Tribuna/Футбол/Блогі/Аргенціна амаладзіла склад, не прайграе 36 матчаў і чакае «апошні танец» Леа Месі

Аргенціна амаладзіла склад, не прайграе 36 матчаў і чакае «апошні танец» Леа Месі

Гэтай камандзе па сілах выйсці ў фінал ЧС.

19 лістапада 2022, 18:30
Аргенціна амаладзіла склад, не прайграе 36 матчаў і чакае «апошні танец» Леа Месі

Tribuna.com працягвае серыю матэрыялаў, у рамках якой расказвае, з чым топавыя зборныя падыходзяць да ЧС-2022. Хто патрапіў у заяўку, страты каманд, моцныя бакі і прагноз выступу.

На чарзе – Аргенціна.

Заяўка Аргенціны на ЧС-2022

Пасля мінулага чэмпіянату свету склад «альбіселестэ» даволі сур'ёзна змяніўся, многія легендарныя для аргенцінскага футбола асобы скончылі з футболам ці проста перасталі выклікацца ў зборную. Ліянэль Скалоні прыйшоў у зборную памочнікам Хорхе Сампаолі, а стаў паўнапраўным галоўным трэнерам. Аргенцінскі энтрэнадор выбудаваў зусім новую каманду пасля свайго настаўніка, таму цяпер гэта каманда дзвюх Ліянеляў з сонечнага горада Расарыя.

Значна больш паказальная заяўка на пераможнай Копа Амерыка, дзе і сфармаваўся шкілет зборнай, якая адправілася ў Катар. У ёй амаль не засталося тых, хто выходзіў у фінал на бразільскім ЧС. З сярэбранай каманды Сабельі ў абойме ўсё яшчэ Анхель Ды Марыя і Леа Месі, які едзе на свой пяты Кубак свету.

Аргенцiнцы здолелі сабраць усіх наймацнейшых на гэты момант і абысціся без траўмаў ключавых ігракоў. З сур'ёзных страт вылучаецца толькі Джавані Ло Чэльса, які павінен быць асноўным у тактычнай пабудове Скалоне. Страта адчувальная, але не крытычная, бо ў Ліянэля ёсць кім замяніць гульца «Вільярэала».

Аднавіўся і нават забіў два галы ў гульні з ААЭ Ды Марыя. Вось каго камандзе дакладна не хапала, бо менавіта Анхель з'яўляецца «правай рукой караля» і бярэ на сябе гульню тады, калі нават у Месі не вельмі атрымліваецца. Нагадаем, што Ды Марыя забіў адзіны гол у фінале бразільцам на пераможнай Копе. Прысутнасць Анхеля яшчэ і вельмі сімвалічная, бо ён забіваў пераможныя галы ва ўсіх фіналах зборнай Аргенціны, у якіх удзельнічаў: Алімпіяда-2008, Копа Амерыка-2021 і Фіналісіма супраць Італіі. У фінале ЧС-2014 з немцамі ён не гуляў з-за траўмы. Вяртанне Дыбала таксама добрая навіна, улічваючы, што менавіта Паўла павінен узмацняць атаку з лаўкі запасных.

З нечаканасцяў можна было б адзначыць хіба што адсутнасць Анхеля Карэа, якога трэнер «албіселестэ» часта выклікаў у зборную. Але на днях з'явілася інфармацыя, што ён усё ж заменіць траўміраванага Ніка Гансалеса. А замест Хаакіна Карэа, які таксама атрымаў пашкоджанне, у апошні момант на турнір выклікалі Тыяга Альмаду з «Атланты». У мінулым годзе L’Equipe паставіў яго ў топ-50 самых таленавітых маладых гульцоў свету.

Увогуле, Скалоні не баіцца браць гульцоў, якія маюць няшмат матчаў за зборную, але крута праводзяць гэты сезон. Напрыклад, Мак Алістэр з «Брайтана» і Энца Фернандэс з «Бенфікі».

Занялі другое месца ў адборы, не дайгралі матч з Бразіліяй, маюць самую доўгую бяспройгрышную серыю ў гісторыі

Адборачны турнір каманда прайшла без паражэнняў, бяспройгрышная серыя зараз налічвае 36 матчаў. Да італьянскага рэкорду ўсяго адзін паядынак. Нельга сказаць, што Аргенціна вельмі шмат забівала, у іх 27 галоў, як і ў Эквадора. Бразільцы са сваімі 40 галамі здаюцца на галаву мацнейшымі, але не ўсё так адназначна.

Хаця Бразілія і апярэдзіла галоўных сапернікаў на шэсць ачкоў, але ў вочных сустрэчах так і не перамагала. У Аргенціне згулялі па нулях, а ў Бразіліі матч ператварыўся ў сапраўдны фарс. На 4-й хвіліне гульню спынілі з-за таго, што чацвёра аргенцінцаў з АПЛ не прайшлі кавідны кантроль. Паядынак не працягнулі, а потым нават вырашылі не дагульваць, бо вынік не ўплываў на размеркаванне месцаў.

Лепшымі бамбардзірамі сталі Лаўтара Марцінес і Леа Месі, у іх па 7 галоў, 3 галы ў Анхеля Ды Марыі. Менавіта на гэтую тройцу і ўскладаюцца самыя вялікія надзеі ў Катары.

Галоўны козыр – вядома хто

Тут цяжка быць арыгінальным: Месі для гэтай зборнай альфа і амега. Калі раней у камандзе былі і іншыя сенатары тыпу Маскерана ці Агуэра, то зараз Леа галоўная зорка і галоўны ветэран гэтай каманды (пяты ЧС, нагадаем). Каманда Скалоні заточаная пад Леа, але калі раней каманды Аргенціны падладжвалі пад Месі, таму што ён галоўная зорка – так трэба, а ўсе астатнія аргенцінскія прымы павінны былі падпарадкоўвацца гэтай ідэі, то зараз крыху па-іншаму.

Цяперашні Месі выглядае максімальна арганічна ў ролі лідара калектыву, успомніць хаця б яго прамову перад фіналам Кубка Амерыкі. Яму дастаўляе задавальненне ствараць моманты Лаўтара Марцінесу, адводзячы сабе ролю глыбей. Цяпер ён не проста ілжывая дзявятка, зараз ён больш падобны на аргенцінскага энганчэ, але са сваім пашыраным функцыяналам. На пераможнай Копе Леа разам з калумбійцам Дыясам стаў лепшым бамбардзірам, яны забілі па 4 галы. Але важна, што Месi аддаў 5 галявых перадач, паўдзельнiчаўшы ў 9 галах з 11. У Фіналісіме супраць Італіі Месі не забіваў, але аддаў дзве галявыя на Лаўтара і Дыбалу.

Для Леа гэта будзе «апошні танец», таму матывацыя, якая заўсёды суправаджала Месі, памножыцца яшчэ ў некалькі разоў. У свой час Бернарда Берталучы зняў геніяльнае «Апошняе танга ў Парыжы», а Ліянэль Месі ляціць з Парыжа, каб паказаць сваё апошняе аргенцінскае танга ў Катары.

Арыенціровачны склад: стабільны галкіпер, варыяцыйная паўабарона і пераможнае трыа ў нападзеннi

Варатарская пазіцыя ў камандзе надзейна замацавана за Эміліяна Марцінесам з «Астан Вілы». Ён дэбютаваў у зборнай толькі ў мінулым годзе, калі яму было ўжо 28, але адразу стаў першым нумарам у Скалоні. Эміліяна правёў вельмі прыстойную Копу, дзе выйграў у паўфінале серыю пенальці супраць Калумбіі і стаў лепшым галкіперам турніру.

З абаронай сітуацыя выглядае некалькі заблытанейшай, але ледзь не ўпершыню за многія гады ў Аргенціны ёсць цэнтральныя абаронцы ў росквіце сіл – гаворка ідзе пра Лісандра Марцінеса і Крысціяна Рамера. Лісандра зараз асноўны цэнтрбек у «МЮ» і знаходзіцца ў даволі нядрэннай форме. Рамера з «Тотэнхэма» быў асноўным на КА, але ў апошняй таварыскай сустрэчы з ААЭ не згуляў з-за пашкоджання. Здаровы Крысціян – адназначны асноўны гулец гэтай каманды.

На левым флангу абароны Скалоні мае выбар паміж Тальяфіка з «Ліёна» і Маркасам Акуньяй з «Севільі», але ўлічваючы, што Акунья прайграў канкурэнцыю ў клубе бразільцу Тэлесу, выбар на карысць Тальяфіка больш лагічны. На супрацьлеглым флангу будзе гуляць Маліна з «Атлетыка».

У адсутнасць Ло Чэльса ў паўабароне магчымы сюрпрызы. Калі Скалоні выбера кансерватыўны варыянт, то мы ўбачым у аснове «васьмінога» Дэ Паўля, Парэдэса і Гіда Радрыгеса. Але коўч можа рызыкнуць і даверыць месца ў аснове Энца Фернандэсу, які фантастычна адкрыўся ў «Бенфіке» і ўмее выдатна рухаць мяч наперад, дастаўляючы яго Месі. Менавіта тая функцыя, якой займаўся Ло Чэльса. За Фернандэсам ужо стаіць чарга пакупнікоў, таму яго пераход у топ-клуб толькі пытанне часу і цаны. Таленавітых цэнтральных паўабаронцаў тут хапае, ёсць Паласіяс з «Баера» і Мак Алістэр з «Брайтана», якія могуць надаць камандзе новы імпульс у любы момант.

З тройкай нападзення ўсё зразумела: Месі, Лаўтара і Ды Марыя – першы выбар. Хуліян Альварэс і Паўла Дыбала будуць узмацняць гульню з лаўкі запасных. Менавіта так Паўла забіў свой мяч Італіі ў Фіналісіме, так што ў яго пытанняў да Скалоні ўзнікнуць не павінна. Наймацнейшае звяно Аргенціны ў поўным парадку, нават нягледзячы на ​​познія траўмы Нікаласа Гансалеса і Хаакіна Карэа, іх ёсць каму замяніць. Вопыт Анхеля Карэа спатрэбіцца, а для маладога Альмада гэты шанц такі ж нечаканы, як алкагольнае піва на катарскіх стадыёнах.

Чаго чакаць ад Аргенціны Скалоні

Ад каманды няма такіх звышчаканняў, як у 2010 і 2014 гадах, калі заяўка каманды бліскала імёнамі, нібы начны Буэнас-Айрэс. Прагматычны стыль Скалоні вельмі падыходзіць гэтай камандзе, гэта вам не Пасарэла, Бьелса або Марадона (трэнер), якія заруінілі выдатныя пакаленнi «бела-блакітных» з-за сваёй эксцэнтрычнасці.

Ужо ў першым раўндзе плэй-оф, цалкам магчыма, давядзецца гуляць супраць вельмі моцнай Даніі. Далей сетка можа падрыхтаваць два гістарычныя паядынкі: чвэрцьфінал супраць Нідэрландаў і паўфінал з Бразіліяй. Улічваючы нечаканасці, ужо ў чвэрцьфінале можам убачыць класіку чэмпіянатаў міру Аргенціна – Англія.

Гэтую каманду варта чакаць у фінале ЧС, а далей усё залежыць ад капрызаў лёсу і ад таго, ці з'явіцца ў суперніка свой Марыа Гёцэ.

Прагноз: фінал

***

⚽️Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com

Фота: Li Ying/Tan Jun/Global Look Press; Mutsu Kawamori/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты