Tribuna/Футбол/Блогі/Экс-гульца АПЛ знайшлi мёртвым пасля землятрусу ў Турцыi. За дзень да трагедыі ён забіў пераможны на апошніх секундах

Экс-гульца АПЛ знайшлi мёртвым пасля землятрусу ў Турцыi. За дзень да трагедыі ён забіў пераможны на апошніх секундах

Яго клуб ужо зняўся з чэмпіянату.

Аўтар — bytribuna com
18 лютага 2023, 16:24
Экс-гульца АПЛ знайшлi мёртвым пасля землятрусу ў Турцыi. За дзень да трагедыі ён забіў пераможны на апошніх секундах

6 лютага здарыўся разбуральны землятрус у Турцыі і Сірыі – па стане на 18 лютага ён забраў жыцці амаль 40 тысяч чалавек, таму што штуршкі магнітудай 7,8 пацягнулі за сабой масавыя завалы. Да гэтага часу працягваюцца разборы, таму колькасць тых, каго знайшлi мёртвымi, расце.

Пасля трагедыi ўсе спартыўныя спаборніцтвы ў Турцыі прыпыненыя. Ёсць ахвяры i сярод прафесiйных спартсменаў.

Так, загінуў брамнік «Ені Малацьяспора» з турэцкага Д2 Ахмет Эюп Цюркаслан. Таксама паведамлялася, што пад заваламі апынуліся футбалісты і персанал клуба Д1 «Хатайспор». Гульцы Бурак Аксюз, Бертуг Iлдырым і Керым Аліджы і члены трэнерскага штаба Экрэм Экшыаглу і Асман Атэш, на шчасце, былі выратаваныя.

А вось ганскі паўабаронца, былы гулец АПЛ Крысціян Атсу доўгi час лiчыўся знiклым без вестак. Але ж цуду не адбылося – 18 лютага футбалiста знайшлi мёртвым.

Спачатку ў клубе заявілі, што Атсу знайшлі, але пазней гэта абверглі. Ратавальнікі фіксуюць, што пад заваламі яго дома да гэтага часу шмат жывых

Пра тое, што Атсу і спартыўны дырэктар «Хатайспора» Танер Савут (наконт яго дагэтуль няма звестак) знаходзяцца пад заваламі, стала вядома ўвечары 6 лютага. Прэс-сакратар «Хатайспора» Мустафа Азат заявіў, што прадстаўнікам клуба не ўдалося выйсці на сувязь з гульцом, а яго дом разбураны.

Ужо праз некалькі гадзін выданне A Bola паведаміла, што Атсу знайшлі жывым, але з траўмамі нагі і абцяжараным дыханнем. Гэта пацвердзілi ў клубе, але ўжо праз дзень абверглі. З таго часу амаль два тыднi лёс гульца быў невядомы. З кожнай гадзінай шанцаў на выратаванне станавiлася ўсё меней – на месцы трагедыі тэмпература часам падала да нуля градусаў, што вельмі цяжка пераносіць у такой сiтуацыi.

Абаронца «Хатайспора» Сэм Адэкугбэ распавёў: «Крысціян быў у мяне дома разам з іншымі аднаклубнікамі, мы адпачывалі, а потым яны сышлі. Неўзабаве пасля гэтага адбыўся землятрус».

Наступствы землятрусу ў Хатаі

Жонка Атсу, якi ў Турцыю прыехаў адзiн, расказала: «У апошні раз ён размаўляў з намі ў суботу [4 лютага] раніцай. Дзіўна, што ў клубе спачатку сказалі, што яго знайшлі, а праз 11 гадзін мы ўжо чулі іншае». Жанчына да апошнага верыла, што муж жывы.

Адразу пасля з'яўлення інфармацыі, што футбаліст знаходзіцца пад заваламі, у твітары запусцілі тэг #PrayForAtsu, дзе многія ганскія медыйныя людзі выказвалi падтрымку яго сям'і і спадзявалiся на тое, што Крысціян будзе знойдзены жывым.

Быў асноўным у «Ньюкасле» Бенітэса, гуляў на ЧС, за дзень да трагедыі забіў пераможны на 90+7-й

Толькі месяц таму Крысціяну споўніўся 31 год, а нядаўна ён гуляў у АПЛ. Патрапіўшы ў 17 гадоў у «Порту», ён паспеў нядрэнна праявіць сябе. У 2013 годзе «Чэлсі», які тады ўзначальваў Жазэ Маўрынью, набыў ганца за 3 млн еўра. Але Крысціян за «сініх» гуляў толькі ў таварыскіх матчах. За чатыры гады кантракту з лонданцамі ён пяць разоў адпраўляўся ў арэнду – у «Вітэс», «Эвертан», «Борнмут», «Малагу» і «Ньюкасл».

У складзе «сарок» у яго атрымалася асабліва добра, таму летам 2017-га клуб выкупіў яго за 7,5 млн еўра. Пад кіраўніцтвам Рафаэля Бенітэса ён быў асноўным гульцом «Ньюкасла» (121 матч ва ўсіх турнірах) на працягу трох сезонаў, але з прыходам Стыва Бруса страціў месца ў складзе, у выніку чаго пакінуў клуб у ліпені 2021-га ў статусе свабоднага агента і перайшоў у саудаўскі «Аль-Раед». У АПЛ у Атсу 80 матчаў, 3 галы і 7 асістаў.

З 2012-га па 2019-ы Атсу гуляў за зборную Ганы, быў асноўным на ЧС-2014 і даходзіў з нацыянальнай камандай да фіналу КАН у 2015-м. За сем гадоў згуляў за каманду 64 разы, вызначыўся 10 галамі і 9 асістамі.

У верасні мінулага года Атсу перайшоў у «Хатайспор» – таксама ў статусе свабоднага агента, падпісаўшы кантракт на адзін сезон. З гэтага моманту ён згуляў толькі ў трох матчах (з 17 магчымых), сумарна правёўшы на полі 45 хвілін.

5 лютага у паядынку супраць «Касымпашы» Атсу з'явіўся на полі на 82-й хвіліне. На 90+7-й «Хатайспор» зарабіў штрафны. Атсу падышоў да мяча – і забіў! Так ён прынёс сваёй камандзе перамогу (1:0) над канкурэнтам у барацьбе за выжыванне і забіў дэбютны гол за новую каманду.

6 лютага адбыўся землятрус.

«Хатайспор» не працягне сезон

9 лютага прэзідэнт Федэрацыі футбола Турцыі Мехмет Бююкекшы паведаміў, што «Хатайспор» адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў бягучым розыгрышы турэцкага Д1.

«Мы сустракаліся па Крысціяне Атсу з прэзідэнтам «Хатайспора». Ён сказаў, што з-пад завалаў быў выратаваны цёмнаскуры чалавек, але ён не ведае, ці быў гэта Атсу. Я спадзяюся, што ён знаходзіцца сярод выратаваных людзей.

«Хатайспор» накіраваў нам ліст. У ім паведамляецца, што клуб не будзе гуляць свае матчы ў гэтым сезоне. «Газіянтэп» таксама хоча зняцца з чэмпіянату», – сказаў Бююкекшы.

Знялiся ў вынiку абодва клуба з пацярпелых рэгiёнаў. Чэмпiянат Турцыi плануюць працягнуць без iх, з 17 камандамі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты