Tribuna/Футбол/Блогі/«Не хоча падаўжаць кантракт – дзверы адчыненыя». Мбапэ і кіраўніцтва ПСЖ ужо адкрыта канфліктуюць 😡

«Не хоча падаўжаць кантракт – дзверы адчыненыя». Мбапэ і кіраўніцтва ПСЖ ужо адкрыта канфліктуюць 😡

Прэзідэнт клуба спяшаецца з прыняццем рашэння, Кіліян крытыкуе камплектацыю каманды.

10 ліпеня, 06:40
«Не хоча падаўжаць кантракт – дзверы адчыненыя». Мбапэ і кіраўніцтва ПСЖ ужо адкрыта канфліктуюць 😡

Мы можам колькі заўгодна казаць і пісаць пра тое, як нам усім надакучыла сага вакол сыходу Мбапэ з ПСЖ, але ўсё ж такі любое дзеянне або цытата, сказаная на гэтую тэму, усё яшчэ выклікае немалую цікавасць.

На гэты раз Кіліян дадаў агню, пракаментаваўшы для France Football (дарэчы, атрымаў прыз найлепшаму французскаму гульцу мінулага сезона па версіі гэтага выдання) дзеянні клуба на трансферным рынку і сваё развіццё ў складзе французскага чэмпіёна.

Хаця гэтаму папярэднічалі выказванні прэзідэнта «ПСЖ».

Кіліян лічыць, што мог бы выступаць яшчэ лепш, але знаходжанне ў ПСЖ не надта гэтаму спрыяе

Спачатку Мбапэ распавёў пра сябе і пра тое, як ставіцца да меркавання, што ён пераацэнены гулец.

«Ці прымяншаюць людзі мой узровень выступаў? Так, але я не вінавачу тых, хто гэта робіць. Усе ў Францыі бачылі, як я рос. Яны бачаць гэта ўвесь час – штотыдзень у ПСЖ або ў нацыянальнай зборнай. 

Я шмат забіваю кожны год, таму для людзей гэта становіцца нармальнай з'явай. Калі я быў маладзейшы, то і сам баналізаваў тое, што рабіў Месі, што рабіў Крышціяну Раналду. Мы жывем у такім грамадстве, дзе гавораць: «Гэта ўсё добра, але зрабі гэта зноў».

Думаю, што знаходжанне ў ПСЖ не вельмі дапамагае – гэта падзеленая каманда, падзелены клуб. Таму, напэўна, гэта прыцягвае чуткі. Але мяне яны не турбуюць – я ведаю, што раблю».

А потым адказаў на пытанне наконт адсутнасці трафея Лігі чэмпіёнаў у клуба:

«Я не ведаю, чаго не хапае ПСЖ для перамогі ў Лізе чэмпіёнаў, гэтае пытанне не да мяне. Трэба размаўляць з людзьмі, якія камплектуюць каманду, якія будуюць гэты клуб. Я ж проста спрабую як мага лепш выконваць сваю працу. Я – найлепшы гулец і бамбардзір пяць гадоў запар у Лізе 1.

Многія рэчы прымушаюць мяне ганарыцца. Я рады, што захоўваю свой узровень, але думаю, што мог бы выступаць яшчэ лепш».

І пракаментаваў уласныя амбіцыі:

«Я не хачу быць у камандзе толькі ўдзельнікам, вось чаму часам людзі лічаць мяне напышлівым. Я ненавіджу "проста ўдзельнічаць", гэта не ў маёй прыродзе.

Ці ёсць падставы меркаваць, што гэта быў мой апошні сезон у Лізе 1? Усё вельмі проста. Я гуляю для таго, каб выйграваць. Усё роўна, з кім я гуляю, якую футболку я нашу або дзе я гуляю. Я проста хачу выйграваць, выйграць Лігу чэмпіёнаў», – сказаў Кіліян.

Аль-Хелайфі жорстка патрабуе ад Мбапэ прыняць рашэнне наконт будучыні, клуб хоча атрымаць грошы за форварда. Але сам Кіліян не спяшаецца пакідаць Парыж

Гэта магло быць проста вострым інтэрв“ю для France Football, калі б не атмасфера, у якой знаходзіцца Мбапэ і кіраўніцтва ПСЖ ужо некалькі тыдняў. Вось тут напісана пра тое, як трансферная сага з пераходам форварда ў «Рэал» зноў адрадзілася:

Калі сцісла: у клубе разлічвалі, што гулец працягне дамову, падпісаную мінулым летам па схеме 2+1, аднак сам Кіліян не спяшаецца рабіць гэта, што ставіць парыжан у не вельмі выгоднае становішча. Цяпер яны рызыкуюць бясплатна адпусціць адну з галоўных зорак сусветнага футбола ўжо летам 2024-га.

Здаецца, кіраўніцтва клуба ўжо змірылася з тым, што іх праект не будзе пабудаваны вакол постаці Кіліяна, таму намагаецца зрабіць усё, каб атрымаць за гульца грошы хуткім часам.

Прэзідэнт ПСЖ Насер Аль-Хелайфі не хаваў свайго расчаравання сітуацыяй, якая склалася:

«Мбапэ публічна заявіў, што не сыдзе бясплатна. Я быў у шоку, калі даведаўся, што ён збіраецца сысці як вольны агент. Я быў вельмі расчараваны, таму што гэта не Кіліян. Кіліян – выдатны хлопец, і гэта не ён.

Яму трэба хутка прыняць рашэнне. Тыдзень, дзесяць дзён, максімум два тыдні. Калі ён не жадае падаўжаць кантракт – дзверы адчыненыя! Гэта датычыцца як яго, так і любога іншага гульца. Клуб важней. Няма нікога, хто быў бы большы за клуб, і мяне гэта таксама тычыцца.

Мы ніколі не бачылі, каб найлепшы гулец свету пакідаў клуб без кампенсацыі, тым больш, клуб сваёй краіны. Такога не было. Калі хто хоча дзейнічаць насуперак нормам і ўласным абяцанням, то гэта будзе штосьці новае», – сказаў Аль-Хелайфі.

Выданне L'Équipe паведамляе, што Мбапэ быў здзіўлены тым, што прэзідэнт клуба высунуў яму публічны ультыматум. Аднак пазіцыя нападаючага не змянілася – ён адчувае сябе спакойна і мае намер прыбыць на перадсезонную падрыхтоўку, якая пачнецца праз два тыдні. Кіліян усё яшчэ хоча адпрацаваць кантракт з «ПСЖ». Акрамя таго форвард не зразумеў, чаму Аль-Хелайфі сказаў пра тое, што ён абяцаў не сыходзіць з клуба бясплатна, Кіліян сцвярджае, што ніколі не даваў такіх абяцанняў.

Пры гэтым у кіраўніцтве разумеюць, што сілком прымусіць Мбапэ падоўжыць кантракт або даць згоду на трансфер гэтым летам немагчыма, таму, па інфармацыі Sky Sports, форварда папярэдзілі, што клубу прыйдзецца прадаць некаторых яго партнёраў па камандзе, калі ён застанецца на наступны сезон і вырашыць сысці бясплатна летам 2024 года. Разумееце? Маўляў, яшчэ год ЛЧ ты дакладна не выйграеш, хлопец.

Затым, як перадае выданне L'Equipe, парыжане накіравалі гульцу дакумент на тры старонкі, у якім асудзілі яго дзеянні і паказалі на шкоду, прычыненую як накіраваннем ліста пра тое, што не збіраецца падаўжаць кантракт, як і тым, што пра яго стала вядома шырокай публіцы. Выданне сцвярджае, што гэты дакумент ад босаў парыжскага клуба быў напісаны ў агрэсіўным тоне.

Галоўным прэтэндэнтам на Мбапэ, напэўна, лічыцца «Рэал», але ў Мадрыдзе пакуль не спяшаюцца кантактаваць з кіраўніцтвам французскага клуба. Чакаюць.

***

Дзіўная сітуацыя, якую складана было б уявіць яшчэ год таму – ПСЖ усялякім чынам хоча прадаць Мбапэ, а Кіліян хоча застацца ў Лізе 1 яшчэ на сезон.

Ці верыце, што мы будзем яшчэ год глядзець на француза ў футболцы парыжан?

Фота: Mehdi Taamallah/Global Look Press, Panoramic/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты