Tribuna/Футбол/Блогі/Бензема так і не стаў сваім у зборнай Францыі. Крыўда і адмова падтрымаць каманду ў фінале ЧС – тое, чым ён запомніцца

Бензема так і не стаў сваім у зборнай Францыі. Крыўда і адмова падтрымаць каманду ў фінале ЧС – тое, чым ён запомніцца

Але медаль ЧС-2022 атрымае.

Аўтар — bytribuna com
20 снежня 2022, 20:00
Бензема так і не стаў сваім у зборнай Францыі. Крыўда і адмова падтрымаць каманду ў фінале ЧС – тое, чым ён запомніцца

«Я прыкладаў намаганні і рабіў памылкі, каб быць там, дзе я ёсць сёння, і я гэтым ганаруся! Я напісаў сваю гісторыю, а наша гісторыя канчаецца», – сказаў Карым Бензема ў адносна спакойны панядзелак пасля эмацыйнага фіналу чэмпіянату свету-2022. Так уладальнік «Залатога мяча» абвясцiў, што завяршыў кар'еру ў зборнай Францыі.

У Бензема 97 матчаў за Францыю – без якiх-небудзь значных дасягненняў

Карым дэбютаваў за нацкаманду яшчэ ў 2007 годзе, выйшаўшы на поле ў таварыскім матчы супраць Аўстрыі і забіўшы адзіны мяч у тым матчы. Гэта была яшчэ «старая» Францыя Даменека, дзе справа была не ў поспехах і прэтэнзіях на перамогу, а ў канфліктах і разборках. У выніку Бензема стаў ледзь не адным з галоўных вінаватых правалу на Еўра-2008, а на ЧС-2010 увогуле не паехаў. Але ж вярнуўся на Еўра-2012 з Ларанам Бланам – аддаў абедзве галявыя перадачы ў матчы з Украінай, але ж на гэтым усё.

Пры Дзiдзье Дэшаме форвард таксама застаўся ў камандзе і паехаў на ЧС-2014 у Бразілію – і тады здарыўся вядомы скандал: Бензема ўдзельнічаў у шантажы таварыша па камандзе Мацьё Вальбуэна вiдэазапісам яго сэксу. Толькі ў 2021 годзе суд прызнаў Карыма вінаватым – але і да гэтага ні пра які ўдзел у зборнай, куды Вальбуэна выклікаўся, гаворкі не ішло. Карым не пераносiў гэтага лёгка – у СМІ калоў прэзідэнта Федэрацыі футбола Францыі, прыніжаў Аліўе Жыру, называючы яго «картынгам», а сябе «Формулай-1», намякаў на расісцкія матывы адхілення.

Згоду ўдалося знайсці ў 2021-м – Дэшам перагаварыў з Карымам і вярнуў яго ў склад. На Еўра-2020, праўда, яго 4 галы (з якіх 2 у матчы са Швейцарыяй) не выратавалі ад вылету ўжо ў 1/8. А на ЧС-2022 ён да пачатку турніру атрымаў траўму і з'ехаў з каманды – Францыя дайшла да фіналу без яго ўдзелу.

Так і атрымалася, што дасягненне зборнай, да якога прыклаўся Бензема, – перамога ў Лізе нацый 2020/21. А без форварда каманда за Дэшама была больш паспяховай (фінал Еўра-2016, перамога на ЧС-2018, фінал ЧС-2022), чым з ім (чвэрцьфінал ЧС-2014, 1/8 Еўра-2020).

Бензема не прыехаў на фінал ЧС-2022, нягледзячы на запрашэнне Макрона. Хаця мае права на медаль

Тое, як лёгка Дэшам адмовіўся ад Бензема пасля яго траўмы і адправіў яго дадому, унесла канчатковы раскол паміж нападаючым і зборнай. Marca пісала, што форвард мог бы ўдзельнічаць ва ўсіх стадыях плэй-оф, пры гэтым L'Equipe паведаміў, што ў Бензема напружаныя адносіны з трэнерам і шэрагам гульцоў. Прынамсi, «Рэал» дазволіў Карыму згуляць у фінале ці хаця б прыехаць на яго.

У рэшце рэшт Бензема на фінале хацеў бачыць нават прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, калі верыць міністэрцы спорту Францыі Амелі Удэа-Кастэры. Але, па дадзеных ESPN, футбаліст адхіліў запрашэнне на фінал – і не прыехаў туды.

І хоць гульцы зборнай Францыі адмаўлялі, што адчулі палёгку пасля ад'езду Бензема з каманды (былі і такія інсайды), зборнай сапраўды без яго было камфортней – Жыру і нават Мбапэ на гэтым ЧС не патрабавалі да сябе такога асаблівага стаўлення, як гэта нярэдка здаралася з Карымам. Ён у камандзе заставаўся ў баку ад калектыву – у рэшце рэшт, такія скандалы, як з Вальбуэна, проста так не даруюцца, як бы трэнер і гульцы нi спрабавалі пераканаць усіх у iншым.

Хаця права на медаль гэтага ЧС гулец «Рэала» ўсё роўна мае. Дэшам так і не выключыў форварда з заяўкі на ЧС-2022, а медалі, згодна з рэгламентам, уручаюць усім, хто там быў на першы дзень турніру.

Таму Бензема у гісторыі зборнай Францыі так і застанецца дваякім: з аднаго боку – адным з лепшых нападаючых свайго пакалення, з другога – гульцом, які прынёс камандзе больш скандалаў і праблем, чым карысці. Адным словам – расчараваннем.

Што не адмяняе ягоную веліч у футболе ў цэлым.

Фота: JB Autissier, Robert Michael, Panoramic/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты