10 прыкметных трансфераў студзеня, якія ўжо адбыліся
Арэнда ван дэ Бека, новая зорка «Барсы» і навічок ПСЖ.
Нягледзячы на тое, што трансфернае акно пачалося не так даўно, еўрапейскія клубы ўжо аформілі нямала цікавых пераходаў, якія заслугоўваюць асобнай увагі.
Вітар Роке → «Барселона»
Каталонскі клуб аформіў трансфер вельмі таленавітага бразільца яшчэ ўлетку, але далучыўся ён да каманды толькі цяпер, у студзені 2024-га.
18-гадовы Вітар Роке ўжо паспеў правесці два матчы за «Барсу» – пакуль не забіваў і толькі пачынае прывыкаць да новай каманды і партнёраў.
Эліф Элмаз → «РБ Лейпцыг»
Без перабольшання легендарны для «Лейпцыга» Эміль Форсберг пакінуў каманду ўзімку (адправіўся ў «Нью-Ёрк Рэд Булс»), але нямецкі клуб ужо знайшоў якасную замену – лідар зборнай Паўночнай Македоніі Эліф Элмаз прыехаў з «Напалі» за 24 млн еўра.
Цiла Керэр → «Манака» (арэнда)
Было зразумела, што Цiла Керэр пакіне «Вест Хэм» у зімовае трансфернае акно.
Здавалася, немец працягне кар'еру ў «Баварыі», якая, па-першае, шукала абаронцу ягонага профілю (гнуткага, які можа згуляць як у цэнтры, так і справа), і ў якой, па-другое, працуе Томас Тухель, пад кіраўніцтвам якога Керэр гуляў у «ПСЖ».
Аднак дамовіцца не ўдалося, а для Керэра хутка знайшлі альтэрнатыву – ён узмацніў «Манака».
Доні ван дэ Бек → «Айнтрахт» Франкфурт (арэнда)
Здавалася, што кар'ера Доні ван дэ Бека можа вярнуцца ў патрэбнае рэчышча пасля прызначэння Эрыка тэн Хага галоўным трэнерам «Манчэстэр Юнайтэд», аднак і тут не склалася.
Нідэрландзец да ўсіх сваіх праблем яшчэ і пакутуе на траўмы. У першай палове бягучага сезона правёў усяго 21 хвіліну ў складзе «МЮ» і зімой зʼехаў шукаць шчасця ў Франкфурт.
Саша Калайджыч → «Айнтрахт» Франкфурт (арэнда)
Саша Калайджыч перайшоў у «Вулверхэмптан» 31 жніўня 2022-га, а ўжо праз тры дні парваў крыжападобныя звязкі калена, пасля чаго так і не змог цалкам прадэманстраваць патэнцыял.
У гэтым сезоне ён нават забіваў у АПЛ, але выйграць канкурэнцыю ў Куньі і Хвана было амаль немагчыма – абодва выглядаюць фантастычна. Таму аўстрыец вярнуўся ў Бундэслігу, дзе ўжо запальваў у складзе «Штутгарта».
Таджон Б'юкенен → «Інтэр»
Хуткі вінгер зарэкамендаваў сябе яшчэ ў «Бруге» і ўсяго за 7 млн еўра перабраўся ў «Інтэр» у студзені.
Цікава, што 24-гадовы Б'юкенен стаў першым канадцам у гісторыі Серыі А.
Лукас Бералда → «ПСЖ»
Яшчэ адзін бразілец, які ў бягучае зімовае трансфернае акно пераехаў у топ-чэмпіянат.
Нягледзячы на тое, што Бералда 20, шматабяцальны цэнтральны абаронца ўжо правёў больш за 50 матчаў за «Сан-Паўлу», быў капітанам зборнай Бразіліі U-19 і знаходзіўся ў шорт-лісце «Баварыі».
«ПСЖ» заплаціў за трансфер 20 млн еўра.
Фабіу Сілва → «Рэйнджэрс» (арэнда)
Памятаеце, як «Вулвз» выдаткаваў 40 млн еўра за 18-гадовага Фабіу Сілву ў 2020-м? Здавалася, хлопец можа стаць сапраўднай зоркай сусветнага футбола, але ён усё яшчэ не раскрыўся.
Яго ўжо адпраўлялі ў арэнду ў «Андэрлехт» і «ПСВ», а гэты сезон ён нават пачынаў асноўным у Англіі. У рэшце рэшт, ён усё яшчэ чакае прарыву і спадзяецца, што пераход у «Рэйнджэрс» паспрыяе ягонаму развіццю.
Махамед-Алі Шо → «Ніца»
Улетку 2022-га «Рэал Сосьедад» таксама паверыў у юнага цэнтрфорварда, які ў той час забіў усяго 4 мячы ў 55 матчах за «Анжэ», і выдаткаваў за яго 11 млн еўра. Нажаль для баскаў француз не змог рэалізавацца ў клубе, нават нягледзячы на сыход Аляксандэра Ісака.
Але адпраўляць у арэнду яго не хацелі – Махамеда-Алі Шо вярнуўся ў Францыю, дзе падпісаў доўгатэрміновы кантракт з «Ніцай». Сума трансферу склала 10 млн. еўра.
Маркас Леанарда → «Бенфіка»
«Бенфіка» за 18 млн еўра адшукала чарговы талент у Паўднёвай Амерыцы – цэнтрфорварда Маркаса Леанарда, які за сезон у «Сантасе» выдаў 25 выніковых дзеянняў (21 +4) у 49 матчах.
Не здзівімся, калі бразілец стане адным з наступных футбалістаў, каго лісабонцы прададуць за вялізныя грошы.
Фота: Arne Dedert/picture alliance/Global Look Press, Joan Valls/Urbanandsport/NurPhoto, elifelmas24/Instagram, AS Monaco, Eintracht Frankfurt, FC Internazionale Milano, Paris Saint-Germain, Glasgow Rangers FC, SL Benfica