Tribuna/Футбол/Блогі/Арбітр фіналу ЛЧ Марчыняк папрасіў прабачэння за ўдзел у мерапрыемстве ультраправага польскага палітыка. Той заклікаў не верыць «украінскай прапагандзе»

Арбітр фіналу ЛЧ Марчыняк папрасіў прабачэння за ўдзел у мерапрыемстве ультраправага польскага палітыка. Той заклікаў не верыць «украінскай прапагандзе»

А заснавальнік ягонай партыі казаў, што Буча – пастаноўка.

2 чэрвеня, 16:47
Арбітр фіналу ЛЧ Марчыняк папрасіў прабачэння за ўдзел у мерапрыемстве ультраправага польскага палітыка. Той заклікаў не верыць «украінскай прапагандзе»

Памятаеце Шымона Марчыняка? Другі самы вядомы паляк у топавым футболе проста цяпер (пасля Левандоўскага). У прыватнасці, менавіта ён абслугоўваў фінал ЧС-2022 у Катары.

Яго ж УЕФА прызначыла абслугоўваць і фінал ЛЧ паміж «Манчэстэр Сіці» і «Інтэрам». Аднак ледзь не скасавала прызначэнне – праз палітыку.

Марчыняк узяў удзел у бізнес-канферэнцыі ультраправага палітыка – той мае поўны камплект па гамафобіі, расізме, сэксізму і ўкраінафобіі

Скандал адбыўся праз удзел Марчыняка ў бізнэс-канферэнцыі Everest, якую зладзіў у Польшчы ўльтраправы палітык, лідар партыі «Новая Надзея» Славамір Ментцэн. Польскі рэферы там быў папулярны – атрымаў добрыя адзнакі гасцей, калі верыць словам палітыка: «Цэлае шоў скраў Шымон Марчыняк, проста геніяльны спікер. Сярэдняя ацэнка яго выступлення – 4.99 (удзельнікі ацэньвалі ў дадатку кожнага прамоўцу па шкале ад 1 да 5)».

Аб'яднанне Never Again, заснаванае ў Польшчы і якое змагаецца супраць расізму, антысемітызму і ксенафобіі, звярнула ўвагу на ўдзел Марчыняка ў гэтым мерапрыемстве. Усё таму, што Ментцэн – занадта контраверсіўная асоба. Вядомы ў сваёй краіне ён дзякуючы выступу на адным са сходаў тады яшчэ партыі KORWiN у 2019-м, дзе абвясціў наступнае: «Мы не хочам габрэяў, гомасэксуалаў, аборты, падаткі і Еўрапейскі саюз». А ў адказ на рух Black Lives Matter ён (Ментцэн – уладальнік бровара) выпусціў піва White IPA Matters, рэкламуемае праз ролік з цемнаскурым бармэнам, які п'е гэтае піва на фоне сцягоў Канфедэрацыі.

А што там наконт Украіны? Ментцэн глабальна жадае перамогі Украіне ў вайне, аднак з шэрагам дастаткова прарасійскіх тэз. У сакавіку 2022 года ён заклікаў не верыць «украінскай прапагандзе»: «Я толькі зважаю, каб мы моцна не падвяргаліся ўкраінскай прапагандзе. Нашы інтарэсы не супадаюць з украінскімі. Украіна хоча ўцягнуць Польшчу ў вайну. З украінскага пункту гледжання, яны хацелі б, каб Польшча і цэлае НАТА як мага хутчэй увайшлі ў вайну. І няма чаго ім дзівіцца, гэта зразумела, але трэба разумець, што польскія інтарэсы не адпавядаюць украінскім».

У чэрвені мінулага года заяўляў, што Украіна не верне акупаваныя тэрыторыі, але няхай тыя ўкраінцы працягваюць абараняць Польшчу ад РФ: «У інтарэсах Польшчы – каб вайна як мага хутчэй скончылася перамогай Украіны. Гэта цалкам відавочна, што не можам дапусціць, каб рускія войскі стаялі ў Пярэмышлі. Нам трэба быць вельмі пільнымі, каб украінцы выйгралі гэтую вайну.

Падазраю, што рана ці позна давядзецца пагадзіцца з рэальнасцю, і нейкае перамір'е будзе дасягнута. Асабіста мала веру ў тое, каб Украіна вярнулася да сваіх межаў да пачатку вайны».

Ужо ў студзені заклікаў польскі ўрад не даваць танкі Украіне – маўляў, няхай гэта робяць іншыя: «Пра тое, што падтрымліваем Украіну, даведаемся з медыяў, таму што прэм'ер кажа пра гэта журналістам, а ў Сейме ні разу не даў справаздачу. Значна лепш для бяспекі Польшчы было б, калі б гэта былі танкі Германіі, ЗША, а не Польшчы, таму што яны нам патрэбныя і ў Польшчы».

Таксама ён казаў пра нейкія «прэферэнцыі» украінскім уцекачам у Польшчы – а калі яго спыталі, у чым яны складаюцца, растлумачыць не змог:

– Гжэгаж Браум (польскі палітык, заснавальнік руху «Стоп украінізацыі Польшчы» – Tribuna.com) кажа, што не згаджаецца з фаварытызацыяй у Польшчы ўкраінцаў перад палякамі. Гэта пастулат, з якім згаджаюся. Хацеў бы, каб кожны быў аднолькавым для дзяржавы – з Польшчы ці з Украіны. Лічу, што гэта дастаткова ліберальна.

– А ў чым заключаецца фаварытызацыя?

– Ну калі хто... Эээ...

Дададзім таксама, што заснавальнік партыі Ментцэна Януш Корвін-Міке – прарасійскі палітык яшчэ ад самага пачатку вайны. Яшчэ ў 2015-м ён ездзіў у Крым праз РФ, анэксію якога ў 2014-м назваў «натуральнаю», а ўжо пасля поўнамаштабнага ўварвання, напрыклад, называў кадры з дэакупаванай Бучы «пастаноўкай».

УЕФА не адхіліла Марчыняка – скаржнік прасіў пакінуць прызначэнне, рэферы папрасіў прабачэння

Сузаснавальнік Never Again заявіў, што арганізацыя не патрабуе адхіляць Марчыняка ад фіналу ЛЧ – толькі дыстанцыявацца ад каштоўнасцяў, якія транслюе Ментцэн. Міністэрства спорту Польшчы ў сваім твітары паведаміла, што накіравала ва УЕФА ліст з падтрымкай Марчыняка.

УЕФА прыслухалася да арганізацыі і прыняла рашэнне пакінуць прызначэнне паляка без змен.

Сам Марчыняк накіраваў ліст арганізацыі Never Again з тлумачэннем сітуацыі:

«Я быў шмат гадоў міжнародным футбольным арбітрам, і заўсёды ў аснову стаўлю fair play і павагу да іншага чалавека, і стараюся перадаваць гэтыя самыя высокія каштоўнасці іншым. Заўсёды адмяжоўваюся ад праяваў расізму, антысемітызму і адсутнасці талерантнасці, што паказваю на матчах, якія абслугоўваю. Заўсёды кажу «стоп» нянавісці і буду прапагандаваць, што самае важнае – быць добрым чалавекам».

Таксама ён афіцыйна звярнуўся да УЕФА і супольнасці – з яшчэ большымі выбачэннямі:

«Я хачу выказаць свае глыбокія прабачэнні за мой удзел у мерапрыемстве і любыя пакуты ці шкоду, якую гэта магло пацягнуць.

Пасля разважанняў і наступнага даследавання стала відавочным, што я быў сур'ёзна ўведзены ў зман і зусім не ведаў сапраўдную прыроду і прыналежнасць падзеі, пра якую ідзе гаворка. Я не ведаў, што яна звязана з польскім ультраправым рухам. Калі б я ведаў пра гэта, я адмовіўся б ад запрашэння. Важна разумець, што каштоўнасці, якія прапагандуюць гэты рух, цалкам супярэчаць маім асабістым перакананням і прынцыпам, якія я стараюся адстойваць у сваім жыцці. Я глыбока шкадую пра любое уяўленні пра тое, што мой удзел мог супярэчыць ім.

Як прафесіянал, які глыбока адданы футболу, хачу падкрэсліць сваю непахісную падтрымку каштоўнасцяў, якія адстойвае УЕФА, у прыватнасці, інклюзіўнасць і павага да ўсіх людзей, незалежна ад іх паходжання. Гэтыя прынцыпы ляжаць у аснове духу футбола і бездакорна стасуюцца з маімі асабістымі перакананнямі. Акрамя таго, я шчыра асуджаю якія-небудзь формы нянавісці, дыскрымінацыі ці нецярпімасці, паколькі ім няма месца ў спорце ці грамадстве ў цэлым.

Я таксама хачу падкрэсліць сваю адданасць барацьбе з дыскрымінацыяй у футболе. Я быў адным з першых арбітраў у свеце і першым у сваёй краіне, хто ўжыў «працэдуру трох крокаў» у адказ на сур'ёзны дыскрымінацыйны інцыдэнт падчас матчу ў Польшчы.

Прасоўваючыся наперад, я абяцаю быць больш уважлівым у вывучэнні падзей і арганізацый, з якімі я асацыююся. Я здабуду з гэтага досведу ўрок і гарантую, што падобныя памылкі ў рашэннях не будуць здарацца ў будучыні.

Нарэшце, я шчыра прашу прабачэння перад клубамі, гульцамі, заўзятарамі, калегамі, афіцыйнымі асобамі і арганізацыямі, якія мне давяраюць. Я цалкам усведамляю, што мае дзеянні мелі наступствы, акрамя асабістага расчаравання, і я цалкам гатовы прыняць наступствы майго неабдуманага ўдзелу».

Фота: Instagram Томаша Грабарчыка, Wyborcza.pl, Andrew Yates/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты