Ніхто не хацеў саступаць. Частка другая. Чаму сутыкнення Хэмілтана і Ферстапена ў Монцы варта было чакаць

Фота: formula1.com

Уік-энды са спрынтамі ў Формуле-1 варта праводзіць хаця б таму, што на іх супрацьстаянне Льюіса Хэмілтана і Макса Ферстапена дасягае пікавых значэнняў. Вось і на Гран Пры Італіі ў Монцы яны знайшлі адзін аднаго на трасе. Чаканы вынік прынцыповай барацьбы за чэмпіёнства.

Ізноў, як і пасля Гран Пры Вялікабрытаніі, усе абмяркоўваюць не эксперыментальны фармат ўік-энду са спрынтам, яго хібы і станоўчыя рысы, а сутыкненне пілотаў Mercedes і Red Bull. А гэта ж у значнай ступені менавіта спрынтэрскі заезд у суботу прывёў да таго, што падзеі ва ўчарашняй асноўнай гонцы развіваліся па такім сцэнарыі, які мы бачылі!

Што стала прычынай дрэннага старту Хэмілтана ў суботнім спрынце, застаецца толькі здагадвацца, аднак менавіта яна стала першым звяном у ланцугу далейшых падзей. Праваліўшыся з другой пазіцыі на шостую, сяміразовы і дзейсны чэмпіён затым адыграў толькі адну, і тое дзякуючы аварыі, у якую на першым жа кругу патрапіў пілот AlphaTauri П’ер Гаслі – пераможца мінулагодняга Вялікага Прызу Італіі.

І гэта было другое звяно ў згаданым ланцугу. Француз мог бы сыграць ролю дадатковага буферу паміж брытанцам і Ферстапенам, які стартаваў трэцім, а пасля памылкі Льюіса стаў другім. А ў нядзелю стартаваў увогуле першым, бо пераможца пятнічнай кваліфікацыі і спрынту і цяпер ужо паўнавартасны ўладальнік поўлу Валтары Ботас, які з Мерсэдэсам у канцы гэтага года развітваецца (дакладней, гэта Мерсэдэс развітваецца з ім), у нядзелю вымушаны быў стартаваць апошнім праз штраф за замену элементаў сілавой устаноўкі.

Гаслі ж напярэдадні кваліфікаваўся шостым, але на старце спрынту памыліўся і зламаў пярэдняе антыкрыло, ткнуўшыся ім у карму машыны Даніэля Рыкарда. Даехаць да боксаў П’ер не змог – дэталь баліду канчаткова адламалася ў павароце Curva Grande, дзе з трасы зляцеў і сам гоншчык AlphaTauri.

Так што ў нядзелю ён пачынаў гонку з піт-лэйну (на яго балідзе таксама памянялі элементы сілавой устаноўкі), дый удзел у ёй прымаў толькі да пятага круга, калі вымушаны быў праз механічныя праблемы спыніцца ў боксах. Катастрафічны ўік-энд для каманды Франца Тоста, бо Юкі Цунода ўчора не стартаваў увогуле – калі японец ужо быў заняў сваю пятнаццатую стартавую пазіцыю, на яго балідзе знайшлі праблемы з тармазамі. Машыну адбуксіравалі для рамонту ў гараж, адкуль Юкі так і не выехаў.

І гэта можна назваць трэцім звяном ланцуга падзей – Ботас падняўся на адну пазіцыю, што, як потым высветлілася, было надзвычай важна! Як, натуральна, важнай была і хуткасць абодвух гоншчыкаў McLaren. У пятніцу Ланда Норыс з Даніэлем Рыкарда саступілі толькі пілотам Мерсэдэса і Ферстапену, а пасля суботніх праблем Хэмілтана і штрафа Ботаса ужо мелі шанцы і на перамогу. Асабліва Дэн, які ў суботу стартаваў за спінай свайго маладога напарніка, аднак апярэдзіў яго на старце спрынта.

Вось вам і чацвёртае звяно нашага ланцуга. Таму што Рыкарда хай сабе і пачынаў учарашнюю гонку з бруднага боку галоўнай прамой Монцы, на старце не толькі не страціў пазіцыі, як Хэмілтан мінулым вечарам, але і адабраў першую у Ферстапена! Пры гэтым Макс следам апынуўся пад атакай з боку Хэмілтана, які на старце змог абысці Норыса. Аднак жорсткая абарона ў Variante della Roggia дапамагла і нідэрландцу пазіцыю адстаяць, і Норысу вярнуць страчаную – Хэмілтан ізноў апынуўся ў яго ззаду.

Рыкарда ж для Ферстапена аказаўся цяжкадасягальным. Абганяць-та ў Монцы магчыма, толькі наблізіцца на адлегласць атакі і ўтрымацца ў ёй тут на цяперашніх балідах з іх аэрадынамікай цяжка. Ды і шыны, выбар якіх на ўік-эндах са спрынтамі для ўсіх свабодны, ў абодвух на стартавым адрэзку былі аднолькавыя – Medium (сярэдняга кампаўнду С3), так што і тут перавагі ў Макса не было.

І менавіта з шынамі і быў звязаны ключавы момант італьянскага Гран Пры. Дакладней, як высвятляецца цяпер, з працэдурай іх змены. Нядаўна прынятая дырэктыва FIA прадпісвае механікам з гайкавёртамі пасля сканчэння працэдуры націскаць на кнопку, каб пацвердзіць, што сапраўды скончыў сваю працу, кола на месцы і гоншчык можа рухацца.

Карацей, калі ў канцы дваццаць чацвёртага круга (праз круг пасля Рыкарда) боксы наведаў Ферстапен, механік, які адказваў за правае пярэдняе кола, сваю кнопку націснуць чамусьці забыўся. Дасканалы механізм піт-стопаў Red Bull даў збой у самы крытычны момант! Замест двух з невялічкім секунд Макс прастаяў каля свайго гаража адзінаццаць, страціўшы, як высветлілася крыху пазней, не толькі шанцы на перамогу.

Але іроніяй лёсу, яго здзекам або жартам – каму як болей падабаецца – ёсць не гэтая крыўдная замінка і не тое, што праз яе Макс вярнуўся на трасу ў канцы першай дзясятцы. Сапраўдны круты паварот адбыўся праз два кругі, калі на піт-стоп заехаў Хэмілтан, і ў яго таксама была замінка! Не такая доўгая, як у Ферстапена, але яе хапіла, каб па вяртанні на трасу Льюіс апынуўся сам-насам са сваім галоўным канкурэнтам. Ну а тое, што здарылася далей, было запраграмавана.

У шыкане Rettifilo цесна, уваход у яе і выхад з яе складаныя – спачатку даводзіцца адтарможвацца дзесьці з 350 км/г, потым рэзка руліць управа-улева. А калі там яшчэ і два баліды, двух гоншчыкаў двух розных каманд, якія на роўных змагаюцца за чэмпіёнства…

Саступаць, як і тады, на Сільверстоўне, ізноў ніхто не хацеў. Хэмілтан рухаўся па сваёй траекторыі – унутранай на ўваходзе ў шыкану, Ферстапен да апошняга заставаўся на сваёй, і ўжо здавалася, што зараз атрымае перавагу на выхадзе. Але левымі коламі пілот Red Bull наехаў на абмежавальны парэбрык, на якім карму яго баліда падкінула ўверх. Прызямліўся Макс ужо на Mercedes Льюіса, пасля чаго яны тандэмам апынуліся ў гравіі і выбылі з гонкі.

Зараз гоншчыкі Формулы-1, што былыя, што дзейсныя, і эксперты ў асноўным прыйшлі да кансэнсусу: вінаваты ў гэтым інцыдэнце Ферстапен. Маўляў, ён мог бы атакаваць меней прынцыпова, і лепей было б зрэзаць шыкану, каб атакаваць Хэмілтана пазней. Але персанальна я як не лічыў самога Льюіса адназначна вінаватым у інцыдэнце на Гран Пры Вялікабрытаніі, так устрымаюся ад ускладання ўсёй адказнасці на Макса цяпер.

Яшчэ раз паўтару тое, што сказаў пасля этапу на Сільверстоўне: гэта з каментатарскай кабіны ці са сваёй канапы добра даваць парады ўдзельнікам гонкі. Калі ж вы і ёсць гэты гоншчык, ды яшчэ і ў чэмпіянаце лідзіруеце, а тут лідарства можаце страціць, то і мозг ваш працуе інакш, і рашэнні вы прымаеце, кіруючыся сваёй логікай, а не экспертнай.

Таму на маю думку мы ўчора зноў пабачылі гоначны інцыдэнт, характэрны для сітуацыі з двума прэтэндэнтамі на тытул. Такое часам здараецца, а ў выпадку з настолькі прынцыповымі супернікамі, як Ферстапен і Хэмілтан, будзе здарацца і надалей. Перафразоўваючы стары анекдот, Макс думаў: «Праскочу!», а Хэмілтан думаў: «Я пятнаццаць гадоў за стырном баліда Формулы-1 і ў мяне сем чэмпіёнскіх тытулаў – хрэн ты ў мяне праскочыш!».

Не буду наракаць і на суддзяў, якія таксама прызналі гоншчыка Red Bull вінаватым і пазбавілі яго трох пазіцый на старце наступнай гонкі ў Сочы. Яны кіруюцца шматлікімі пунктамі рэгламенту, і рашэнні іх мусяць гэтаму рэгламенту адпавядаць. Адзначу толькі, што ў некаторых выпадках не пашкодзіць і пэўны лібералізм. Мы ж менавіта па такой Формуле-1 сумавалі столькі гадоў – з жорсткай прынцыповай барацьбой кола ў кола і ў тым ліку і вось такімі вось вострымі момантамі. А так атрымліваецца, што гоншчыкаў ад гэтага адахвочваюць.

Хоць момант сапраўды быў востры ва ўсіх сэнсах. Калі б не ахоўная дуга Halo, Льюіс мог бы атрымаць цяжкія траўмы галавы – днішча баліду Ферстапена і яго правае задняе кола як раз на тую дугу і абрушыліся. Так што яна можа і не ёсць лепшым элементам з пункту гледжання дызайну, аднак сваю першасную ролю па абароне жыццяў пілотаў выканала ўжо неаднаразова.

Я ж са свайго боку, застаючыся пры сваім меркаванні аб гэтым здарэнні, запрашаю сваіх чытачоў не толькі дзяліцца сваімі думкамі на гэты конт тут у каментарыях, але і прыняць удзел у апытанцы, якую зладзіў на сваёй старонцы ў Твітары (спасылку на яе вы бачыце ніжэй). Мне сапраўды цікава, хто з вас што думае пра гэты эпізод і ці сыходзяцца мае адчуванні з адчуваннямі іншых. Ды і пэўнае юсціраванне ім не пашкодзіць, дапаможа паглядзець на сітуацыю па-новаму і з іншага боку. Галасаванне будзе працягвацца да канца тыдня – вітаю ў ім усіх!

Дзе я з суддзямі цалкам згодны, дык гэта ў выпадку з пяцісекундным штрафам напарніку Ферстапена Серхіа Перэсу. На што разлічваў мексіканец, рэжучы шыкану ў Variante della Roggia пры абгоне Леклера пасля рэстарту гонкі (аварыя Макса і Льюіса прывяла да выезду аўтамабіля бяспекі) на трыццаць другім кругу, а пасля не вяртаючы пазіцыю гоншчыку Ferrari?

Таму абсалютна справядліва, што ён у фінішным пратаколе адкаціўся на пятае месца з трэцяга, якое ў выніку дасталася… Ботасу! Фін, які выдатна па ходу гонкі прарваўся з глыбіні пелатону, у прынцыпе заслужыў званне «Гоншчыка дня». Толькі ўсе заўзятары так засумавалі без перамог Даніэля Рыкарда, апошняя з якіх была ў Манака ў 2018 годзе (1 204 днямі раней!), што і ў Інтэрнэт-галасаванні аддалі перавагу яму.

Аўстраліец захаваў сваю першую пазіцыю і на рэстарце, але моцна ад пераследнікаў не адрываўся. У нейкі момант Норыс нават недвухсэнсоўна спытаў у каманднага мосціку МакЛарэна, ці не лепей будзе ім з напарнікам абмяняцца пазіцыямі. Але ў камандзе з Уокінга так даўно гэтага чакалі – апошнюю перамогу ў яе складзе атрымаў яшчэ Джэнсан Батан у 2012 годзе, а яе апошні пераможны дубль быў ажно ў Канадзе ў 2010-м! – што Ланда адназначна адказалі: лепей усё пакінуць так, як яно ёсць зараз.

Можа і справядліва было б, каб першую перамогу з такі доўгі час свайму калектыву прынёс менавіта Норыс, які так выдатна праводзіць гэты сезон, тады як для Дэна яго першая частка выдалася надзвычай складанай. Але і яму Вялікі Прыз Італіі дастаўся па праве, ён яго хаця б тым заслужыў, што не апусціў рукі і не вінаваціў у сваіх праблемах іншых, чым часам грашаць многія яго больш зорныя калегі па падаку.

Заслужыў свае чарговыя ачкі і Джордж Расэл, які ўчора фінішаваў дзявятым. Стартаваў ён пры гэтым чатырнаццатым, непасродна за сваім пакуль яшчэ напарнікам Нікаласам Лаціфі, які заняў адзінаццатае месца. Яму кампанію ў Williams (ён у камандзе застаецца) саставіць мінулагодні напарнік Ферстапена Алекс Албан, які ў гэтым годзе выступае ў серыі DTM.

Што ж да Рыкарда і Норыса, то іх поспех (пры гэтым Дэн яшчэ і бонусны бал за лепшы круг у гонцы ўзяў) вярнуў McLaren на трэцюю пазіцыю ў Кубку канструктараў, дзе каманда мае 215 ачкоў. Mercedes тым часам не толькі захаваў лідарства, але, дзякуючы таму, што Ботас за ўік-энд у Монцы набраў ачкоў болей, чым Перэс, павялічыў да васямнаццаці балаў свой адрыў ад Red Bull, і мае 362,5.

Учарашні сход Хэмілтана стаў для яго першым у апошніх 63 гонках, але паколькі ён датэрмінова скончыў заезд разам з Ферстапенам, то і ў асабістым заліку чэмпіянату паміж імі засталося пяць ачкоў – Макс лідзіруе з 226,5, Льюіс мае 221,5 і займае другую пазіцыю. Ботас, у якога 141 ачко, замыкае першую тройку.

Наступным этапам Формулы-1, як было адзначана вышэй, стане Гран Пры Расіі. Ён пройдзе 24-26 верасня, і можна не сумнявацца, што за гэты час мы пачуем шмат цікавых трактовак падзей італьянскага этапу як ад іх непасродных удзельнікаў, так і кіраўнікоў каманд і экспертаў. У каралеўскіх аўтагонках цяпер цікавыя не толькі ўласна гонкі!

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+22
Написать комментарий
Реклама 18+