Tribuna/Футбол/Блогі/«Ліверпуль» вучыцца жыць без Клопа: вярнулі генія, які прывёў Салаха і Ван Дэйка, купяць яшчэ клуб у Еўропе

«Ліверпуль» вучыцца жыць без Клопа: вярнулі генія, які прывёў Салаха і Ван Дэйка, купяць яшчэ клуб у Еўропе

Алонса і Амарым – фаварыты на пасаду трэнера.

21 сакавіка, 05:39
«Ліверпуль» вучыцца жыць без Клопа: вярнулі генія, які прывёў Салаха і Ван Дэйка, купяць яшчэ клуб у Еўропе

Пасля паражэння ў чвэрцьфінале Кубка Англіі ад «Манчэстэра Юнайтэд» «Ліверпуль» арыентуецца на дзве даты, якія могуць стаць апошнім днём Юргена Клопа ў клубе. Гэта альбо фінал Лігі Еўропы (22 траўня), альбо апошні тур сезона АПЛ (19 траўня).

Пасля гэтага разглядаецца правядзенне святочнага парада па горадзе – нават калі «чырвоныя» не змогуць дадаць у скарбонку трафеяў у сезоне больш нічога да свайго Кубка Лігі. «Ліверпуль» хоча максімальна ўшанаваць Клопа – як аднаго з найлепшых трэнераў у гісторыі клуба.

І імя пераемніка Клопа пакуль вельмі туманнае – таму што «Ліверпуль» у экстраным парадку ў апошнія месяцы выбудоўваў праект новай структуры, у якой галоўны трэнер ужо не будзе мець такога ўплыву на ўнутраныя працэсы.

Уласнікі «Ліверпуля» зрабілі Майклу Эдвардсу прапанову, ад якой ён не змог адмовіцца

Поспехі «Ліверпуля» у эру Юргена Клопа прынята размяркоўваць не толькі на геній галоўнага трэнера і ўменні гульцоў, якія запальвалі на полі. Велізарную ролю адыграў і дэпартамент статыстыкі і пошуку гульцоў, які ў якасці спартыўнага дырэктара да 2022 года ўзначальваў Майкл Эдвардс.

Поспехі Эдвардса відавочныя. Ён спыніў хаатычныя трансферы, перавёў клуб на аналітычныя рэйкі з моцным уплывам статыстыкі і паказаў сябе сапраўдным майстрам перамоваў. Ён прадаў Каўтыньё ў «Барселону» за 135 мільёнаў еўра – і гэтых сродкаў хапіла, каб набыць для новай версіі «Ліверпуля» ключавых – і ўжо культавых для клуба – Алісана і Вірджыла Ван Дэйка.

Таксама ўжо легендай стала тое, як «Ліверпуль» купляў правага вінгера ў 2017 годзе. Юрген Клоп бачыў на гэтай пазіцыі нямецкага талента Юліяна Брандта, але Эдвардс выдаткаваў нямала гадзін, лістоў і графікаў, каб пераканаць усіх у тым, што Мо Салах – гэта ідэальны варыянт для «Ліверпуля».

Доўгі час лічылася, што пры Эдвардсе Ліверпуль увогуле перастаў памыляцца з вялікімі трансферамі. Гэта ўсё ж не так (можна ўспомніць правал з Набі Кейта), але яго найлепшыя спробы як на ўваход, так і на выхад сапраўды ўражваюць:

Але ў 2022 годзе Эдвардс адчуў, што страціў матывацыю, таму вырашыў сысці з клуба, пакуль не стала позна – хоць уласнікі «Ліверпуля» Fenway Sports Group вельмі высока шанавалі яго навыкі.

Настолькі, што пасля таго, як Клоп ужо афіцыйна абвясціў пра сваю адстаўку ў канцы сезона 2023/24, FSG перш за ўсё звярнуліся да Эдвардса з просьбай вярнуцца ў клуб на пасаду спартыўнага дырэктара і ўзначаліць перазагрузку «Ліверпуля» летам.

Майкл першую прапанову адхіліў адразу.

Але ў босаў перад вачыма было некалькі прыкладаў, якія моцна іх трывожылі – як «Арсенал» перажываў страту Венгера і асабліва «Манчэстэр Юнайтэд» у эпоху пасля Алекса Фергюсана. І як і там, і там адсутнасць адэкватнай стратэгіі адкінула гэтыя клубы назад у вельмі канкурэнтнай лізе.

Таксама «Ліверпуль» бачыць і свае праблемы – пасля 2022-га карусель спартыўных дырэктараў выглядала не вельмі самавіта для клуба такога ўзроўню. І хоць летняе акно 2023-га здаецца ўдалым, але ў «Ліверпулі» відавочна не хочуць спадзявацца і далей на волю выпадку ў тыя часы, калі фінансавыя магчымасці асноўных канкурэнтаў на іншым узроўні.

Таму ўласнікі FSG Джон Генры і прэзідэнт кампаніі Майк Гордан не прынялі адмову Эдвардса як канчатковае «не» і асабіста сустрэліся з ім у Бостане. Каб прэзентаваць яму зусім новую пасаду, якую прыдумалі спецыяльна пад яго – галоўны выканаўчы дырэктар FSG па футбольных пытаннях.

Том Вернер, Майк Гордан і Джон Генры

Каб зразумець маштаб: афіцыйная аб'ява Эдвардса на гэтай пасадзе нават не зʼявілася на сайце або ў сацсетках «Ліверпуля» – а адразу на рэсурсах Fenway Sports Group. Майкл атрымаў велізарную ўладу і менавіта таму спакусіўся прапановай, якую не змаглі прапанаваць яму за апошні год «Чэлсі» і «Манчэстэр Юнайтэд».

І, вядома, вялізны шматмільённы кантракт, які не вельмі саступае таму, што атрымлівае сёння сам Юрген Клоп.

Якія далейшыя крокі «Ліверпуля»: возьмуць спартыўнага дырэктара «Борнмута» і шукаюць у Еўропе клуб для пакупкі

«Адным з найважнейшых фактараў у маім рашэнні ёсць жаданне набыць дадатковы клуб, – сказаў Эдвардс пасля прызначэння. – Для захавання канкурэнтаздольнасці неабходныя інвестыцыі і пашырэнне цяперашняга футбольнага партфоліа».

Сярод усіх новых функцый менавіта пошук новага клуба-сатэліта для «Ліверпуля» зацікавіла Эдвардса больш за ўсё. У мінулыя гады ён бачыў прагрэс, які робіць City Group у развіцці ўзаемасувязяў паміж уласнымі клубамі ў сусветным футболе, і хацеў паспрабаваць пайсці па гэтым шляху.

Хаця, вядома, адрозненні будуць прысутнічаць заўсёды, бо ў FSG ніколі не будзе столькі ж грошай. Ужо стала вядома, што на пасаду спартыўнага дырэктара новага набытага клуба хочуць запрасіць дырэктара «Бенфікі» Пэдра Маркеса.

Сам жа клуб плануюць знайсці дзе-небудзь у Еўропе, хаця спачатку разглядалі варыянты з бразільскімі гігантамі. Сёння вырашана сфакусавацца на варыянце мультыклубнай мадэлі з блізкай ментальнасцю.

***

Майк Гордан пасля навін з Эдвардсам разаслаў ліст супрацоўнікам клуба, у якім адзначыў, што «не варта хвалявацца, бо «Ліверпуль» заўсёды будзе заставацца самым вялікім прыярытэтам». Клуб знаходзіўся ў замарожаным стане апошні месяц, але цяпер пакрысе пачынае разварочвацца ў напрамку летніх перамен.

Пакуль самае галоўнае рашэнне Эдвардса – запрашэнне тэхнічнага дырэктара «Борнмута» Рычарда Х'юза. Калісьці яны з Эдвардсам перасякаліся ў «Портсмуце», калі сам Хʼюз быў футбалістам, а Майкл быў маладым аналітыкам. Яны пасябравалі і перанеслі гэты досвед ужо ў момант, калі абодва занялі высокія пасады ў клубах АПЛ.

Менавіта Эдвардс і Хʼюз дамаўляліся аб пераходзе Дамініка Саланкі за 21 млн еўра – відавочна, класны трансфер для «Ліверпуля», які не мог знайсці для маладога талента месца ў складзе. І, як аказалася, нядрэнны трансфер і для «Борнмута», у якім Саланке амаль дарос ужо да ўзроўню зборнай Англіі і, хутчэй за ўсё, пяройдзе летам у іншы клуб за значна большую суму.

Таксама Хʼюз датычны і да трансферу ўкраінца Іллі Забарнага з кіеўскага «Дынама» – сціплы «Борнмут» апярэдзіў шматлікія багацейшыя клубы дзякуючы настойлівасці свайго дырэктара, які бачыў ва ўкраінскім абаронцы не проста таленавітага футбаліста.

Цяпер Забарны – ключавы гулец каманды, які пакуль не прапусціў ні хвіліны ў сезоне АПЛ.

Іншыя трансферы Х'юза таксама вартыя ўвагі – партнёр Забарнага ў лініі абароны Маркас Сенесі быў набыты ўсяго за 14 млн еўра, і ўжо відавочна, што летам ён будзе першым на выхад за шалёныя грошы. Натан Аке, Калум Уілсан і Аран Рэмсдайл – усіх гэтых гульцоў Хʼюз знайшоў за капейкі, а затым прадаў з велізарнай выгадай для клуба.

Але першая задача на сёння і для Эдвардса, і для Хʼюза, пераход якога павінны афіцыйна абвясціць неўзабаве, – гэта пошук новага галоўнага трэнера.

У фаварытах Алонса – але канкурэнцыя ад «Баварыі» шалёная

У «Ліверпулі» узялі паўзу ў вызначэнні галоўнага кандыдата на замену Клопу – але ўжо зараз відавочна, што клуб перш за ўсё замахнецца на Хабі Алонса.

Трэнер «Баера» робіць цуды ў Германіі – працягвае сезон без паражэнняў і па графіку ідзе на атрыманне трэбла (чэмпіянат, Кубак і Ліга Еўропы) з камандай, якая яшчэ ў мінулым сезоне знаходзілася амаль у зоне вылету.

І тое, што Алонса не чужы «Ліверпулю» чалавек, толькі дадае сэнс такому пераходу. Зрэшты, не чужы іспанскі спецыяліст і для «Баварыі», якая таксама знаходзіць у пошуках замены Томасу Тухелю.

Абодва клубы выбралі дыяметральна розную тактыку. «Ліверпуль» зазначыў сваю цікавасць агенту Алонса, але не настойвае на правядзенні перамоваў проста цяпер і лічыць, што на Хабі не трэба ціснуць, пакуль ён і «Баер» не дасягнуць асноўных мэт у сезоне. «Баварыя» наадварот – агрэсіўна падыходзіць да моманту, імкнучыся не толькі больш зацікавіць Алонса, але і яшчэ дэстабілізаваць «Баер» на фінальным адрэзку сезона ў спробе хоць неяк дастаць канкурэнта ў табліцы.

Падключаюцца нават аўтарытэтныя нямецкія медыя – буйны спецыяліст па «Баварыі» Фларыян Плэтанбург у сябе ў твітэры і на профільным Sky Sport пастаянна паведамляе пра «вялікую перавагу «Баварыі», пра актывізацыю перамоваў і ўпэўненасць босаў клуба, што Алонса прыме прапанову».

Іншыя інсайдэры занялі больш асцярожную пазіцыю і пакуль не паведамляюць пра перавагу нейкага клуба – «Ліверпуля», «Баварыі» ці нават «Байера», які будзе імкнуцца захаваць іспанца.

Сярод іншых варыянтаў «Ліверпуль» таксама вызначыў прыблізны пул кандыдатаў, з якімі можа пагаварыць. Гэта Рубен Амарым са «Спортынгу», які атрымаў самую высокую адзнаку ад статыстычнага дэпартамента клуба – усіх уразіла яго праца ў Партугаліі, але ёсць сумневы ў яго хуткай адаптацыі да АПЛ.

Таксама «чырвоныя» разглядаюць Юліяна Нагельсмана – і нямецкі трэнер ужо распавёў, што хоча вызначыцца з уласнай будучыняй да пачатку Еўра – разам з Раберта Дэ Дзэрбі, якога па паведамленнях у прэсе хочуць ледзь не ўсе топклубы Еўропы.

Эдвардса ўжо заўважылі на матчы супраць «Манчэстэр Юнайтэд» – хоць афіцыйна абвешчана, што ён паўнавартасна пачне працу з 1 ліпеня, работа ўжо амаль напэўна кіпіць.

А Клоп працягвае дадаваць сэнс свайму развітальнаму туру з «Ліверпулем» барацьбой за трафеі і шчыра вітае крок клуба па вяртанні Эдвардса. Апошнія гады былі папулярныя версіі, што Майкл сышоў праз канфлікт з немцам, але Юрген гэта зняпраўджвае:

«У нас з Майклам заўсёды былі вельмі добрыя адносіны. Шмат добрых рэчаў адбылося за час, калі мы былі тут разам. Майкл вырашыў паспрабаваць штосьці іншае, але цяпер вярнуўся – і я вельмі шчаслівы.

Хачу бачыць клуб у найлепшым стане пасля таго, як я пайду. І вяртанне Майкла – гэта найлепшае рашэнне. Нашая размова з ім [па вяртанні] была цудоўнай. Мы гаварылі пра многае, пра тое, што я думаю, пра розныя рэчы, пра гульцоў, пра сітуацыю ў клубе, таму што я быў тут увесь час, калі яго не было – што змянілася, а што, магчыма, давядзецца змяніць».

Фота: «Ліверпуль», «Борнмут», «Баварія», Fenway Sports Group

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты