Tribuna/Футбол/Блогі/Яшчэ 10 крутых зімовых трансфераў, якія заслугоўваюць асобнай увагі

Яшчэ 10 крутых зімовых трансфераў, якія заслугоўваюць асобнай увагі

«Дортмунд» і «Тотэнхэм» – самыя актыўныя топ-клубы на мінулым тыдні.

17 студзеня, 09:45
Яшчэ 10 крутых зімовых трансфераў, якія заслугоўваюць асобнай увагі

Зімовае трансфернае акно працягваецца, і за мінулы тыдзень адбылося як мінімум яшчэ 10 цікавых трансфераў, якія заслугоўваюць увагі.

Папярэднюю дзясятку прыкметных пераходаў глядзіце тут.

Джэйдан Санча → «Барусія» Дортмунд (арэнда)

Гэта ўсё ж адбылося: Джэйдан Санча вярнуўся ў «Барусію»!

Англічанін, у якога ўсё пайшло кулём у «Манчэстэр Юнайтэд» пад кіраўніцтвам Эрыка тэн Хага, даўно хацеў вярнуцца ў каманду, дзе стаў зоркай сусветнага класа – і ўласна гэтай зімой чорна-жоўтыя змаглі дамовіцца з манкуніянцамі пра арэнду да канца сезона.

Дагавор не ўключае ў сябе опцыю выкупу, але дортмундцы ўсё ж спадзяюцца, што змогуць падпісаць Джэйдана на пастаяннай аснове летам.

Ян Матсэн → «Барусія» Дортмунд (арэнда)

Прыярытэтам дортмундцаў на трансферным рынку ўзімку быў нават не Санча, а новы левы абаронца – у камандзе бракуе глыбіні на гэтай пазіцыі, а адзіны ЛА у складзе Рамі Бенсабаіні з'ехаў на Кубак Афрыканскіх Нацый са зборнай Алжыра.

Таму «Барусія» арандавала Яна Матсэна, які не змог замацавацца ў Маўрысіа Пачэціна ў «Чэлсі».

Дарэчы, і тут у немцаў няма опцыі выкупу, але перад ад'ездам у Дортмунд 21-гадовы нідэрландзец падоўжыў кантракт з «пенсіянерамі» да 2026 года, і цяпер у яго дакументах ёсць клаусула, якая, паводле звестак газеты BILD, складае 35 млн еўра.

Ціма Вернер → «Тотэнхэм» (арэнда)

Вяртанне Ціма Вернера ў англійскую прэм'ер-лігу напрошвалася ўжо некаторы час – ён не быў асноўным у «Лейпцыгу» на фоне прыходу Лоі Апенда, а чуткі нястомна звязвалі яго з «МЮ».

У АПЛ немец усё ж апынуўся, але да Манчэстэра не даехаў: «Тотэнхэм» арандаваў Ціма да канца сезона з опцыяй выкупу за 18 млн еўра.

Вернер, дарэчы, нядрэнна пачаў – аформіў асіст у дэбютным матчы як раз супраць «Юнайтэда».

Раду Дрэгушын → «Тотэнхэм»

Акрамя ўзмацнення звяна ў атацы, што было неабходна праз адсутнасць Сона ў бліжэйшы час, «Тотэнхэм» таксама актыўна займаўся пошукамі цэнтрбека.

Анамальная колькасць траўмаў прымушала «шпор» у асобных матчах у цэнтры абароны выкарыстоўваць флангавых абаронцаў Эмерсана Раяля і Бэна Дэйвіса, таму набыццё Раду Дрэгушына з «Джэнаа» – тое, чаго так прагнуў Эндж Пастэкоглу.

Італьянскі клуб атрымаў 25 млн эўра.

Джэд Спэнс → «Джэнаа» (арэнда)

А таксама Джэда Спэнса!

Улетку 2022-га «Тотэнхэм» набыў шматабяцальнага правага абаронцу амаль за 15 млн еўра, аднак пераход у «Джэнаа» – ужо трэцяя арэнда з лонданскага клуба.

У «Рэне» і «Лідсе» не ўсё пайшло па плане, так што пераезд у Італію можа быць на карысць. Калі ўсё складзецца, «Джэнаа» можа выкупіць гульца прыкладна за 10 млн еўра.

Эрык Даер → «Баварыя»

Таксама «Тотэнхэм» літаральна пазбавіўся ад Эрыка Даера. Пастэкоглу ўвогуле не разлічваў на 30-гадовага англічаніна і выпускаў на поле толькі ў суперкрытычных сітуацыях, таму, нягледзячы на ўсе праблемы, усё ж дазволіў сабе расстацца з футбалістам, які амаль 10 гадоў выступаў за клуб.

Даер адправіўся ў «Баварыю», якая шукала гнуткага цэнтрбека, а пра трансфер, здаецца, дамаўляўся не спартыўны дырэктар мюнхенцаў Крыстаф Фрэйнд, а найлепшы сябар Эрыка – Хары Кейн.

Леанарда Банучы → «Фенербахчэ»

Пераход Леанарда Банучы ва «Уніян» толькі падкрэсліў прыгожую гісторыю фантастычнага развіцця берлінскага клуба ў апошнія гады. Зрэшты, усяго 10 матчаў, 8 з якіх завяршыліся паразамі, будучыню італьянца ў Германіі перакрэслілі – і ён адправіўся дагульваць у «Фенербахчэ».

Давід Датро Фафана → «Бёрнлі» (арэнда)

У «Уніяна» праблемы былі як у абароне, так і ў атацы – і вырашыць іх арандаванаму ў «Чэлсі» Давіду Датро Фафана не ўдалося. Івуарыец быў адным з пяці (!) цэнтрфорвардаў берлінскага клуба, адносна часта выходзіў у старце, але за 17 матчаў запісаў на рахунак усяго 2+1.

У студзені «Чэлсі» вярнуў яго з Германіі, але адразу ж адправіў у «Бёрнлі» да канца сезона.

Ханібаль Межбры → «Севілья» (арэнда)

Пад кіраўніцтвам тэн Хага ўвесь свой патэнцыял не здолеў праявіць і таленавіты Ханібаль Межбры. У гэтым сезоне ён нават забіў прыгожы гол у вароты «Брайтана» ў АПЛ, але агулам правёў усяго 327 хвілін за аснову «Юнайтэд».

Тунісец паехаў у «Севілью» у арэнду з правам выкупу за 20 млн еўра. Там ён спадзяецца атрымліваць значна большы гульнявы час.

Фабіу Карвалью → «Хал Сіці» (арэнда)

Улетку «Лейпцыг» арандаваў Фабіу Карвалью ў спадзеве, што той стане яшчэ адным юнаком, які заззяе пад кіраўніцтвам Марка Розэ, але праз наяўнасць у камандзе Хаві Сіманса, Крыстафа Баўмгартнера і іншых, хто ў гэтым сезоне знаходзіцца ў топавай форме, партугалец не змог апраўдаць чаканне як клуба, так і самога сябе.

Другую палову сезона 2023/24 ён правядзе ў арэндзе ў «Хал Сіці» – так, сур'ёзны даўнгрейд, але ўсё для таго, каб ізноў стаць важным футбалістам (калі не для «Ліверпуля», то для кагосьці іншага).

Фото: Hendrik Deckers/Borussia Dortmund, Tottenham Hotspur FC, Genoa CFC, FC Bayern, Fenerbahçe SK, Burnley FC, Sevilla Fútbol Club, Hull City

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты