Tribuna/Футбол/Блогі/Новую хатнюю форму «Барусіі» распрацаваў звычайны фанат! Гэта вынік бунту супраць PUMA

Новую хатнюю форму «Барусіі» распрацаваў звычайны фанат! Гэта вынік бунту супраць PUMA

На футболцы сілуэт стадыёна і вугальная тэкстура.

12 траўня, 06:45
Новую хатнюю форму «Барусіі» распрацаваў звычайны фанат! Гэта вынік бунту супраць PUMA

Багата еўрапейскіх клубаў прадстаўляюць хатнія формы на новы сезон у летняе міжсезонне, некаторыя – яшчэ ў канцы сезона (напрыклад, перад апошнім матчам). Многія з гэтых прэзентацый суправаджаюцца рэкламнымі кампаніямі з яскравымі фотасесіямі, але ў дортмундскай «Барусіі» сёлета – асаблівы выпадак.

Дызайн хатняй формы «чорна-жоўтых» на новы сезон распрацаваў просты заўзятар каманды.

Фанаты «Дортмунда» паўсталі супраць клуба і PUMA за кубкавую форму ў сезоне 2021/22. Пратэсты далі плён

Варта прызнаць, што PUMA ладна падставіла дортмундскую «Барусію» выглядам кубкавай формы (на матчы Кубка Германіі і еўракубкаў) у сезоне 2021/22.

«Манчэстэр Сіці», «Мілан», «Валенсія», ПСВ і іншыя клубы на кантракце з нямецкім брэндам – усе яны афіцыйна прадставілі свой трэці камплект формы на сезон. Усе, акрамя «Дортмунда».

Як толькі ў сетцы з'явіліся магчымыя варыянты формы, заўзятары дортмундцаў не на жарт разгневаліся праз адсутнасць на форме эмблемы клуба. Фанаты «чмялёў» заўсёды ставілі клуб вышэй за любыя дамоўленасці па рэкламе, маркетынгавыя акцыі і кантракты са спонсарамі, таму адсутнасць эмблемы «Барусіі» на форме выклікала шалёнае абурэнне.

Праз незадаволенасць заўзятараў «Дортмунд» згуляў матч першага раўнда Кубка Германіі ў леташняй кубкавай форме, але ў стартавым матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў так адмазацца магчымасці ўжо не было – пачалі дзейнічаць кантрактныя абавязкі з PUMA. Каманда перайграла «Бешыкташ» на выездзе, але фаны адстойвалі сваё – вывесілі банеры перад вокнамі клубнага офіса з надпісамі: «Крамер (дырэктар па маркетынгу), лагатып BVB – гэта не цацка для вашых бонусаў» і «Хто не шануе эмблему, той няварты» Барусіі».

Часткова вырашыць праблему ўсё ж удалося – у наступных матчах на форму «Дортмунда» ўсё ж вярнуўся лагатып.

Але клуб разам з тэхнічным спонсарам прынялі сур'ёзныя меры, каб цалкам загладзіць віну перад заўзятарамі – зладзілі конкурс, у якім кожны фанат мог намаляваць свой варыянт хатняй формы каманды.

У конкурсе прынялі ўдзел больш за 15 тысяч чалавек. Пераможцу (і новую хатнюю форму) ужо абвясцілі

Конкурс называўся «Design datt Ding» («Дызайн гэтай рэчы»), а яго ўмовы былі максімальна простыя – кожны мог прапанаваць свой варыянт хатняй формы «Барусіі» ў жоўтым або неонава-зялёным колерах на спецыяльна створанай платформе.

За адносна кароткі перыяд часу клуб атрымаў больш за 15 тысяч заявак ад жыхароў 100+ розных краін, але ўжо ў канцы лютага мінулага года абвясціў дзевяць фіналістаў, якіх выбіралі прадстаўнікі журы – дызайнеры нямецкага брэнда, клубныя маркетолагі, а таксама футбалісты-легенды «чорна-жоўтых» Дэдэ і Марка Ройс.

9 фіналістаў:

Зрэшты, пераможцу выбіралі ўжо не прадстаўнікі журы, а фанаты дортмундцаў. Галасаванне доўжылася больш за год, а 10 траўня клуб нарэшце прадставіў форму пераможцы.

Ім стаў Ціма Р.

Чалавек жыве ў горадзе Марль, што ў 40 км ад Дортмунда. Ён распавёў, што пачуў пра конкурс перад абедным перапынкам падчас працы, «выйшаў прагуляцца з сабакам і адразу меў дакладнае ўяўленне, як будзе выглядаць мой варыянт формы».

На футболцы намаляваны сілуэт «Вестфаленштадыёна» – стадыёна дортмундскага клуба, а вугальная тэкстура нагадвае пра карані жыхароў Рурскага рэгіёна. «Стоадсоткавая ідэнтыфікацыя. Гэта сапраўдная хатняя форма. Што робіць хатнія матчы «Барусіі» асаблівымі? Заўзятары, Жоўтая сцяна, стадыён», – пракаментаваў свой дызайн фанат.

Фанаты дортмундцаў ужо даўно точаць зуб на PUMA за «шаблоннасць і адсутнасць крэатыву, якога форма «Барусіі» заслугоўвае» (як і беларусы могуць дзівіцца, што кампанія дагэтуль апранае прыхільніка Лукашэнкі скакуны ў вышыню Максіма Недасекава), таму варыянт Ціма, які перш за ўсё мае эмацыйны складнік, – сапраўдны глыток паветра для спрактыкаваных хейтэраў.

Такой сумеснай акцыі ад дортмундцаў і PUMA няма альтэрнатывы ў еўрапейскім футболе. «Барусія» – адзіны топ-клуб, дызайн хатняй формы якога распрацаваў просты заўзятар.

Ужо 26 траўня пачнецца продаж, форму можна будзе набыць у клубных фан-шопах і анлайн.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты