Tribuna/Гандбол/Блогі/Гераічны камбек Фарэр у прысутнасці 10% насельніцтва краіны і яшчэ 2 галоўныя сенсацыі на ЧЕ па гандболе

Гераічны камбек Фарэр у прысутнасці 10% насельніцтва краіны і яшчэ 2 галоўныя сенсацыі на ЧЕ па гандболе

Без вялікага майстэрства, але з характарам.

Аўтар — Sam_Na_Sam
25 студзеня, 15:23
Гераічны камбек Фарэр у прысутнасці 10% насельніцтва краіны і яшчэ 2 галоўныя сенсацыі на ЧЕ па гандболе

Чэмпіянат Еўропы па гандболе ў Германіі ўжо на зыходзе. Наперадзе барацьба за медалі, якія аспрэчаць гранды – Францыя, Швецыя, Германія і Данія. Золата любой з гэтых зборных не стане сенсацыяй. Усё самае дзіўнае засталося на пачатковым этапе топ-турніру. Прывядзем некалькі найбольш яскравых прыкладаў.

Швейцарыя - Францыя 26-26

Самыя вялікія поспехі швейцарцаў здарыліся яшчэ калі ў гандбол гулялі 11 на 11. А ў 21-м стагоддзі ў іх толькі адна перамога на Еўра. Немцам у першы дзень турніру швейцарцы закінулі ўсяго толькі 14 мячоў. І гэта на вачах рэкордных для святовага гандбола 53 тысяч заўзятараў! Але затым падапечныя Міхаэля Зутэра нечакана далі бой сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету французам. Хоць букмекеры давалі на такі вынік прыкладна 2 адсоткі. Магчыма, Андзі Шміта і кампанію раззлаваў канфуз у першай сустрэчы. І хлопцы вырашылі даказаць, што прыехалі ў Германію не ў якасці турыстаў. Калі так, то атрымалася. Характар прадэманстравалі на ўвесь Стары Свет.

Боснія і Герцагавіна - Грузія 19:22

Яшчэ больш сціплыя дасягненні ў гандболе былі ў грузін. Яны абсалютныя дэбютанты топ-турніраў. І адзіная з падобных зборных на гэтым Еўра, каму ўдалося адсвяткаваць перамогу. Гістарычным для каўказцаў стаў матч супраць Босніі і Герцыгавіны. У сярэдзіне першага тайма фаварыт быў наперадзе 8:2. Але пасля слабога дэбюту грузіны здзейснілі неверагодны камбэк. А адным з яго герояў стаў брамнік Зураб Цынцадзэ, які паспяваў рабіць сэйвы ў варотах і небяспечна выбягаць у атаку, ставячы суперніка ў тупік. Не здзівімся, калі пасля гэтага подзвігу на каларытнага грузіна звернуць увагу клубы ўзроўню Лігі Чэмпіёнаў.

Фарэрскія выспы – Нарвегія 26:26

Фарэры таксама дэбютанты. Насельніцтва гэтай краіны - 53 тысячы чалавек. Менш, чым у Слуцку ці Жодзіна. Але на выспах вельмі шмат стандартных гандбольных пляцовак. І гэта дае свой плён. Ды і людзі ў добрым сэнсе хворыя на ручны мяч. Уявіце сабе, на чэмпіянат Еўропы ў Берлін прыехаў кожны дзясяты жыхар краіны. Неймаверная лічба! І самі гульцы пры такой падтрымцы не маглі падвесці. З групы яны, вядома, не выйшлі. Але прыемна здзівілі. Больш за ўсё ў матчы супраць Нарвегіі, на хвіліначку, бронзавага прызёра пазамінулага Еўра. За некалькі хвілін да фінальнай сірэны андэрдог саступаў тры мячы. Але гераічна адыграўся. Гэтую падзею на Фарэрах святкавалі з размахам. А пяці тысячам фарэрскіх заўзятараў пашчасціла ўбачыць гістарычную перамогу ўжывую.

Цалкам магчыма, што яна так і застанецца галоўным для маленькай краіны спартыўным дасягненнем года.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты