Tribuna/Футбол/Блогі/Мемны стадыён «Лутана»: уваход на гасцявую трыбуну – праз двары суседзяў, жартуе нават гендыр клуба

Мемны стадыён «Лутана»: уваход на гасцявую трыбуну – праз двары суседзяў, жартуе нават гендыр клуба

Але матчы АПЛ будуць гуляць усё ж там.

8 чэрвеня, 06:01
Мемны стадыён «Лутана»: уваход на гасцявую трыбуну – праз двары суседзяў, жартуе нават гендыр клуба

Выхад «Лутана» ў АПЛ – адна з найневерагоднейшых гісторый сучаснага англійскага футбола (магчыма, нават недзе на ўзроўні чэмпіёнства «Лестэру»).

Хоць калі вы падпісаныя на англійскія паблікі ў твітары, то гэты клуб вам ужо напэўна паспеў надакучыць – усю вясну там спачатку сур'ёзна, а пасля іранічна здзіўляліся ўваходу на трыбуну Oak Stand стадыёна «Кенілварт Роўд». Уваход знаходзіцца проста паміж жылымі дамамі.

Урэшце рэшт, пасля выхаду ў АПЛ у трэнд нарэшце ўварваўся і афіцыйны твітар клуба.

Калі вы дагэтуль не ў курсе: стадыён «Лутана» будзе самым маленькім у гісторыі АПЛ, уваход на гасцявую трыбуну – праз двары суседзяў

Мемнасць стадыёна ўжо забяспечыла вышэйзгаданая гасцявая трыбуна Oak Stand. Фатаграфіі тут справяцца лепш за тэкст.

Хаця іншыя часткі стадыёна таксама не надта ўражваюць сучаснасцю.

Стадыён не адпавядае патрабаванням АПЛ – няма абсталявання для журналістаў, ВАР і адпаведнага асвятлення. Трэба выкласці да 12 млн фунтаў, каб выправіць хібы

Праблема нават не ў ёмістасці стадыёна – хоць «Кенілварт Роўд» будзе самым маленькім стадыёнам ад моманту заснавання сучаснай АПЛ.

Праблема ў інфраструктуры стадыёна. «Кенілварт Роўд» стары і вельмі малы. Гэта датычыцца і зоны для працы медыя: на паўфінале плэй-оф Чэмпіёншыпа супраць «Сандэрленда» не змясціліся ўсе журналісты ў 29 прэсбоксах – яшчэ трынаццаць размясцілі ў пярэднім шэрагу кабіны рэжысёра. Трох тэлевізійных журналістаў размясціць так і не змаглі – папрасілі паглядзець матч на экранах за межамі трыбуны. У АПЛ на стадыёне павінна быць не менш за 50 месцаў для журналістаў, і яшчэ па 15 месцаў асобна для тэлевізіёншчыкаў і радыёкаментатараў.

Не адпавядае стадыён і патрабаванням па ВАР – на ім проста няма адпаведнага абсталявання, паколькі ў чэмпіёншыпе гэтую сістэму не ўжываюць. Гэта ўжо таксама спарадзіла мемныя абмеркаванні:

«З нецярпеннем чакаю ўбачыць, як ВАР будзе працаваць на матчах «Лутана» у наступным сезоне. Палявы рэферы заходзіць у гасціную аднаго з дамоў па вуліцы Кенілварт і пераглядае інцыдэнт на Sky+».

Таксама не адпавядае патрабаванням АПЛ асвятленне – яно недастаткова магутнае для лігі.

Усё гэта будзе каштаваць клубу дзесьці 10 млн фунтаў (BBC піша пра 12) – і ў клуба ёсць усяго 12 тыдняў, каб прывесці ўсё ў парадак. Мяркуючы па словах гендыра Гары Світа, пра пераезд сапраўды гаворка не ідзе: «Гэта праца, якую нам трэба прарабіць. Мы не скардзімся. Гэта будзе каштаваць каля 10 млн фунтаў. Калі нам давялося гэта рабіць, зробім гэта правільна».

Працы, дарэчы, неадкладна пачаліся.

Што цікава, пераехаць з «Кенілварт Роўд» клуб імкнецца яшчэ з 1955-га! Аднак на стадыён у Мілтанс Кейнс «Лутан» так і не пераехаў – не захацеў цалкам мяняць прапіску (гэтай ахвярай стаў «Уімблдон»). А планы пабудовы «Павер Корт» на месцы былой электрастанцыі бліжэй да цэнтра горада раз-пораз мяняюцца праз праблемы з фінансаваннем – яшчэ ў мінулым годзе казалі пра будаўніцтва да 2024-га, у гэтым годзе ўжо гаворка ідзе пра 2026-ы. Стадыён у праекце выглядае так:

Рэканструкцыю стадыёна ў клубе плануюць правесці так, каб потым перанесці новае абсталяванне на новую арэну. «Мы ненавідзім марнатраўства. У чым сэнс рабіць усё гэта ўсяго на тры гады», – кажа Світ.

Як бы там ні было, а вокны суседзям Холанд, Сака і кампанія ў наступным сезоне будуць біць яшчэ на «Кенілварт Роўд». А адносна таго, што ўваход на Oak Stand стаў мемам, Світ кажа так: «Холанд не будзе праходзіць праз той уваход. Ён будзе праходзіць праз іншы лайновы ўваход, які мы маем».

Фота: BBC, Sky, ITV, The Athletic

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты