Tribuna/Футбол/Блогі/У Сімеонэ вялікая спадчына ў «Інтэры»: сварыўся з Раналда, узяў Кубак УЕФА і пазбавіў чэмпіёнства ў 2002-м

У Сімеонэ вялікая спадчына ў «Інтэры»: сварыўся з Раналда, узяў Кубак УЕФА і пазбавіў чэмпіёнства ў 2002-м

І шмат разоў абяцаў іх трэнаваць.

20 лютага, 02:43
У Сімеонэ вялікая спадчына ў «Інтэры»: сварыўся з Раналда, узяў Кубак УЕФА і пазбавіў чэмпіёнства ў 2002-м

Дыега Сімеонэ на «Сан-Сіра» з «Атлетыка». У свой час ён правёў тут два гады, запомніўся яркай гульнёй у «Інтэры» Луіджы Сімоні. Аргентынец неаднаразова паўтараў, што аднойчы ён узначаліць «нерадзуры»: «Я казаў 2000 раз пра сваё вяртанне ў гэты клуб. Няма неабходнасці казаць пра гэта зноў. Гэта абавязкова адбудзецца», – адказваў «Чола» выданню As яшчэ ў 2018 годзе.

Але пакуль ён яшчэ не прыйшоў трэнаваць «Інтэр», мы вырашылі ўзгадаць, як ён гуляў у складзе каманды ў канцы 1990-х.

Быў трэнерам на полі і сварыўся з Раналда за прэміяльныя

Лета 1997-га аказалася вельмі неспакойным для прэзідэнта «Інтэра» Мараці, бо ён забраў у «Барселоны» Раналда, з Уругвая прыехаў Альвара Рэкоба, а з Мадрыда Дыега Сімеонэ. Прыход апошняга, канешне, не выглядаў так ярка, як трансфер Феномена, але ўжо на першых трэнінгах стала зразумела, што зараз у распранальні будуць два новыя лідары.

Бразілец Зэ Эліяс, які таксама перайшоў падчас таго трансфернага акна ў «Інтэр» з «Баера», так успамінаў пра Дыега: «Мы ведалі, што ён стане трэнерам. Вам нават не трэба было з ім гуляць, дастаткова было жыць побач. Ён глядзеў футбол з шасці раніцы да паўночы, спаў з поўначы да шасці, прачынаўся і зноў глядзеў футбол.

Мы выходзілі на матч, і ён ужо ведаў, як будзе гуляць сапернік. Праз пяць хвілін пасля пачатку ён мяняў манеру гульні. Ён казаў: «Зэ, пабудзь крыху злева або крыху правей, памяняемся пазіцыямі».

Таксама бразілец успамінае, як перад другім сезонам у «Інтэры» Раналда і Сімеонэ ледзь не пабіліся, калі абмяркоўвалі прызавыя: «У пачатку сезона заўсёды ідуць размовы пра прызавыя. Раналда, які быў лідарам каманды, папрасіў слова і сказаў: «Грошы мусяць цалкам выплачвацца гульцам [асноўнага складу], 50% тым, хто застанецца ў запасе, і 25% для тых, хто не ў заяўцы». Але Сімеонэ быў супраць.

Дыега сказаў, што не лічыць справядлівым, што гульцы па-за заявай будуць атрымліваць 25% прызавых. Раналда сказаў, што калі б не ўся каманда, не было б ніякай магчымасці паспяхова гуляць на дыстанцыі, але ж склад цалкам залежыць ад трэнера, і што ў большасці выпадкаў ніводны гулец не праводзіць кожную гульню».

Ніхто не чакаў ад Сімеонэ такой пазіцыі, але нарэшце перамагло меркаванне Раналда.

У цэлым першыя месяцы Дыега ў «Інтэры» не былі занадта паспяховымі, уласныя заўзятары нават асвіствалі футбаліста. Луіджы Сімоні спачатку бачыў яго на пазіцыі паўабаронцы атакі, хоць аргенцінец больш любіў гуляць бліжэй да сваёй брамы.

З часам іх погляды сышліся, а ўжо ў сакавіку Дыега зрабіў дубль у дэрбі з Міланам, і фанаты прызналі яго геній. «Расанеры» з Клюйвертам, Веа і Бобанам прайгралі 0:3.

Гэты матч дазволіў вельмі блізка падысці да Скудэта, але затым была гульня супраць «Юве» са знакамітым пенальці, які так і не паставіў суддзя Чэкарыні пасля фолу на Раналда. Турынцы выйгралі Серыю А, а «Інтэр» прывёз дадому Кубак УЕФА.

У фінале абгулялі «Лацыа», а пачатак разгрому паклаў геніяльны пас Сімеонэ на Івана Самарана: «Думаю, першы гол, калі я асіставаў Самарана, адлюстроўвае тое, як я бачу і разумею футбол. Калі я быў гульцом, то шукаў практычныя, а не прыгожыя рашэнні. Я спрабаваў знайсці прастору пасля яго цудоўнага забегання», – успамінае Дыега.

У 1999 годзе Дыега пакінуў «Інтэр», адыграўшы ўсяго два сезоны. У тагачаснага галкіпера «нерадзуры» Джанлука Пал'юка ёсць свая версія, чаму так адбылося. Справа ў тым, што ён, Сімеонэ, Бергомі і Самарана найбольш пратэставалі пасля таго ж пенальці на Раналда ад Чакарыні. Дайшло нават да слоўных сварак з тэхнічнай зонай «Юве», дзе трэнерам быў Марчэла Ліпі.

А ў 1999-м Ліпі ўзначаліў «Інтэр». «У наступным годзе, калі Джыджы Сімоні звольнілі і ўжо было вядома, што прыедзе Ліпі, было вырашана, што з клуба пайду я і Сімеонэ», – Пал'юка ўпэўнены, што Марчэла проста трымаў на іх зуб з тых часоў і баяўся, што не навядзе парадак у распранальні.

Не гуляў паўгода праз разрыў крыжоў, а затым пазбавіў «Інтэр» шанцаў на Скудэта

Дыега пайшоў у «Лацыа», дзе стаў чэмпіёнам Італіі, забіў «Інтэру» ў фінале Кубка, а затым згуляў важную ролю ў «чорным дні ў гісторыі «Інтэра». Мусіць, кожны заўзятар «нерадзуры», які нарадзіўся да сярэдзіны 1990-х, ясна памятае, што ён рабіў у той дзень. Каманда Эктара Купера падыходзіла да апошняга тура Серыі А лідарам, але трэба было абыграць нематываваны «Лацыа». «Ювентус» адставаў на адзін пункт, «Рома» – на два.

Супраць «арлоў» тапілі нават уласныя заўзятары, бо паражэнне «Інтэра» магло падарыць чэмпіёнства «Роме». У другі раз іх сэрцы такога б не вытрымалі.

«Лацыа» Дзакероні заканчваў той чэмпіянат на шостай пазіцыі, чэмпіёнскі склад Эрыксана патроху разыходзіўся, крушэнне імперыі Краньоці было не за гарамі. Рымляне ваявалі толькі за тое, каб патрапіць у зону Кубка УЕФА. Але ў той камандзе гулялі два трэнеры, якія неўзабаве сыдуцца ў ЛЧ: Сімонэ Індзагі і Дыега Сімеонэ. Абодва забілі ў вароты «Інтэра».

Эктар Купер у той час быў топавым трэнерам, два гады запар выводзіў у фінал Лігі чэмпіёнаў «Валенсію», а тут мог нарэшце выйграць чэмпіянат, які «Інтэру» не даваўся з 1989 года. Увесну нарэшце пачаў гуляць Раналда, чарговы магутны сезон праводзіў Віеры. Хоць Крысціян і выйшаў на вырашальны матч на ўколах, але свой гол забіў. Пасля першага тайма было 2:2, якія не задавальнялі «Інтэр».

А ў другім адбылася сапраўдная трагедыя. Пасля падачы кутняга забіў Дыега Сімеонэ. Убачыўшы мяч у сетцы, ён ужо разумеў, што адбылося. Забіўшы, ён выглядаў так, быццам гэта яго каманда прапусціла. «Чала» наогул мог не згуляць у тым матчы, у верасні ён парваў крыжы і амаль увесь сезон лячыўся. Толькі ў красавіку ён упершыню выйшаў на замену ў матчы супраць «Лечэ».

«Калі ў канцы верасня я парваў крыжападобныя звязкі, то спрабаваў усяляк прадбачыць сваё вяртанне. Аднойчы мама патэлефанавала мне з Аргентыны і параіла есці свіныя храсткі. Я сказаў: «Гэта брыдка, хто табе рэкамендаваў гэты сродак?». Яна сказала, што гэта стары індзейскі сродак. Мяне ванітавала ад іх, але я еў.

Праз шэсць месяцаў я быў на полі. Усё гэта супала з адным голам, які я ніколі не хацеў забіваць. Той гол 5 траўня, які зрабіў лік 3:2 і адабраў у «Інтэра» Скудэта. Для мяне гэта была трагедыя, пасля гола мне хацелася амаль уцячы з поля, але я быў прафесіяналам і гуляў за колеры «б'янчэлесці».

Ніхто не думаў проста аддаваць «Інтэру» Скудэта. У другім тайме яны паплылі, у іх вачах не было злосці першага тайма. Магчыма, яны былі ўпэўненыя, што ўжо перамаглі», – апраўдваўся Дыега. Гэта быў адзіны яго гол у тым сезоне. Чацвёрты гол у вароты «Інтэра» забіў цяперашні трэнер «нерадзуры» – Сімонэ Індзагі.

Камеры паказвалі Раналда ў слязах, а перад матчам падтрымаць «Лацыа прыходзіў сам Лучыана Моджы. У паралельных матчах «Юве» лёгка разабраўся з «Удынезэ», а «Рома» абгуляла «Тарына». «Інтэр» стаў трэцім, а Эктар Купер пацвердзіў рэпутацыю няўдачніка ў ключавых матчах.

Ці зможа аргентынец зноў расчараваць фанатаў «Інтэра"?

Фота: Inter.it

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты