«Футбалісты не ворагі, 99% з іх не зрабілі дрэнных учынкаў». Чаму былы палітвязень заўзее за зборную Беларусі і нават за Сабаленку
«Калі чую слова «Беларусь», мне адразу, аўтаматам ужо не ўсё роўна».
8 ліпеня 2021 года быў затрыманы галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч. Відавочна, гэта было зроблена па палітычных матывах, але фармальна Марціновіча звінавацілі ў тым, што рэдакцыя няправільна аплочвала камунальныя паслугі. Лукашэнкаўскі «суд» выпісаў за гэта два з паловай гады зняволення. На волю палітвязень выйшаў у жніўні-2023, неўзабаве пасля чаго пакінуў краіну.
Марціновіч – вядомы аматар беларускага спорту, і ніякія палітычныя падзеі не змаглі на гэта паўплываць. Журналіст працягвае заўзець і за беларускія зборныя, і за беларускіх спартоўцаў, не зважаючы на пазіцыю, якую яны абралі пасля выбараў-2020.
Напярэдадні футбольнага матчу кваліфікацыі Еўра-2024 са Швейцарыяй Марціновіч на сваёй старонцы ў Facebook патлумачыў, чаму будзе падтрымліваць беларускіх гульцоў: большасць з іх не зрабіла нічога дрэннага. А яшчэ прыгадаў, як у Бабруйскай калоніі дамаўляўся аб праглядзе гульні БАТЭ ў еўракубках.
Гэты допіс выклікаў разнастайную рэакцыю. Напрыклад, у Марціновіча пацікавіліся, ці заўзее ён за Сабаленку. Аказваецца, так.
Былая выкладчыца факультэту міжнародных адносінаў БДУ Екацярына Дэйкала патлумачыла, чым для яе адрозніваюцца Сабаленка/Глеб/Домрачава ад малавядомых спартсменаў, якія падпісаліся за Лукашэнку, – фінансавай свабодай і магчымасцю рабіць выбар. Маўляў, таму і пытацца з іх трэба па-іншаму.
Марціновіч з гэтым рацыянальна згодны, але нічога не можа зрабіць са сваімі прыхільнасцямі.
Аднадумцаў у яго выявілася не так шмат.
Адзін з падпісчыкаў заявіў, што не можа падтрымліваць зборную БССР (такой яна стала пасля 2020-га), хаця раней амаль не прапускаў матчаў.
Для былога палітвязня Віктара Куўшынава, аднаго са стваральнікаў IT-кампаніі PandaDOC, матч зборнай быў глытком свежага паветра, як толькі ён патрапіў у СІЗА на Валадарскага, але не сёння.
Для кагосьці зборная ў свой час была адзінай сувяззю з футболам, але чамусьці ўсё зламалася.
Камусьці бракуе ў камандзе асоб (палітычны складнік адсоўваецца ў бок).
Нехта перастаў хадзіць на зборную, калі на хатніх матчах пачалі адбіраць нацыянальную сімволіку.
Але ёсць і тыя, хто прапаную глядзець на футбол не толькі праз «апазіцыйныя» акуляры.
Чыя пазіцыя вам больш блізкая? І ці працягваеце вы заўзець за зборныя Беларусі і за беларускіх спартсменаў?