Tribuna/Футбол/Блогі/«Барса» падпісвае Вітара Роке — «новага Рамарыа» і з нецярпеннем чакае сустрэчы з Андрычам

«Барса» падпісвае Вітара Роке — «новага Рамарыа» і з нецярпеннем чакае сустрэчы з Андрычам

Трансфер арганізаваў Дэку, а гулец далучыцца толькі ў наступным сезоне.

Аўтар — Бона Сфорца
13 ліпеня, 17:22
«Барса» падпісвае Вітара Роке — «новага Рамарыа» і з нецярпеннем чакае сустрэчы з Андрычам

«Барселона» працягвае выгінацца на трансферным рынку як змяя, каб узмацніць свой склад ва ўмовах вялізных даўгоў. Каманда ўжо падпісала Ілкая Гюндагана і Іньіга Марцінеса – двух свабодных агентаў, якім за 30, – але яшчэ не зарэгістравала іх.

Першым футбалістам, якога «Барса» падпісала за грошы летам 2023-га, стаў бразільскі 18-гадовы вундэркінд Вітор Роке. Ён праводзіць шалёны сезон у бразільскай Серыі А і ўжо гуляў за нацыянальную зборную.

У Бразіліі яго называюць «новым Рамарыа» і робяць акцэнт на супрацьстаянні з Эндрыкам

Узімку разам з Андрэем Сантасам, які належыць «Чэлсі», яны разарвалі маладзёжны чэмпіянат Паўднёвай Амерыкі, а з пачаткам новага бразільскага сезона форвард стаў безумоўна асноўным гульцом «Атлетыка Паранаэнсе». У сакавіку ён ужо паспеў дэбютаваць за зборную ў матчы супраць Марока.

Яго стыль гульні часта параўноўваюць з Рамарыа, а фанаты «Барселоны» ўжо знайшлі падабенства з Луісам Суарэсам, але Вітор саступае абодвум легендам. Рост гульца складае ўсяго 172 см, але дзякуючы моцнаму целаскладу ён упэўнена змагаецца з абаронцамі і выдатна абараняе мяч.

Адным з козыраў форварда з’яўляецца выбар пазіцыі, шмат галоў ён забівае дзякуючы выдатнай гульні ў штрафной. У клубе гуляе на пазіцыі цэнтральнага форварда, але часам і на правым флангу.

Легендарны трэнер Луіс Фэліпэ Скалары таксама адзначыў разумовую сталасць гульца, які, паводле ягоных слоў, мысліць як 22-23 гадовы выканаўца. Зіка адзначае ягоную хуткасць і талент, а таксама лічыць, што Роке стане асноўнай «дзявяткай» зборнай.

У Бразіліі спаўна смакуюць ягонае супрацьстаянне з яшчэ адным вундэркіндам Эндрыкам, у якога ў кішэні ўжо кантракт з мадрыдскім «Рэалам». Іх магчымае супрацьстаянне ў Іспаніі толькі падаграе агульны інтарэс. Сёння Эндрык выступае за «Палмейрас», ён маладзейшы за Роке на паўтара года, але гэта не перашкодзіла бразільскай прэсе назваць нядаўні матч «Атлетыка» і «Палмейраса» бітвай дзвюх перспектыў. У матчы гульцы забілі па голе і абмяняліся футболкамі.

Статыстыка абодвух выглядае вельмі нядрэнна, магчыма, хутка ўбачым іх супрацьстаянне ў Эль-Класіка.

Дэку – галоўны лакаматыў гэтага трансферу

Хаця сам футбаліст выказаў жаданне перайсці ў «Барселону», але фінансавыя праблемы каталонцаў значна ўскладнялі задачу. На шчасце для «Барсы», пераход ажыццяўляў Дэку, які займае пасаду спартыўнага дырэктара «Барселоны» і мае выдатныя сувязі на бразільскім і партугальскім рынках.

У «блаугранас» узнікла дзіўная сітуацыя, калі Матэу Алемані, які адказваў за трансферы і выказваў жаданне сысці з клуба вясной, усё яшчэ на месцы, але галоўным лакаматывам новых трансфераў з’яўляецца бразілец, які замяніў Ёрдзі Кройфа.

Экс-гулец зборнай Партугаліі нават закрыў сваё ўласнае агенцтва «D20» – дзеля пасады ў «Барсе». Агенцтва займалася ў асноўным бразільцамі, напрыклад, арганізоўвала трансфер Рафіні ў каталонскі клуб. Акрамя таго, партугалец ужо два гады з’яўляецца дарадцам Лапорты па Паўднёвай Амерыцы, таксама ён прывёў у «Барселону» Абамеянга, якога ведаў па працы з Федэрацыяй футбола Габона.

Дэку займаўся трансферам Гюлера, лётаў да гульца ў Турцыю, але турак абраў «Мадрыд». Diario Sport піша, што партугалец адчувае, што яго выкарыстоўвалі, каб атрымаць больш грошай ад Перэса.

Кантракт прадугледжвае бонусы за «Залаты мяч», гулец прыедзе ў «Барселону» толькі праз год

Сума трансферу будзе больш, чым планавалася першапачаткова, і складзе 30+31 млн еўра бонусамі. Бонусы сярод іншага належаць за трапленне гульца ў топ-3 галасавання за «Залаты мяч» (5 млн еўра) і выйгрыш узнагароды. 26 млн еўра будуць залежаць ад выйграных трафеяў і колькасці галоў форварда. Адступныя – 500 млн еўра, кантракт разлічаны да 2031 года.

«Чэлсі» і «ПСЖ» прапаноўвалі хлопцу амаль 10 млн у год, але ён адмаўляў усім, бо марыць выступаць толькі ў «Барсе». Да выплаты падаткаў Роке будзе атрымліваць у Каталоніі 3,5 млн еўра. Фінальныя подпісы былі пастаўлены ў доме футбаліста ў Курытыбе. Бразільскі агент гульца расказваў, што Эрык Абідаль ад «Барселоны» праглядаў гульца яшчэ ў 2019-м.

Галоўнае пытанне – калі форвард зможа далучыцца да клуба. Падобна, што праблемы з рэгістрацыяй новых гульцоў не адмянілі пераход, але гуляць за новую каманду навічок будзе толькі ў наступным сезоне. Для сённяшняга клуба Роке гэта нядрэнны варыянт, бо ў снежні заканчваецца сезон у Бразіліі, таму можна будзе разлічваць на свайго асноўнага форварда да пачатку новага чэмпіянату.

Для таго, каб заявіць гульца ўжо гэтым летам, «Барсе» трэба вызваліць амаль 25 млн. у зарплатнай ведамасці. Галоўныя прэтэндэнты на выхад: Франк Кесье, Феран Торэс і Эрык Гарсія. Хаві ўсё яшчэ верыць у Ансу Фаці, таму яго трансфер не разглядаецца.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты