Tribuna/Футбол/Блогі/Кубак афрыканскіх нацый – гэта яшчэ і яскрава. 5 найлепшых форм

Кубак афрыканскіх нацый – гэта яшчэ і яскрава. 5 найлепшых форм

Птушкі, кветкі і іншая прыгажосць.

16 студзеня, 03:02
Кубак афрыканскіх нацый – гэта яшчэ і яскрава. 5 найлепшых форм

Кубак афрыканскіх нацый цікавы не толькі праз падзеі на полі, але і праз візуальную прывабнасць. Зацанілі, што большасць каманд прыбылі на турнір у арыгінальным нацыянальным адзенні? Вось яшчэ добрая навіна – іх формы не менш рознакаляровыя і крэатыўныя.

Дарэчы, цікава, што найчасцей афрыканскія зборныя карыстаюцца паслугамі брэнда Puma. Вось якую сітуацыю маем у сёлетнім КАН.

Аднак не толькі экіпавальныя гіганты ўзроўню Puma робяць класныя формы. Лавіце падборку з пяцёркай найлепшых камплектаў сёлетнега Кубка афрыканскі нацый.

Малі

Зборная Малі не здраджвае традыцыям і працягвае апранацца ў Airness, які ў 1999-м быў заснаваны французскім прадпрымальнікам малійскага паходжання Маламінам Канэ. Брэнд мае кароткую, але насычаную гісторыю. Напрыклад, сам Канэ быў баксёрам, пакуль не трапіў у ДТЗ. Пасля гэтага ён вырашыў рабіць якаснае адзенне для спартсменаў, чаго сам ніколі не меў, таму спансаваў клубы Лігі 1, апранаў «Фулхэм» сярэдзіны нулявых і нават прасіў Дзідзье Драгбу апранацца ў ягоныя рэчы, калі гэта дазвалялі кантракты.

Гэтым разам у Airness зрабілі цікавую форму для зборнай Малі, гульцоў якой называюць «арлы». Птушка з'яўляецца на футболках палявых гульцоў з элементамі колеру нацыянальнага сцяга, цікава глядзіцца і брамніцкі камплект.

Алжыр

Мабыць, найменш яскравая форма ў гэтым падборцы, але ж зусім не найгоршая. У Алжыра – беласнежны камплект з бірузовымі дэфармаванымі лініямі збоку, выглядае ўдала і цікава. Цікава, што гэта адзіная форма ад брэнда Adidas на турніры ў цэлым. Да папулярнасці Puma менавіта ў Афрыцы гэтым хлопцам яшчэ далёка.

Намібія

Зборная Намібіі ў свой час працавала з Adidas, Puma і Umbro, але сёлета вырашыла паспрабаваць штосьці новае. Брэнд Vecchio, які карыстаецца папулярнасцю ў футбольных клубаў паўднёвай Афрыкі, зрабіў для Намібіі каларытную і нетрывіяльную форму. Здаецца, такі стыль максімальна пасуе афрыканскай зборнай – і розныя колеры, і геаметрыя, і нават зебравы буйны прынт.

Дарэчы, ацаніце, якія яшчэ формы робіць брэнд. Яны б дакладна не згубіліся ў Еўропе.

Туніс

У аснове прынта трэцяй формы зборнай Туніса палягае сімвалічная для культуры гэтай краіны кветка – бугенвілія. Не проста так Kappa выкарыстоўвае і каралеўскі сіні колер, бо такім чынам брэнд дэманструе цесную сувязь Туніса з Міжземным морам і ягоным багаццем. Прыгожа вылучаюцца і лагатыпы і апраўленне рукавоў.

Нігерыя

Каб зрабіць нешта выбухова яскравае для Нігерыі, Nike спатрэбіліся ўсяго два колеры і цікавы фон для футболкі. Выглядае прыгожа і на фатаграфіях з фотасесіі, і на фота з матчаў.

***

Цяпер пішыце ў каментарах формы ўдзельнікаў КАН, якія спадабаліся вам!

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты