Tribuna/Футбол/Блогі/Іска – вольны агент у 30 гадоў. Разарваў кантракт з «Севільяй», не дамовіўся ўзімку з «Уніёнам» з-за грошай

Іска – вольны агент у 30 гадоў. Разарваў кантракт з «Севільяй», не дамовіўся ўзімку з «Уніёнам» з-за грошай

Сумная гісторыя «залатога хлопца».  

14 лютага 2023, 17:21
Іска – вольны агент у 30 гадоў. Разарваў кантракт з «Севільяй», не дамовіўся ўзімку з «Уніёнам» з-за грошай

Іска – адзін з найталенавіцейшых гульцоў свайго пакалення ў Іспаніі, нездарма ў 2012 годзе ён стаў другім пасля Сеска пераможцам прэміі Golden Boy у гісторыі сваёй краіны. Тады ён запальваў за «Малагу», але і ў «Рэале» ў яго былі дзіўныя матчы. У сезоне 2016/17 заўзятары нават прызналі яго найлепшым гульцом каманды.

Дасягненні Іска ў «Мадрыдзе» выглядаюць вельмі значна: 353 матчы і 53 галы, 57 асістаў, цэлы музей трафеяў, які ўключае ажно 5 ЛЧ, 3 перамогі ў Ла Лізе, Кубак Іспаніі, Суперкубкі УЕФА і Суперкубкі Іспаніі (па 3), перамогі на клубным ЧС (4). Але ўсё роўна заставалася ўражанне, што гулец не да канца сябе рэалізаваў. Яму цяжка было знайсці сябе ў цэнтры паўабароны, дзе часцей запраўлялі Модрыч, Каземіра і Кроас. Спрабаваў быць карысным у нападзе, гуляючы на пазіцыі атакуючага паўабаронцы, адцягнутага форварда, вінгера і нават цэнтрфорварда. Але нават пасля распаду трыа Раналду-Бензема-Бэйл знайшліся новыя героі. І нельга сказаць, што яму перашкодзілі траўмы, бо моцных пашкоджанняў, якія выбівалі б на значны адрэзак часу, гулец у Мадрыдзе не меў (максімальная колькасць прапушчаных запар паядынкаў з-за пашкоджанняў – 6).

У апошнім сезоне за «сметанковых» Іска толькі тройчы выйшаў у аснове ў матчах Ла Лігі, а ў паядынках ЛЧ наогул не выходзіў, хоць часцяком трапляў у заяўку. Было зразумела, што час мяняць клуб, тым больш што гульцу ўсяго 30 і ён цалкам можа правесці яшчэ некалькі сезонаў на высокім узроўні.

Такім чынам пасля 9 гадоў знаходжання ў клубе Іска развітаўся з «Рэалам», пакінуўшы іранічнае пасланне да Мбапэ: «Калі я быў у «Малазе», то ведаў, што мне трэба ісці. Я дамовіўся з іншай камандай. Але «Рэал» пастукаў у мае дзверы. «Рэалу» немагчыма адмаўляць, гэтага не павінна адбывацца, хаця заўсёды ёсць выключэнні 🐢».

Але справы пасля ад'езду з Мадрыда ў Іска зусім не задаліся.

Абраў «Севілью» з-за Лапетэгі, пасварыўся з кіраўніцтвам і не апраўдаў чаканняў

Улетку на гульца быў попыт, актыўна вяліся размовы пра «Рому», але многіх адштурхоўвалі фінансавыя патрабаванні – Іска хацеў мадрыдскую зарплату ў 7 мільёнаў еўра. Удалося дамовіцца з «Севільяй», дзе гульца вельмі хацеў бачыць Хулен Лапетэгі, з якім яны выйгравалі моладзевы Еўра-2013.

Пачатак сезона аказаўся катастрафічным для клуба, які апусціўся ў зону вылету і праваліўся ў ЛЧ. Іска таксама не ўражваў, але Лапетэгі ўсё яшчэ верыў у яго: «Нават калі Іска не ў найлепшай форме, ён азнамянуе сабой эпоху ў «Севільі». Але нам трэба, каб іншыя гульцы прынялі яго характар і ўпэўненасць. Мы павінны падыходзіць да гульні з такім менталітэтам», – казаў трэнер пасля нічыёй з «Капенгагенам».

Надоўга Хулена не хапіла – пасля паражэння ад «Барусіі» дома яго ўсё ж звольнілі. Іска забіў шэдэўральны мяч у вароты «Капенгагена», але справы ў камандзе ішлі ўсё горш. З новым трэнерам – Хорхе Сампаолі – адносіны не склаліся амаль адразу. Трэнерскі штаб быў незадаволены формай іспанца, а сам гулец расчараваўся ў праекце і ўвогуле прыходзіў толькі дзеля Лапетэгі.

Меў месца і канфлікт са спартыўным дырэктарам Мончы, якому не падабалася, што асяроддзе футбаліста і ён сам паводзяць сябе пагардліва ў адносінах да клуба. У канцы снежня абодва бакі скасавалі кантракт, а Сампаолі рэзюмаваў сітуацыю так: «Іска – гулец з велізарным патэнцыялам, але ён не апраўдаў чаканняў клуба».

У 19 матчах за «Севілью» ён аформіў адзін гол і аддаў тры галявыя перадачы.

Амаль перайшоў ва «Уніён» – нават адправіўся на медагляд. Але клуб не пацягнуў яго патрабаванні па грошах

На працягу зімовага трансфернага акна для іспанца называліся самыя розныя варыянты: «Салернітана», «Вулверхэмптан», саудаўскі «Аль-Халідж» і «Лос-Анджэлес Гэлэксі», але найбліжэйшым быў «Уніён».

Немцы прыгожа заклікалі Іска да сябе, а капітан «Унiёна» пасля перамогі над «Гертай» выклаў каманднае фота з подпісам «Іска, гэта табе». Сам гулец адрэагаваў эмодзі, што сабрала больш за 13 тысяч лайкаў.

Спартыўны дырэктар клуба называў магчымы пераход тытулаванага гульца прыгожай гісторыяй.

«Уніён» пераследуе «Баварыю» ў Бундэслізе, так што такі трансфер мог бы дапамагчы камандзе. Іска ўжо прыехаў на медагляд у вядомую берлінскую клініку «Шарытэ», але Фабрыцыа Рамана паведаміў, што іспанец праваліў медагляд. Але здаецца, што бакі проста не дамовіліся па зарплаце гульца. Клуб так патлумачыў адмову ад падпісання: «Мы хацелі б бачыць Іска з намі, але ў нас ёсць свае абмежаванні. Сёння яны былі перавышаныя насуперак папярэднім дамоўленасцям, таму трансфер не адбудзецца».

Затое «Уніён» паказаў сваім сапернікам, што іх не так лёгка затроліць у сацыяльных сетках, калі СММшчыкі «Лейпцыга» спрабавалі падкалоць берлінцаў пасля няўдачы з Іска.

Выдатны панч ад самабытных берлінцаў.

«– Іска?»

«– Традыцыі?»

Але мы ўсё яшчэ можам убачыць Іска ў гэтым сезоне. Наўрад ці ў топ-лізе, але магчыма і такое

Жоржэ Мендэш працягвае шукаць свайму падапечнаму варыянт, але пасля закрыцця трансфернага акна ў топ-лігах іх усё менш. Хаця жадаючыя ўзяць да сябе свабоднага агента ўсё яшчэ ёсць.

Выданне Daily Express ужо ў лютым паведамляла, што кіраўніцтва шматпакутнага «Эвертана» вывучае магчымасць падпісання кантракту з Іска. Але гэтыя чуткі, здаецца, так і застануцца не больш, чым чуткамі. Другі варыянт, пра які пісалі інсайдары – «Рома». Маўляў, кандыдатура Іска разглядаецца ў выпадку, калі Нікола Дзаньёла будзе прададзены ў «Галатасарай». Іспанец быў прапанаваны «ваўкам» адным з пасярэднікаў.

Больш свежыя чуткі, хутчэй за ўсё, не вельмі цешаць гульца. Казалі пра цікавасць з боку турэцкага «Каньяспора» і з Катара, але гулец пакуль не спяшаецца прымаць рашэнне наконт будучыні.

Апетыты іспанца ўсё яшчэ на высокім узроўні: 5 мільёнаў еўра за год + бонусы. Але праблема ў тым, што гульня футбаліста ўжо даўно не адпавядае яго фінансавым запытам, таму іспанцу давядзецца або ісці на больш рэалістычныя ўмовы, або шукаць шчасця ў грашовых лігах Азіі і МЛС.

Фота: Matthias Koch, Gonzales Photo/Global Look Press, Antonio Pozo/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты