Tribuna/Футбол/Блогі/Фінансавы фэйр-плей не дзейнічае ў Саудаўскай Аравіі – і гэта дапаможа еўрапейскім клубам, якія прадаюць туды гульцоў

Фінансавы фэйр-плей не дзейнічае ў Саудаўскай Аравіі – і гэта дапаможа еўрапейскім клубам, якія прадаюць туды гульцоў

Але ёсць нюансы.

4 ліпеня, 10:02
Фінансавы фэйр-плей не дзейнічае ў Саудаўскай Аравіі – і гэта дапаможа еўрапейскім клубам, якія прадаюць туды гульцоў

Клубы Саудаўскай Аравіі працягваюць шопінг, увогуле не зважаючы ўвагі ні на сумы, якія марнуюць на футбалістаў, ні на заробкі, якія ў выніку плацяць ім. Гэта ўжо ўплывае на фінансавую карціну футбола – хоць пакуль можна казаць толькі пра кароткатэрміновыя наступствы.

Чаму клубам Саудаўскай Аравіі не перашкаджае ФФП

Па даных партала Transfermarkt, толькі па стане на 1 ліпеня клубы вышэйшай лігі Саудаўскай Аравіі ўжо выдаткавалі 96,5 млн еўра на пакупкі (прадалі на 11,5 млн). І гэта пакуль не рэкорд – у летняе акно сезона 2018/19 яны выдаткавалі 120 млн еўра (па знакавых падпісаннях – Бафетымбі Гоміс, Ахмед Муса і Нордзін Амрабат).

Зрэшты, гэты рэкорд амаль дакладна будзе біты гэтым летам. Раней клубы проста масава скуплялі футбалістаў «сярэдняга ўзроўню» за 1-2-3-5 млн (самы дарагі Ахмед Муса каштаваў усяго 16,5 млн еўра), тады як гэтым разам Саудаўская Аравія не бянтэжыцца выкладаць вельмі шмат. Толькі з пацверджаных і аформленых угод мы ведаем, што 55 млн аддалі за Рубена Невеша, 23 млн за Каліду Кулібалі і 18,5 млн за Эдуара Мендзі.

Калі б так мантачыў грошы нейкі з еўрапейскіх клубаў без адпаведных даходаў, то УЕФА даўно ўжо вяла б расследванне, адкуль узяліся сродкі. У выпадку з АФК усё проста – у тамтэйшай канфедэрацыі папросту не існуе правілаў фінансавага фэйр-плею (ФФП).

Як клубы Саудаўскай Аравіі дапамагаюць еўрапейскім з ФФП – і чаму гэта не так істотна, як можа нехта падумаць

Клубы Саудаўскай Аравіі, вядома, дапамагаюць еўрапейскім клубам з ФФП. Тут усё проста – непрадказальна вялікія і імгненныя даходы значна спрашчаюць выраўноўванне даходаў і амартызаваных выдаткаў у ведамасцях. Бо калі выдаткі «расцягваюцца» на перыяд кантракту, то даходы ўлічваюцца адразу – яшчэ і дапамагаюць запісаць даход у выпадку продажу, калі астатак амартызацыі меншы за суму продажу.

На гэта ўжо, па звестках The Telegraph, нават скардзяцца еўрапейскія канкурэнты «Чэлсі» і «Вулверхемптана» – маўляў, грошы ад саудаўскіх клубаў сталі «білетам на выхад з турмы» для клубаў пад пагрозай невыканання ФФП.

Ёсць таксама асцярогі, што не толькі «Ньюкасл» звязаны з Прыватным інвестыцыйным фондам (PIF) Саудаўскай Аравіі. Некаторы час абмяркоўвалася інвестыцыя фонду ў холдынг Clearlake Capital, які валодае большасцю «Чэлсі». Лонданцы адмаўлялі, што PIF хоць неяк уцягнуты ў клуб – у рэшце рэшт, АПЛ і сама як быццам праводзіла праверку на прадмет аднолькавых уласнікаў клубаў, кансорцыум на чале з Тодам Боэлі набываў «Чэлсі».

Больш за тое, клубам, якія мелі пытанні па ФФП па выніках папярэдняга сезона (=справаздачнага перыяду), клубы з Саудаўскай Аравіі сапраўды не дапамаглі. Справаздачны перыяд пачынаецца з 1 ліпеня – тады ж у Саудаўскай Аравіі і адкрылася афіцыйна трансфернае акно, і пакупкі, што былі здзейсненыя да таго, праходзяць менавіта гэтай датай. Што не адмяняе таго, што «Чэлсі» гэта ўсё роўна вельмі дапаможа – асабліва пры адсутнасці якіх-небудзь даходаў з еўракубкаў у бліжэйшы сезон.

Акрамя таго, УЕФА ацэньвае выкананне фінансавых правіл і ў трохгадовыя перыяды, так што нечаканы даход таксама дапаможа клубам, якія маюць у гэтым патрэбу, і ў доўгатэрміновай перспектыве.

У той жа час трансфернае акно ўнутры АПЛ адкрылася 14 чэрвеня. Так што калі хтосьці і дапамог англійскім клубам са справаздачнасцю мінулага сезона, то самі клубы АПЛ адзін аднаму – «Сіці» з Матэа Кавачычам і «Арсенал» з Каем Хаверцам не дадуць схлусіць.

Фота: «Аль-Ахлі», «Аль-Хілаль»

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты