Tribuna/Футбол/Блогі/Гуляюць у гразі і дапамагаюць дзецям: як зоркі футбола бавяць час у Афрыцы

Гуляюць у гразі і дапамагаюць дзецям: як зоркі футбола бавяць час у Афрыцы

Асімхен, Манэ, Анана і яшчэ тры гульцы, якія не забыліся пра карані.

4 ліпеня, 13:12
Гуляюць у гразі і дапамагаюць дзецям: як зоркі футбола бавяць час у Афрыцы

«Як бы ты высока не лётаў, не забывай, з кім ты поўзаў». Такім прынцыпам у стылі пацанскага цытатніка Джэйсана Стэйтэма кіруюцца некаторыя зорныя афрыканскія гульцы падчас летняга міжсезоння.

Замест лакшэры-адпачынку, люксавых яхт і залатога пяску на дарагіх курортах гэтыя хлопцы едуць у родныя мясціны, ганяюць у футбол з мясцовымі дзеткамі і дораць шчасце сваім землякам.

Віктар Асімхен наведаў сваю школу ў Лагосе

Герой «Напалі» гэтага чэмпіёнскага сезона Віктар Асімхен праводзіць адпачынак у роднай Нігерыі. У Лагосе ў футбаліста насычаны графік. Зорны гулец пабываў у сярэдняй школе, дзе сустрэўся з вучнямі і настаўніцай. Візіт атрымаўся вельмі душэўным. Толькі паглядзіце, з якой любоўю Віктар абдымае сваю настаўніцу і якімі шчаслівымі вачыма глядзяць на яго дзеці.

«Дзякуй за цёплы прыём, я шчыра цаню вашу любоў і падтрымку!», – напісаў Асімхен у сваім інстаграме.

Таксама чэмпіён Серыі А і адна з галоўных трансферных мэт гэтага міжсезоння пабываў у Алусасуне, дзе прайшло яго дзяцінства. Футбаліст сустрэўся са старымі сябрамі, наведаў пачатковую школу і згуляў у футбол на старым футбольным полі.

«Вярнуўся туды, дзе пачалася мая футбольная мара і падарожжа ў Алусасун – у мяне мурашы па скуры. Я пакорлівы і ўдзячны за карані, якія сфармавалі мае мары. Я зноў адчуваю іх любоў і падтрымку, і я заўсёды буду шанаваць Алусасун і яго людзей. Дзякуй ❤️», – не хаваў эмоцый 24-гадовы футбаліст.

Асабліва кранальнай атрымалася сустрэча з маленькім фанатам. Віктар паціснуў хлопчыку руку, а той не змог стрымаць слёз, калі ўбачыў куміра. Футбаліст пагаварыў з ім, абняў і па-сяброўску паляпаў па плячы.

Алекс Бальдэ сустрэўся з прэзідэнтам Гвінеі-Бісаў

Некалькі іншая гісторыя ў абаронцы «Барселоны» Алекса Бальдэ. Футбаліст нарадзіўся ў Іспаніі, але ягоны бацька родам з Гвінеі-Бісаў. Падчас водпуску гулец вырашыў упершыню ў жыцці наведаць родны горад свайго бацькі. Алекса там сустрэлі як героя.

Ажыятаж ад прыезду 19-гадовага гульца "Барселоны" быў настолькі маштабным, што з Бальдэ сустрэўся прэзідэнт краіны Умара Сісока Эмбала.

Але найбольш віруснай стала фатаграфія, на якой футбаліст трымае на руках маленькае казляня.

Кодзі Гакпа раздаваў ежу дзецям у Тога

Нападаючы «Ліверпуля» Кодзі Гакпа таксама вярнуўся да сваіх каранёў. 24-гадовы футбаліст нарадзіўся ў Нідэрландах, але ягоны бацька родам з Тога. Кодзі далучыўся да сваёй сям'і і сяброў, каб падтрымаць дзяцей у не чужой яму краіне ў Заходняй Афрыцы.

Футбаліст раздаваў ежу дзецям, а таксама адзенне жыхарам сталіцы Тога Ломе.

Андрэ Анана гуляў з дзецьмі ў футбол у Камеруне падчас ЧС-2022

Брамнік «Інтэра» Андрэ Анана таксама заняўся дабрачыннасцю падчас адпачынку. Футбаліст прыехаў у родны Камерун, дзе мае свой фонд, які працуе ў партнёрстве з іспанскай няўрадавай арганізацыяй. Разам яны займаюцца тым, што праводзяць аперацыі і аказваюць медыцынскую дапамогу дзецям у Камеруне.

«Вельмі шчаслівы і ганаруся тым, што працягваю рабіць свой унёсак у развіццё больш паспяховай краіны. Мой фонд зрабіў магчымым правядзенне другой кампаніі па дзіцячай хірургіі, якая мае вялікі поспех і дапамагае сотням камерунскіх дзяцей. Супраца з няўрадавай арганізацыяй – яшчэ адзін прыклад нашай гатоўнасці ствараць стратэгічныя альянсы для станоўчага і рэальнага ўплыву на жыццё маіх суайчыннікаў.

Ад шчырага сэрца дзякую ўсім людзям, дзякуючы якім гэты выдатны праект стаў магчымым. Гэта яшчэ адна матывацыя працягваць супрацу па стварэнні больш справядлівага і развітога грамадства», – напісаў Анана ў сваім інстаграме.

А зімой летась варатар прылятаў у Камерун, каб паганяць у футбол з дзецьмі. Гэта адбылося проста падчас ЧС-2022. Анана быў першым нумарам у сваёй зборнай, але пакінуў Катар праз рознагалоссі з трэнерам Рыгабертам Сонгам.

Замест гэтага атрымаў гульнявую практыку як палявы гулец на грунтовых палях Камеруна.

Букаё Сака аплаціў аперацыі для 120 дзяцей у Нігерыі

Букаё Сака нарадзіўся і вырас у Лондане, абраў гуляць за зборную Англіі, але мае цесную сувязь з краінай сваіх бацькоў – Нігерыяй.

У лістападзе мінулага года 21-гадовы вінгер аплаціў аперацыі для 120 мясцовых дзяцей, якія пакутавалі ад пахвінных кіл і пухлін галаўнога мозгу.

«Мне вельмі пашанцавала, што я магу зрабіць свой унёсак і зрабіць жыццё гэтых хлопцаў лепшым. Я па-ранейшаму адчуваю моцную сувязь з Нігерыяй. Для мяне вельмі важна, каб у кожнага дзіцяці быў шанец рэалізаваць свае мары», – патлумачыў сваю матывацыю Сака.

А нядаўна футбаліст наведаў Лагос асабіста – сустрэўся з дзецьмі, заўзятарамі «Арсенала» і нават губернатарам штата Лагоса.

«Дзякуй, Лагос! Я шаную ўсю любоў, якую вы выявілі да мяне, пакуль я быў тут. Да сустрэчы», – напісаў Сака ў сваёй інстаграме.

Сад'ё Манэ ганяў у футбол па гразі ў роднай вёсцы

Сад'ё Манэ яшчэ пры жыцці паставілі помнік у Сенегале. Зорны вінгер «Баварыі» традыцыйна праводзіць свой адпачынак на Радзіме.

У мінулым годзе віруснымі сталі фота, на якіх чэмпіён Англіі і пераможца Лігі чэмпіёнаў у гразі гуляе ў футбол у сваім родным сяле Бамбалі. Кампанію Манэ склалі былы футбаліст «Ліверпуля» Эль-Хаджы Дыуф і экс-форвард «Ньюкасла» Папіс Сісе.

«Назад да крыніц з гала-матчам на пляцоўцы Бамбалі, дзе ўсё пачалося! Вялікі дзякуй 🙏», – напісаў Манэ ў сваім інстаграме.

Гэтым летам Сад'ё адправіўся ў Дакар і ўжо паспеў павіншаваць усіх мусульман са святам Курбан-Байрам.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты