Кейн замахваецца на рэкорд Левандоўскага – колькі заб'е Хары, калі захавае тэмп
У англічаніна ўжо 20 мячоў – усяго за 14 матчаў у новай лізе.
Хары Кейну мала таго, што ён прымусіў заўзятараў «Баварыі» ужо забыцца часы нястрымнай рэзультатыўнасці Роберта Левандоўскага. Англійскі нападаючы, падобна, замахваецца на самы вялікі бамбардзірскі рэкорд паляка ў футболцы мюнхенцаў.
У цэнтральным матчы 15-га тура Бундэслігі каманда Томаса Тухеля разграміла «Штутгарт» 3:0. Пераможны дубль у складзе чэмпіёнаў зрабіў Кейн.
Такім чынам, Хары ўмацаваў сваё лідарства ў спісе бамбардзіраў нямецкай лігі, давёўшы паказчык да 20 галоў. І гэта яшчэ нават не скончыўся першы круг чэмпіянату.
Прадуктыўнасць 30-гадовага форварда, здаецца, не мае мяжы. У такім тэмпе ён можа дасягнуць небывалых паказчыкаў.
🔺 На сёння ў Кейна 20 галоў за 14 матчаў у Бундэслізе. Гэта значыць, у сярэднім Хары забівае 1,42 мяча за гульню.
Калі ён зберажэ тэмп і ў наступных дваццаці турах, то на фініш чэмпіянату прыйдзе з паказчыкам 48 галоў.
🔺 Гэта будзе азначаць новы рэкорд рэзультатыўнасці ў гісторыі Бундэслігі. Папярэднi належыць менавіта Левандоўскаму. Паляк у сезоне 2020/21 забіў 41 гол, пабіўшы папярэдняе дасягненне неверагоднага Герда Мюлера. Той у сезоне 1971/72 настраляў 40 мячоў.
🔺 Па шляху да свайго рэкорду Левандоўскі, як і зараз Кейн, забіў першыя 20 галоў за 14 гульняў. Аналогія, якая наводзiць на канкрэтныя чаканні.
Вось толькі ў выпадку з англічанінам гэты паказчык заадно стаў рэкордам Бундэслігі. Ніхто раней не забіваў першыя 20 галоў у эліце нямецкага чэмпіянату настолькі хутка.
Да прыходу Кейна гэты рэкорд належаў Увэ Зеелеру, якому спатрэбіўся 21 матч. І нават Холанд да гэтага паказчыка ішоў даўжэй – 22 гульні.
Ды і ўвогуле нападаючы «Баварыі» стаў першым, хто ў гэтым сезоне забіў 20 галоў у топ-пяцёрцы чэмпіянатаў Еўропы.
🔺 Акрамя дасягнення Роберта, Хары ў такім тэмпе паб'е заадно і ўласны. Яго персанальны рэкорд выніковасці ў адным розыгрышы чэмпіянату – 30 галоў за «Тотэнхэм» у сезонах 2017/18 і 2022/23.
У чаканні дыскусій пра тое, ці настолькі гэта Бундэсліга слабейшая за АПЛ, ці гэта Кейн яшчэ больш раскрыў свой талент у Мюнхене.
🔺 Яшчэ адно бягучае дасягненне Хары – ён выйшаў на першае месца ў спісе бамбардзіраў 2023 года па колькасці галоў у клубе і зборнай.
Цяпер у англічаніна 51 мяч, тады як у бліжэйшых праследавацеляў – Холанда і Раналду – па 50. А ў Мбапэ – 49.
🔺 А зараз уявіце сабе, наколькі крута ў гэтым сезоне выступае «Баер» Хаві Алонса, калі нават з такім Кейнам «Баварыя» ўсё роўна ідзе толькі другой.
Мюнхенцы адстаюць ад леверкузенцаў на чатыры балы, але маюць гульню ў запасе. Будзе іранічна, калі нават у такой форме Хары не зможа заваяваць свой першы ў кар'еры трафей. Хоць менавіта дзеля іх ён пакінуў «Тотэнхэм» і магчымасць пабіць яшчэ адно гістарычнае дасягненне – бамбардзірскі рэкорд АПЛ імя Алана Шырэра.
Фота: «Баварыя»