Tribuna/Футбол/Блогі/Хто стаў галоўным «Шахцёра» ў 30: трэніраваў юных Лісаковічаў, трапіў за краты ў Бельгіі, узяў бронзу Д2

Хто стаў галоўным «Шахцёра» ў 30: трэніраваў юных Лісаковічаў, трапіў за краты ў Бельгіі, узяў бронзу Д2

Гуляў за «маладзёжку», выбачаўся за мат перад суддзёй.

Аўтар — bytribuna com
3 студзеня, 07:00
Хто стаў галоўным «Шахцёра» ў 30: трэніраваў юных Лісаковічаў, трапіў за краты ў Бельгіі, узяў бронзу Д2

Пасля сыходу ў расiйскi «Сокал» Аляксея Багі галоўным трэнерам «Шахцёра» стаў яго малады памочнік Станіслаў Сувораў. Без усякіх умоўнасцяў – у свае 30 гадоў Сувораў валодае ліцэнзіяй Pro, якая дазваляе паўнавартасна ўзначальваць любую каманду «вышкі». А вось іншыя цікавыя факты з біяграфіі новага трэнера «Шахцёра».

Рана скончыў з футболам

Ураджэнец Капыля спрабаваў пабудаваць кар'еру футбаліста якраз у «Шахцёры». У 2005-м, калі хлопцу было 12, яго забралі ў клубную акадэмію «гарнякоў», якая толькі адкрылася ў Салігорску. Першыя гады хлопцы жылі ў аскетычных умовах. Сувораў успамінаў, што калі самі выхаванцы не заклейвалі вокны да зімы, то потым у пакоі ляжаў снег.

Праз чатыры гады трэніровак у акадэміі Станіслаў дарос да дубля «Шахцёра». Там правы абаронца правёў тры сезоны, за якія адыграў 41 матч і ўзяў срэбра ў 2011-м. Сувораў лічыўся таленавітым па сваім узросце, таму яго выклікалі ў юнацкія зборныя. Аднак ужо тады ў футбаліста былі праблемы са здароўем. Хлопцу двойчы рабілі аперацыю з-за ключыцы, якая выскоквала. Аднойчы Сувораў прачнуўся з тэмпературай 39,5. Футбаліста адвезлі з акадэміі ў бальніцу, дзе прыйшлося правесці два наступныя тыдні.

На пачатку 2012-га неўзабаве пасля выпіскі і нешматлікіх трэніровак Станіслаў паехаў на піцерскі Кубак Садружнасці ў складзе зборнай Беларусі U-21. Тады ў камандзе былі Антон Сарока, Максім Валадзько, Юрый Кавалёў, Сяргей Пушнякоў і Аляксандр Анюкевіч. Сувораў сярод іх не згубіўся – выходзіў на поле ў чатырох матчах з шасці. А каманда дайшла да фіналу, у якім прайграла Расіі 0:2.

Як аказалася, гэта былі апошнія сур'ёзныя матчы ў кар'еры Суворава. Пасля вяртання ў Салігорск кардыяграма абаронцы на медабследаванні выклікала пытанні, а на УГД выявілі парок сэрца, што прывяло да забароны гуляць у футбол.

Двух Лісаковічаў трэніраваў, а з трэцім разам гуляў

У «Шахцёры» пакінулі свайго выхаванца ў сістэме клуба. Першы час Сувораў працаваў адміністратарам, а затым перайшоў на трэнерскую працу з камандай 1998 года нараджэння. У яе складзе знаходзіўся Віталь Лісаковіч, у якім ужо тады малады спецыяліст бачыў вялікі патэнцыял. Потым Сувораў казаў, што гулец мог бы паказваць сябе «на найвышэйшым узроўні футбола, калі б ён быў больш сур'ёзны хлопец».

З камандай 1998 года нараджэння трэнер працаваў чатыры гады, давёўшы да звання чэмпіёнаў Беларусі па сваiм ўзросце. Пасля Сувораву даверылі склад 2002 года нараджэння, дзе гуляў ужо Руслан Лісаковіч, малодшы брат Віталя. З гэтым узростам Сувораву чэмпіёнам стаць не ўдалося – каманда фінішавала на трэціх-чацвёртых месцах пасля сталічных школ.

Сувораў паспеў перасекчыся і з трэцім Лісаковічам – сярэднім братам Дзмітрыем. У 2017-м трэнер, якога да таго моманту паралельна прызначылі начальнікам маладзёжнага аддзялення «Шахцёра», нечакана аднавіў кар'еру ва «Уздзе» з Д3. Там жа ў 2018-м Сувораў пагуляў і з Лісаковічам-сярэднім, які па ходзе сезона перайшоў у мінскае «Тарпеда». Дарэчы, у 2019-м за «Узду» гуляў арандаваны ў «Шахцёра» Руслан Лісаковіч. А Сувораў у 2021-м правёў яшчэ два матчы за «Капыль» – па адным у Д3 і Кубку Беларусі.

«Праблемы са здароўем мяне не трывожаць. Яны могуць у любы момант адбіцца. Можна хадзіць пешшу – і здарыцца нешта дрэннае, а можна бегаць – і нічога не будзе», – распавядаў Сувораў.

Сядзеў у бельгійскім ізалятары

У студзені 2019-га Сувораў з яшчэ трыма калегамі з акадэміі «Шахцёра» трапіў у непрыемную гісторыю. Трэнеры прыбылі ў Бельгію на стажыроўку ў «Бруге», але былі затрыманыя пры праходжанні пашпартнага кантролю ў аэрапорце. Бельгійцам не спадабалася тое, што шэнгенскія візы выдавала Літва, а трэнеры прыляцелі ў аэрапорт Шарлеруа наўпрост з Мінска (так, некалі такія рэйсы існавалі).

«Калі яны зірнулі на пашпарт, на нашыя візы, то ўзніклі нейкія пытанні. Папрасілі афіцыйнае запрашэнне з футбольнага клуба «Бруге». Мы ім прад'явілі, але яны нават у рукі не ўзялі. Аддалі назад», – расказваў Сувораў.

У выніку трэнераў адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання – умовы там былі не беларускія рэжымныя, а чалавечыя. Пасля дзвюх начэй у будынку, абгароджаным калючым дротам, трэнераў вярнулі ў аэрапорт і адправілі самалётам назад у Беларусь.

Два дні трэніраваў «Шахцёр»

У пачатку 2020-га Суворава прызначылі галоўным трэнерам дубля «Шахцёра». У тую перадсезонку з другой камандай «гарнякоў» працаваў Сяргей Мацвейчык, якому метады маладога коўча спадабаліся.

«Вельмі класныя трэніроўкі. Ён малайчына. Але я падыходзіў: «Уладзіміравіч, можа, мне як старэйшаму крыху знізіць [нагрузкі]», – казаў Мацвейчык.

Да канца лета 2020-га дубль ішоў на чацвёртым месцы ў чатырох балах ад лідараў з мінскага «Дынама». Тады ж пасаду галоўнага трэнера асноўнай каманды «Шахцёра», якая ішла першай у ЧБ, нечакана пакінуў украінец Юрый Вернідуб. І 3 верасня в. а. галоўнага трэнера быў прызначаны якраз Сувораў, якому на той момант было 27 гадоў 5 месяцаў і 15 дзён.

«Гэта каб «Дынама» Мiнск чэмпіёнам стала? Іншых думак няма», – напісаў пасля прызначэння агент Валерый Ісаеў.

У ЧБ тады была паўза на матчы зборных – бліжэйшая гульня ў «Шахцёра» была 12 верасня з «Віцебскам». У ёй Станіслаў мог бы стаць самым маладым трэнерам у гісторыі вышэйшай лігі (пра што падрабязней ніжэй). Аднак клубнае кіраўніцтва ўжо 5 верасня прызначыла пастаянным галоўным трэнерам яшчэ аднаго ўкраінца Рамана Грыгарчука.

Сувораў жа вярнуўся ў дубль «Шахцёра», з якім фінішаваў на трэцім месцы. Бронзавы поспех каманда паўтарыла і ў 2021-м.

Станавіўся прызёрам Д2

У 2022-м Сувораў стаў галоўным трэнерам «Шахцёра» з Петрыкава – фарм-клуба салігорскай каманды ў Д2, які ў 2021-м стаў сёмым. Пры маладым коўчы петрыкаўскі калектыў стаў прызёрам першай лігі, узабраўшыся на трэцяе месца («стыкі» за Д1 не гуляў толькі з-за статусу фарма). І гэта пры тым, што ўжо ў чэрвені ў каманды ў Салігорск забралі галоўную зорку – Ягора Карпіцкага, які за восем матчаў у Д2 паспеў забіць 10 разоў. Ну а найлепшым бамбардзірам усяго сезона першай лігі стаў яшчэ адзін петрыкавец Максім Кавалевіч (13 галоў і 10 асістаў), які ў 2023-м стаў пастаянным гульцом салігарчан.

Сувораў у 2022-м адзначыўся ў канцы кастрычніцкага матча са «Слонімам-2017» (2:3), калі за некалькі секунд атрымаў адразу дзве жоўтыя карткі. Пасля другога папярэджання Сувораў, паводле запісу ў пратаколе, «выражаўся нецэнзурнай лаянкай у адрас галоўнага арбітра», аднак «пасля заканчэння матча прынёс прабачэнні» – такое суддзі ў Беларусі адзначаюць вельмі рэдка.

З фінальным свістком на поле выйшлі заўзятары «Шахцёра», якія таксама ў славеснай форме пачалі прад'яўляць прэтэнзіі арбітру. Па выніку Петрыкаў аштрафавалі на 6400 рублёў і забаранілі гледачоў на наступнай «дамашцы», а Суворава дыскваліфікавалі на дзве гульні.

Павінен стаць пятым па ўзросце трэнерам з матчам у Д1

У снежні 2022-га коуч пакінуў Петрыкаў і ўвайшоў у трэнерскі штаб Аляксея Багі ў салігорскім «Шахцёры».

«Усю размінку праводзіў, усе тактыкі, у трэніроўках удзельнічаў. Кінулася ў вочы, што ён вельмі патрабавальны, любіць перамагаць і не любіць прайграваць», – дзяліўся ўражаннямі ад працы трэнера Мікіта Капленка.

Праз год, 15 снежня 2023-га, Сувораў афіцыйна стаў новым галоўным трэнерам «Шахцёра», што было яго даўняй марай. На момант прызначэння трэнеру споўнілася 30 гадоў 8 месяцаў і 26 дзён, а першы матч у «вышцы» Cувораў па плане правядзе напярэдадні 31-годдзя. І толькі чатыры спецыяліста выводзілі каманды на гульні Д1, будучы маладзейшымi.

Аляксей Кучук абагнаў Суворава зусім крыху. Пры прызначэнні ў «Крумкачы» напрыканцы траўня 2017-га Кучуку-малодшаму было 30 гадоў 8 месяцаў 15 дзён. Клуб тады адчуваў фінансавыя цяжкасці і ішоў на 12-м месцы, а няўдалыя вынікі і праблемы з выплатамі прывялі да растання з украінскім трэнерам Уладзімірам Пяценкам. Пасля гэтага Кучук, які трэніраваў дубль, узняўся ў аснову. З ім каманда, страціўшы ўлетку шматлікіх лідараў, фінішавала 13-й і захавала элітную прапіску, але апусцілася ў другую лігу з-за ўласных праблем і падкопаў АБФФ. Кучук трэніраваў «Крумкачы» да траўня 2019-га, вывеўшы каманду ў Д2.

Аляксей Шпілеўскі ўзначаліў брэсцкае «Дынама» у канцы чэрвеня 2018-га ва ўзросце 30 гадоў 4 месяцы 12 дзён, замяніўшы звольненага Сяргея Кавальчука. Да таго Шпілеўскі працаваў толькі ў акадэміях нямецкіх «Штутгарта» і «Лейпцыга». Першая праца ў дарослым футболе суправаджалася выгнаннем ключавых футбалістаў на чале з Арцёмам Мілеўскім за выпітае піва, сваркай са штабам Івана Біёнчыка і інтэрв'ю маці-агента. Ужо ў жніўні 2018-га пасля еўракубкавага паражэння 0:4 ад кіпрскага «Апалона» Шпілеўскі быў звольнены.

Віктар Ганчарэнка ўпершыню часова ўзначаліў БАТЭ ва ўзросце 29 гадоў 10 месяцаў, калі ў красавіку 2007-га здарыўся інфаркт у галоўнага трэнера каманды Ігара Крывушэнкі. Пакуль той ляжаў у лякарні, выконваць яго абавязкі даверылі памочнiку. За паўтара месяца БАТЭ пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі правёў восем матчаў, перамогшы ў сямі. У другой палове траўня Крывушэнка зноў прыступіў да сваіх абавязкаў, а ў канцы таго ж 2007-га сышоў у мiнскае «Дынама». Кіраўнік БАТЭ Анатоль Капскі казаў, што пасля гэтага для яго не існавала іншых варыянтаў на пасаду галоўнага трэнера, акрамя Ганчарэнкі.

Урэшце, самым маладым трэнерам у гісторыі ЧБ у 27 гадоў 6 месяцаў у ліпені 2009-га стаў Кірыл Альшэўскі. Тагачасны уладальнiк мінскага «Дынама» Юрый Чыж замяніў Славалюба Мусліна на юнага коўча дубля. Прызначэнне вельмі не спадабалася Сяргею Гурэнку, які бачыў менавіта сябе пераемнікам серба, а стаў толькі асістэнтам. Пры Альшэўскім «Дынама» не прайграла – адна перамога і дзве нічыiх, аднак і гэта Чыжа не задаволіла. Малады трэнер быў зняты, а каманду ўсё ж такі прыняў Гурэнка, які адкрыта выступаў супраць прамога начальніка.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты