Сямейнае лёсаванне. У гэтым еўракубкавым сезоне мы ўбачылі ажно 3 брацкія супрацьстаянні
Да 2023-га такіх выпадкаў было ўсяго 7 за ўсю гісторыю.
Еўракубкавы сезон 2023/24 ужо прэтэндуе на званне ўнікальнага, нягледзячы на тое, што ён яшчэ ў самым разгары. У гэтай кампаніі паміж сабой сутыкнуліся ажно тры пары братоў:
1) Люка і Тэа Эрнандэсы ў ЛЧ.
2) Расмус і Оскар Хёйлунды ў ЛЧ.
3) Алексіс і Кевін Мак Алістэры ў ЛЕ.
Люка і Тэа Эрнандэсы
Хлопцы разам пачалі займацца футболам у невялікім клубе «Рая Махадаонда» на ўскраіне Мадрыда. Іх маці Лоўрэнс Пі спытала, ці могуць яны гуляць разам, нягледзячы на розніцу ва ўзросце ў 19 месяцаў. Хлопцам дазволілі.
Іх футбольны шлях ад «Рая» да зборнай Францыі не дзіўны, улічваючы, што бацька хлопцаў, Жан-Франсуа Эрнандэс, быў цэнтральным абаронцам, які гуляў за «Тулузу», «Сашо» і «Марсель», а пазней за «Кампастэлу», «Атлетыка» і «Рая Вальекана». Уласна, уладкаванасць у Ла Лізе і заахвоціла сям'ю пераехаць у Іспанію. Але Эрнандэс-старэйшы амаль не гуляў ролі ў жыцці сваіх сыноў.
Клубы Люкі і Тэа часта перасякаліся паміж сабой, але толькі гэтай восенню браты ўпершыню згулялі адзін супраць аднаго.
Люка распавядаў пра свае ўражанні ад лёсавання гэтага сезона ЛЧ: «Як толькі ўбачыў, што мы будзем гуляць з «Міланам», я патэлефанаваў Тэа. Мы крыху дражнілі адзін аднаго. Матч застаецца на полі. Гэта будзе неверагодны час для нас і нашай сям'і. Гэта будзе асаблівая сустрэча».
Браты правялі два поўныя вочныя матчы ў ЛЧ. У першым перамогу здабыў «ПСЖ» з лікам 3:0, а ўжо ў другім матчы перамог «Мілан». Тэа Эрнандэс аддаў пераможную галявую на Жыру, лік 2:1.
Расмус і Оскар Хёйлунды
У сям'і Хёйлундаў наогул унікальная сітуацыя. У іх бацькоў, Андэрса і Кірстэн, тры сыны: старэйшы Расмус і двайняты Эміль і Оскар. Усе сталі прафесійнымі футбалістамі.
Жывучы прыкладна за паўгадзіны язды на поўнач ад Капенгагена, Расмус, Эміль і Оскар часта трэнаваліся са сваім бацькам у мясцовым аматарскім клубе. Часам браты станавіліся настолькі шумнымі і супернічалі адзін з адным, што гэтыя сямейныя трэнаванні даводзілася спыняць. Мячы, конусы і нагруднікі пакаваліся. Андэрс адпраўляў усіх траіх дадому, а потым займаўся з кожным з сыноў паасобку.
Расмус, якога, паводле ягоных словаў, недаацанілі ў Капенгагене, прайшоў шлях ад «Штурма» праз «Аталанту» і да «МЮ».
Яго братам усё яшчэ толькі па 18 гадоў, яны з'яўляюцца аднымі з самых таленавітых маладых гульцоў у моладзевым складзе «Капенгагена» і спадзяюцца зраўняцца са сваім старэйшым братам.
Лёсаванне сутыкнула клубы братоў. Складанае было пытанне для бацькоў, каго ж падтрымліваць у вочным супрацьстаянні.
Пара сустрэч паміж «Юнайтэд» і «Капенгагенам» была б яшчэ больш асаблівай, калі б усе трое змаглі выйсці на адно поле ў той жа час.
У першай вочнай сустрэчы паміж «МЮ» і «Капенгагенам» (1:0) браты на поле не перасякаліся, таму што Расмуса замянілі да таго, як выйшаў Оскар. Аднак рэакцыя форварда манкуніянцаў казала сама пра сябе.
Ужо ў другім матчы, які адбыўся ўчора і дзе «Капенгаген» проста шакаваў «МЮ» сваім камбэкам, першыя два мячы забіў менавіта Расмус.
Але клуб ягонага малодшых братоў не здаўся і ў выніку перамог 4:3, хаця Оскар не з'явіўся на полі, а Эміль увогуле не трапіў у заяўку.
Алексіс і Кевін Мак Алістэры
Карлас, бацька хлопцаў, запаліў іх любоў да гульні, выступаючы разам з Дыегам Марадонам за «Бока Хуніярс» і Аргенціну.
Як і ў сітуацыі з сям'ёй Хёйлундаў, у сям'і Мак Алістэраў таксама тры сыны прафесійныя футбалісты. Старэйшы, Фрэнсіс, гуляе за «Расарыа Сентрал» у вышэйшым дывізіёне Аргенціны, Кевін толькі нядаўна перабраўся ў Еўропу, апошнім клубам аргенцінца да «Юніёна» быў «Архенцінас Хуніярс». Лёс Алексіса вам лепш вядомы, паўабаронца выступае за «Ліверпуль», куды перайшоў летам з «Брайтана» за 35 млн фунтаў.
Падчас палёту дадому ў Брусель са Швейцарыі 1 верасня камера была скіраваная на Кевіна. Гульцы «Юніёна», якія прайшлі кваліфікацыю ў групу Лігу Еўропы, атрымалі навіну, што трапілі ў адну групу з аўстрыйскім ЛАСК, французскай «Тулузай» і «Ліверпулем».
Алексіс і Кевін былі спакойныя, калі размаўлялі пра будучую сустрэчу адзін з адным на «Энфілдзе».
«Цяжка гуляць супраць сям'і ці сябра, таму што я заўсёды хачу для іх найлепшага, – казаў Кевін. – Але я мару згуляць супраць майго брата на «Энфілдзе». Калі мы сядзім за сталом і вячэраем, мы застаёмся і гаворым пра футбол. Калі мы адпачываем на канапе, мы гаворым пра футбол. Футбол – наша страсць».
Першая сустрэча братоў завяршылася перамогай каманды Алексіса з лікам 2:0. Гулец «Ліверпуля» выйшаў на поле на ўвесь другі тайм, у той час як Кевін адгуляў да 86-й хвіліны, пасля чаго быў заменены.
Чакаем другое супрацьстаянне паміж братамі, якое адбудзецца 14 снежня на стадыёне «Лота Парк»
***
Цікава, што раней у гісторыі еўракубкаў было ўсяго сем сустрэч родных братоў.
1. Поль і Фларэнцін Пагба, сезон 2016/17, «МЮ» і «Сэнт-Эцьен», ЛЕ;
2. Граніт і Таўлант Джака, сезон 2016/17, «Арсенал» і «Базель», ЛЧ;
3. Лукаш і Адрыян Цэслевічы, сезон 2015/16, «Б-36 Торсхаўн» і «Нью-Сэйнтс», ЛЧ;
4. Тыяга і Рафінья, сезон 2014/15, «Барселона» і «Баварыя», ЛЧ;
5. Давід і Філіп Дэгены, сезон 2010/11, «Янг Бойз» і «Штутгарт», ЛЕ;
6. Габрыэль і Дыега Міліта, сезон 2009/10, «Барселона» і «Інтэр», ЛЧ;
7. Ён Арнэ і Б'ёрн-Хельге Рыісе, сезон 2009/10, «Рома» і «Фулхэм», ЛЕ.
Фота: Photo by Jean Catuffe, Pressefoto Ulmer, credit by berneroberlaender, Stephen Pond - PA Images, Sean Dempsey/PA Images/Getty Images, credit by The Sun, MIGUEL MEDINA/AFP, FCK.DK, Alex Livesey, Nigel French, The Athletic