Tribuna/Іншыя/Блогі/Маск і Цукерберг хочуць пабіцца ў клетцы. Ілан ужо прапанаваў лакацыю, але з'явілася яго мама і ўсё скасавала

Маск і Цукерберг хочуць пабіцца ў клетцы. Ілан ужо прапанаваў лакацыю, але з'явілася яго мама і ўсё скасавала

Вось да чаго прыводзяць сацыяльныя сеткі.

23 чэрвеня, 07:25
Маск і Цукерберг хочуць пабіцца ў клетцы. Ілан ужо прапанаваў лакацыю, але з'явілася яго мама і ўсё скасавала

Марк Цукерберг, генеральны дырэктар кампаніі Meta, і ўласнік кампаніі Twitter Ілан Маск загаварылі пра паядынк ў клетцы. Усё праз новую праграму, якую распрацоўвае кампанія Цукерберга.

Цукерберг рыхтуе адказ Twitter. Гэта не спадабалася Маску, які высмеяў ідэю

Meta анансавала выхад праграмы Threads. Папярэдне публікацыя тэксту ў Threads будзе абмежавана 500 знакамі, а дызайнам і функцыяналам будзе нагадваць Twitter.

У Meta гэта ўжо назвалі «адказам Twitter». Дырэктар па прадуктах Meta Крыс Кокс намякнуў на праблемы Twitter, якія публічна абмяркоўваюцца не першы месяц:

«Мы чулі ад распрацоўшчыкаў і грамадскіх дзеячаў, што яны зацікаўленыя ў платформе, якая будзе працаваць разумна і якой, на іх думку, яны могуць давяраць і на якую можна разлічваць у плане распаўсюджвання».

Менавіта праблемы з апошнім пунктам выклікаюць найбольшую рэакцыю ў карыстальнікаў Twitter. Маск з першых дзён пасля пакупкі кампаніі пазіцыянаваў сябе як змагар з фэйкамі, фэйкавымі акаўнтамі і ботамі.

Затое рэальныя кампаніі атрымалі сур'ёзныя праблемы і рэальныя страты, калі ў сацыяльнай сетцы змянілася сістэма верыфікацыі – сёння сінюю птушачку, якая раней пацвярджала рэальнасць акаўнта, можна купіць за штомесячны плацёж, а атрымаць новую птушачку верыфікацыі (залацістую) стала значна складаней. Акрамя гэтага, дзесяткі робатаў разганяюць расійскія фейкі наконт вайны ва Украіне, пра якую і сам Маск выказваецца вельмі неадназначна.

Ілану ідэя Цукерберга не спадабалася:

«Упэўнены, што Зямля не можа дачакацца моманту, калі апынецца выключна ва ўладзе Цука, не маючы іншых варыянтаў. Прынамсі, гэта будзе «разумна». Я на імгненне занепакоіўся».

Маск заявіў, што гатовы пабіцца з Цукербергам. Той заклікаў даслаць яму месца

Пасля серыі рэакцый у твітэры, Маск адрэагаваў на адну з іх гатоўнасцю сустрэцца з Цукербергам у клетцы:

«Я гатовы да сустрэчы ў клетцы, калі ён гатовы», – напісаў Ілан.

Марк адрэагаваў:

«Прыйшлі мне месца».

Маск адказаў:

«Вегас Актагон».

Цукерберг актыўна займаецца джыу-джытсу, а Маск кажа, што мае фірменны прыём

Марк Цукерберг рэгулярна займаецца бразільскім джыу-джытсу і нават удзельнічаў у турнірах.

А яшчэ трэніруе змешаныя адзінаборствы.

Маск займаўся кіёкушынкай каратэ, але кажа, што цяпер не трэніруецца ўвогуле: «Хіба што бяру дзяцей і падкідаю іх у паветра».

Пры гэтым заяўляе пра свой асаблівы прыём:

«У мяне ёсць выдатны прыём, які я заву «Морж» – калі проста ляжу на суперніку і нічога не раблю».

Аднак хайп на паядынках для Ілана – норма. Увесну 2022-га ён прапаноўваў кіраўніку РФ паядынак:

“Я кідаю выклік Уладзіміру Пуціну. У адзінаборстве. Стаўка – Украіна», – напісаў Маск у Twitter.

Тады нічога не адбылося і наўрад ці адбудзецца гэтым разам. У сацсеткі ўжо прыйшла мама Маска, былая паўднёваафрыканская мадэль, і заявіла, што скасавала двубой.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты