Tribuna/Хакей/Блогі/«Беларусія» без трэнера прайграла ўсім расіянам (нават з Д2), пакрыўдзіла суддзю, гуляла без кіпера ў авертайме – і гэта завецца «добры хакей»

«Беларусія» без трэнера прайграла ўсім расіянам (нават з Д2), пакрыўдзіла суддзю, гуляла без кіпера ў авертайме – і гэта завецца «добры хакей»

Турнір, куды не захацелі ехаць нават кітайцы.

Аўтар — bytribuna com
19 снежня, 12:01
«Беларусія» без трэнера прайграла ўсім расіянам (нават з Д2), пакрыўдзіла суддзю, гуляла без кіпера ў авертайме – і гэта завецца «добры хакей»

З 14 па 17 снежня ў расійскім Санкт-Пецярбургу прайшоў хакейны «Кубак Першага канала». Сярод чатырох удзельнікаў таварыскага турніру была і зборная Беларусі, якая з цяжкасцю заняла другое месца. Здавалася б, окей – проста каманда падала прыкметы жыцця на спаборніцтве, даступным ва ўмовах міжнароднага бана, хай і названым у гонар галоўнага прапагандысцкага тэлевізійнага рупара ваеннай палітыкі краіны-агрэсара. Але не – рэжымны кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч паспрабаваў выставіць вынік вялікім поспехам.

– Зборная Беларусі паказала добры змястоўны хакей. У кожным матчы было бачна, наколькі каманда хоча дабіцца перамогі. «Кубак Першага канала» – прэстыжны турнір, дзе кожны гатовы праявіць сябе на максімум, – заявіў Багдановіч.

Што ж, давайце разбяромся больш падрабязна, што гэта быў за такі «прэстыжны турнір» і што на ім паказала беларуская каманда.

Пытанні пачынаюцца ўжо на складзе ўдзельнікаў. Першапачаткова ён быў такім: зборныя Беларусі, Казахстана і Кітая і каманда «Расія 25» – па факце «цацка» Рамана Ратэнберга. Гэта выхадзец з сямʼі блізкіх да Уладзіміра Пуціна алігархаў (самыя вядомыя прадстаўнікі сямʼі пад санкцыямі, у тым ліку сам Раман), які захацеў трэнаваць у хакеі – і спачатку атрымаў у распараджэнне СКА, які кантралюецца сямʼёй, а затым і практычна альтэрнатыўную зборную Расіі, да моманту стварэння якой ужо даўно быў першым віцэ-прэзідэнтам федэрацыі хакея. Колькасць у назве – гэта ўсяго толькі фармальная арыентацыя на ўзрост калектыву, хоць, здаецца, галоўным крытэрам для траплення ў яе аказваецца гульня за СКА: у клубе выступаюць 14 з 29 гульцоў цяперашняга складу «Расіі 25». Праз прывязку да ўзросту і з іншых прычын гэта далёка не наймацнейшы склад расійскай каманды, пра што мы ўжо распавядалі, калі беларуская зборная гуляла з «дваццаць пятымі» цэлую серыю матчаў.

Аднак незадоўга да старту турніру стала вядома, што каманда Кітая на яго не прыедзе – як патлумачыў Ратэнберг, праз забарону ад свайго міністэрства спорту (вось так «дружалюбная» для Расіі і Беларусі краіна). Зборную, якая гуляе ў сусветным Д3, у тэрміновым парадку замяніў яшчэ адзін расійскі калектыў, названы «Зоркі і ВХЛ». У ім сабралі 16 хакеістаў ВХЛ, другой па сіле расійскай лігі, і «маладых зорак расійскага хакея» – 10 гульцоў з КХЛ. І так, і тут восем чалавек з 26 прадстаўлялі сістэму СКА.

Яшчэ да ўсіх гэтых зменаў стала вядома, што на такі важны турнір не паедзе расійскі галоўны трэнер зборнай Беларусі Дзмітрый Квартальнаў. Гэта пацвердзіў сам Багдановіч, сказаўшы, што гэта зроблена ў інтарэсах мінскага «Дынама», дзе таксама кіруе Квартальнаў, пасля размовы з коўчам. Так часовым галоўным у зборнай стаў прарэжымнік Канстанцін Кальцоў. Склад у яго аказаўся дыхтоўным – практычна ўсе наймацнейшыя беларускія гульцы з КХЛ.

Першы матч быў супраць Казахстана – 11-я зборная на ЧС-2023 прывезла, можна сказаць, эксперыментальны склад з прыцэлам на змену пакаленняў. Яго беларуская каманда без асаблівых праблем абгуляла 6:2. Следам быў асобны турнір у фармаце 3х3 – там беларуская зборная стала трэцяй, але гэта наогул не варта аналізу. А потым ужо чакаў матч з «Расіяй 25» – і Ратэнберг перад ім як быццам «слаў салому»: заявіў, што ў Беларусі «вельмі сурʼёзна ставяцца да развіцця хакея», «матывацыя на ўзроўні Лукашэнкі», а зборная «вельмі моцная, усе хлопцы – лідары каманд КХЛ, нават у мінскім «Дынама» лідары – беларусы, выйгралі канкурэнцыю ва ўсіх замежнікаў» (толькі вось чамусьці ў топ-8 па пунктах за мінскі клуб у гэтым сезоне толькі два хакеісты зборнай, астатнія якраз замежныя гульцы).

Сам матч прайшоў не вельмі лагічна: пры вялікай перавазе гаспадароў па кідках госці тройчы выходзілі наперад. Аднак у апошняй пяціхвілінцы расіяне ўсё ж рэалізавалі дзве большасці, пасля чаго закінулі ў пустыя – і зафіксавалі сваю перамогу 5:3. Па кідках у створ атрымалася 45:19 – і адной толькі лёгкай добразычлівасцю суддзяў да «Расіі 25» такую ейную перавагу не растлумачыць. Нягледзячы на гэта, Ратэнберг і пасля матчу заявіў, што супернік, маўляў, «вельмі моцны» (прычым паўтарыў двойчы), а «кожны з гульцоў зборнай Беларусі – лідар свайго клуба».

На прэс-канферэнцыі пасля матчу да Ратэнберга звярнуліся і як да «чалавека з федэрацыі хакея». Зрабіў гэта супрацоўнік «Прэсбола» Артур Борыс, які паскардзіўся, што «на турнірах пастаянна называюць «Беларусія», хаця краіна ў нас «Беларусь», і папрасіў «пра дапамогу». Ратэнберг адказаў, маўляў, «абавязкова ўсё палепшым», і выгаварыў «зборная Беларусь». Вынік аказаўся нулявым – на наступны дзень на сайце ФХР па-ранейшаму пісалі «зборная Беларусі».

У заключнай сустрэчы з «Зоркамі і ВХЛ» беларускай камандзе дастаткова было давесці справу да авертайму, каб заняць другое месца (першае было ўжо недасяжная). Але на 11-й хвіліне вырашыў ускладніць задачу абаронца Даніла Бокун, які наштосьці тыцнуў кулаком у спіну суддзі, завошта атрымаў матч-штраф. Кальцоў пасля матчу сказаў, што, «магчыма, Данііл хацеў крышку адштурхнуць суддзю, каб уступіць у барацьбу». Ну-ну.

Вызначыўся сваімі рашэннямі ў матчы і сам Кальцоў. На пачатку другога перыяду беларускі штаб запатрабаваў відэапрагляд трэцяй шайбы «Зорак і ВХЛ» – аказалася, там усё чыста, таму зборную пакінулі ў меншасці, у якой лік стаў 2:4. Неўзабаве разрыў скарацілі, а ўжо на пятай хвіліне трэцяга перыяду Кальцоў, калі Беларусь засталася ў большасці, зняў брамніка – такое «жаданне перамагчы» больш паходзіла на неразважлівасць. Зрэшты, Беларусь і не прапусціла, а ў самым канцы ўжо больш лагічна зноў пакінула вароты пустымі – і такі зраўняла лік.

Так Беларусь стала другой на турніры – але, відаць, Кальцову так спадабалася ідэя з брамнікам, што і ў авертайме матча ён зняў яго. Гэтым разам Беларусь проста прапусціла і прайграла (4:5 АТ).

Кіраўнік Федэрацыі хакея Расіі Уладзіслаў Траццяк пасля турніру ўсё роўна сказаў пра зборную Беларусі: «Вельмі спадабалася, добрая, баявая, навучаная каманда». Аднак у сухім выніку – адзіная перамога над казахстанцамі, ледзь выратаваная нічыя ў асноўны час з камандай, па большай частцы складзенай з гульцоў расійскага Д2, і пара дзіўных эпізодаў. Што ж, такія зараз у белхакея «прэстыжныя турніры».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты