Tribuna/Футбол/Блогі/Румбуціс прыгожа спеў па-беларуску пра шчасце з футболам і жонкай – але словы лепш не паўтарайце: іх аўтар умее стрэсці за гэта грошай

Румбуціс прыгожа спеў па-беларуску пра шчасце з футболам і жонкай – але словы лепш не паўтарайце: іх аўтар умее стрэсці за гэта грошай

Музыку напісаў адзін з заснавальнікаў «Крамы», у якога трэнер даўно вучыцца.

Аўтар — bytribuna com
25 траўня, 09:01
Румбуціс прыгожа спеў па-беларуску пра шчасце з футболам і жонкай – але словы лепш не паўтарайце: іх аўтар умее стрэсці за гэта грошай

22 траўня ў футбольную перадачу дзяржТБ у якасці эксперта далёка не ўпершыню прыйшоў Людас Румбуціс. Але гэтым разам чэмпіён СССР-1982 у складзе мiнскага «Дынама» і экс-трэнер моладзевай зборнай Беларусі вызначыўся не толькі традыцыйнай кепкай і нават не выхадам на лёд – ён быў напярэдадні праграмы.

У канцы выпуску вядоўцы анансавалі «прэм'еру трэка» Румбуціса. Як аказалася, песня была напісана спецыяльна для 67-гадовага экс-футбаліста. «Спеў на беларускай. Песня пра тое, як мой футбол прайшоў, як я пранёс і любоў да футбола, і каханне да жонкі. Пра жыццё, пра нашае пакаленне чэмпіёнскае. Вельмі ўдзячны тым, хто гэта напісаў», – сказаў Румбуціс перад выкананнем, якое выйшла душэўным (нават калi там была фанаграма).

Мы ж раскажам, каму Румбуціс дзякаваў – гэтых людзей ён назваў услых, ды і ў тытрах іх не забыліся згадаць. Абодва вядомыя ў беларускім творчым асяроддзі – праўда, адзін не з найлепшага боку.

Аўтарам музыкі песні Румбуціса пад назвай «Любоў і шчасце» выступіў 52-гадовы Сяргей Трухановіч. Нотамі і песнямі мінчук пачаў цікавіцца з дзяцінства, а ў ПТВ, дзе вучыўся на чырванадрэўшчыка, трапіў у мясцовы ансамбль і канчаткова зрабіў выбар – стаў гітарыстам і граў нават для «Сяброў». У 1989-м музыка апынуўся часткай гурта «Рокiс», але ў 1992-м калектыў вырашыў памяняць вакаліста, з якім каманда разышлася ў поглядах, – а разам з гэтым змяніць і назву. Так Трухановіч стаў сузаснавальнікам «Крамы», а новы вакаліст Ігар Варашкевіч прынёс ідэю хіта «Бяжы, хлопец» (словы да яго, дарэчы, напісаў вядомы журналіст Зміцер Лукашук, які пазней стаў менеджарам гурта).

Далей былі перамогі на розных фестывалях і нават трапленне ў брытанскія чарты, а сам Трухановіч стаў «Музыкантам года» на «Рок-каранацыі»-1999. Як прызнаваўся музыка, якi рана ажанiўся, увагі ад процілеглага пола хапала, але ён ніколі не разумеў, «навошта лёгкія сувязі, якія могуць скончыцца і трыперам, і сіфілісам, не кажучы ўжо пра СНІД, калі цябе чакае твая жанчына». Таксама былі чужыя Трухановічу і наркотыкі – казаў, што «выклікаць прыток адрэналіну і кайфу трэба не імі, а спортам і іншымі захапленнямі».

Паралельна з «Крамай» Трухановіч пачаў працаваць з яшчэ адным знакавым для беларускага нацыянальнага року гуртом – «Палацам». «Iгра ў «Краме» дае мне рок-н-рольны і блюзавы зарад. У «Палацы» выконваю зусім іншую музыку. Праца ў гэтым гурце мяне ўвесь час натхняе на стварэнне новых мелодый, блізкіх да беларускага фальклору, прымушае ўнікаць у структуру мелодыкі беларускіх народных песень», – распавядаў музыка. Акрамя таго, выдаваў ён і сольныя інструментальныя альбомы.

У 2018-м Трухановіч, якi з «Крамай» перажыў не адну забарону ад беларускага рэжыму, абвясціў пра сыход з гурта пасля чвэрцi стагоддзя супрацы. Патлумачыў гэта музыка знікненнем «творчых і чалавечых узаемаадносінаў» з Варашкевічам. Пасля гэтага Трухановіч выдаў яшчэ адзін сольны інструментальны альбом і засяродзіўся на выкладанні музыкі. У пачатку 2020-га гітарыст паведаміў пра з'яўленне «легендарнага вучня», якім аказаўся Румбуціс – а ў канцы года выклаў відэа з інструментальным выкананнем экс-футбалістам легендарнай We Will Rock You.

У верасні 2022-га на канале Трухановіча з'явіўся вакальны кавер Румбуціса на літоўскую лірычную песню Meilės nėra («Няма кахання»).

Але вернемся ў «Любоў і шчасце» і раскажам пра аўтара тэксту, якім стаў 64-гадовы Леанід Пранчак. Вопытны паэт-песеннік нарадзіўся ў «фамільнай» вёсцы Пранчакі недалёка ад Ляхавічаў і яшчэ падлеткам пачаў друкавацца са сваімі вершамі ў розных газетах, а потым сам стаў працаваць у ляхавіцкай «раёнцы», скончыўшы факультэт журналістыкі БДУ. Паспеўшы засвяціцца на радыё ў Якуціі і на беларускім дзяржТБ, Пранчак у нейкі момант засяродзіўся на рыфмах – стаў штатным аўтарам «Верасоў», а потым і іх салісткі Анжалікі Ялінскай, цяпер вядомай пад прозвішчам Агурбаш.

У 1990-я Пранчак пісаў тэксты пад «дух часу», у якім Беларусь марыла пра незалежнасць і вяртанне гістарычных сімвалаў. У 1990-м Пранчак піша тэкст гімна «Жыве Беларусь!» з пажаданнем беларускаму народу «пад штандарам бел-чырвона-белым век у шчасці жыць». Той твор з музыкай Васіля Раінчыка нават прапаноўваўся ў якасці дзяржгімна. Гэты ж дуэт аўтараў у 1991-м напісаў для Ялінскай «Наўздагон» са словамі пра «нялёгкі шлях, узняўшы горда бел-чырвона-белы сцяг». А ў 1992-м Пранчак піша на тую ж тэму «Пад зоркаю Пагоні». Ужо пры рэжыме Лукашэнкі Пранчак паўдзельнічаў у стварэнні (і быў там мастацкім кіраўніком) прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» блізкага да дыктатара бізнесмена, а пасля кіраўніка беларускага тэніса Аляксандра Шакуціна.

Увогуле на рахунку Пранчака – і п'есы, і вершы для дзяцей у вялікай колькасці, але найбольш вядомы ён песнямі, якіх на яго тэксты напісана, паводле яго ж падлікаў, ажно 800 з лішкам штук (праўда, як мiнiмум трэць з iх нiдзе i нiкiм не выконвалася). Вы напэўна чулі хаця б пару – іх спявала беларуская эстрада некалькіх пакаленняў: «Песняры», «Верасы» і «Сябры», Ірына Дарафеева i Іна Афанасьева, у рэшце рэшт, Алена Ланская. Узяць хаця б «100 гадоў вам у шчасці і радасці жыць» ці «Цiк-так, ходзікі, мне чатыры годзікі». А нехта ўспомніць і «Малады i нежанаты» ці «Калыханку» – не тую, якая з застаўкі перадачы, а «песняроўскую». Ну а «Дразды», выпусціўшы кліп на песню з тэкстам Пранчака ў чэрвені 2022-га, умудрыліся набраць больш за 500 тысяч праглядаў.

Але цытаваць тэкст любога твора Пранчака – што ранейшых, што песнi Румбуціса – мы вам увогуле не раім. У 2018-м выявілася, што паэт заўзята змагаецца за свае аўтарскія правы. За кароткі тэрмін ён падаў каля 50 скаргаў на іх парушэнні – прычым нават вельмі даўнія. У законе аб аўтарскім праве быў устаноўлены тэрмін даўніны ў тры гады – але з моманту выяўлення парушэння аўтарам, і Пранчак пастаянна заяўляў, што знайшоў чарговы прэцэдэнт толькі што. Па словах знаёмых з сітуацыяй людзей, паэт карыстаўся каталогам галоўнай бібліятэкі Беларусі, куды ўносілі згадкі яго прозвішча, «і калупаў», прычым нават у тых выпадках, калі ганарар ужо атрымліваў – проста гэтаму за даўнасцю гадоў не было ніякіх доказаў. У рэжымных судах не маглі ні адмовіць Пранчаку, ні прызначыць кампенсацыю ніжэй за мiнiмум прыкладна ў 120 долараў.

Справа была вiдавочна прыбытковай. Амаль тысячу долараў Прончак тады адсудзіў у прапагандысцкага холдынгу «СБ» за публікацыі з 2000-х у газеце «Беларуская ніва». Мінімальныя грошы паэт атрымаў за «незаконныя» публікацыі ў «Нашай Нiве» за 2006-ы і 2011-ы. У 2019-м прыкладна па 250 долараў Пранчаку дасталася ад прапагандысцкіх «Звязды» і «Мінскай праўды» – за ліст чытачкі і подпіс да фота, дзе ў абодвух выпадках былі прыведзеныя чатыры радкі з «Цік-так, ходзiкі». Столькі ж і нават больш літаратар атрымаў ад некалькіх выдавецтваў, якія адважыліся надрукаваць ягоныя вершы.

У сярэдзіне 2019-га, паводле інфармацыі «Нашай Нiвы», рэжыму настолькі гэта надакучыла, што ў закон менавіта праз дзеянні Пранчака прынялі папраўку, якой знізілі мінімальнае кампенсаванне за парушэнне аўтарскіх правоў у дзесяць разоў. Праўда, гэта літаратара не спыніла – ён, напрыклад, змог заключыць дасудовую дамову на немалую суму з адным выдавецтвам за «неправамернае» друкаванне яго вершаў аж у 2000 годзе.

Поспех у справах пакінуў Пранчака толькі ў канцы 2019-га – той падаў пазоў за размяшчэнне свайго верша на дзяржсайце ў 2013-м, але лукашэнкаўскія суддзі звярнулі ўвагу, што літаратар «рэгулярна ажыццяўляе маніторынг інтэрнэт-рэсурсаў на прадмет выкарыстання трэцімі асобамі яго твораў», таму не паверылі, што ён шэсць гадоў мог не ведаць пра публікацыю, і пастанавілі лічыць прапушчаным тэрмін даўніны. Праз некаторы час пасля гэтага пра суды Пранчака нарэшце перастала быць чутна.

Праз бурную «ахоўную» дзейнасць паэта яго твораў сталі проста пазбягаць у выдавецтвах і газетах. Зрэшты, новыя вершы Пранчака працягвалі выходзіць на яго старонцы ў Facebook – да пачатку гэтага траўня, калі літаратар узяў «аскезу на паэтычную творчасць». У сацсетцы Пранчак пракаментаваў і выхад песні Румбуціса – як аказалася, футбольнага куміра і «зоркі» для паэта. Паводле слоў Пранчака, ён спачатку паслухаў некалькі запісаў невядомага выканаўцы, які «ўразіў артыстычнасцю, высокім мастацкім узроўнем, нязмушанасцю і шчырасцю», а потым даведаўся, што гэта Румбуціс – і займеў «мару напісаць тэкст песні для Людаса, i яна збылася».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты