйшла. Цікава, што суперніцамі па гульні, якая не адбылася, былі ўкраінкі – дачка запарожцаў Алена Астапенка, якая прадстаўляе Латвію, і дняпранка Людміла Кічанок, якая шмат разоў выказвалася ў падтрымку сваёй краіны ў вайне, а нядаўна прысвяціла выйгрыш турніру «ўкраінскаму народу, які штодня вядзе цяжкую барацьбу».

Іншыя пасты блога

Усе пасты