Tribuna/Футбол/Блоги/Жыццё Энера Валенсіі – сапраўдны баявік: уцякаў з матча ад паліцыі, жыў на стадыёне, сястру кралі дзеля выкупу ў £1,5 млн

Жыццё Энера Валенсіі – сапраўдны баявік: уцякаў з матча ад паліцыі, жыў на стадыёне, сястру кралі дзеля выкупу ў £1,5 млн

Ен стаў героем матча-адкрыцця ЧС-2022.

21 ноября 2022, 16:40
Жыццё Энера Валенсіі – сапраўдны баявік: уцякаў з матча ад паліцыі, жыў на стадыёне, сястру кралі дзеля выкупу ў £1,5 млн

Энер Валенсія – галоўнае імя першага дня ЧС-2022: здолеў і першы незалічаны гол зрабіць, і першы дубль турніру аформіць, і нават справакаваць катарцаў на ледзь не нанесеную траўму.

Шлях эквадорца да гэтага быў нялёгкім.

Паходзіць з вельмі беднай сям’і: жыў на стадыёне, зарабляў на жыццё даеннем кароў

Энер Валенсія паходзіць з вельмі беднай фермерскай сям'і. Настолькі, што ў дзяцінстве ён гуляў не звычайным мячом – яго ён замяняў мячом, пашытым з анучы, або іншымі альтэрнатывамі. «Я заўжды быў з мячом, або з бутэлькай, або з тым, што нам траплялася, заўсёды намагаўся чымсьці гуляць», –  распавядаў ён.

Уласна, на свае першыя буцы яму давялося зарабляць цяжкай працай – Валенсія дапамагаў бацьку даіць кароў і прадаваць малако. Пра гэты эпізод з жыцця ён потым згадваў яшчэ не раз, у прыватнасці, пасля выхаду Эквадора ў плэй-оф ЧС-2014: «[Выхад у плэй-оф –] гэта тое, пра што я марыў з дзяцінства, калі я быў у вёсцы, прадаваў малако, каб купіць футбольныя буцы. На маё шчасце, цяпер гэта спраўджваецца».

На старце кар'еры, нягледзячы на ​​кантракт з самым тытулаваным клубам краіны «Эмелекам», яму таксама не хапала грошай на жыццё. З-за гэтага Валенсія жыў у памяшканнях хатняга стадыёна клуба «Джордж Капвэл».

У 2016-м паліцыя намагалася затрымаць Энера пасярод матча за нявыплату аліментаў

Пераносімся на некалькі гадоў наперад, Валенсія – ужо паспяховы футбаліст, адзін з гульцоў асноўнай зборнай, гуляе ў арэндзе за «Эвертан». Уласна, вярнуўся на бацькаўшчыну, каб дапамагчы сваёй зборнай у матчы адбору ЧС-2018 супраць Чылі, аднак там яго чакаў сюрпрыз.

І нават не сюрпрыз, а паліцыя, якая планавала затрымаць гульца за нявыплату аліментаў. Не жадаючы гэтага, Валенсія правярнуў цэлую спецаперацыю.

Спачатку ён прасімуляваў траўму, з якой нібыта не мог працягваць гульню. Настолькі добра сімуляваў, што прымусіў лекараў спачатку вынесці яго на насілках...

...а потым яшчэ і вывезці на хуткай у шпіталь – фактычна, як мага далей ад паліцыі. Ёй давялося арганізаваць перахоп карэты хуткай.

Вось як гэта выглядала ў трансляцыі:

У выніку паліцыя адмовілася ад планаў арыштаваць футбаліста і дазволіла вярнуцца ў лагер зборнай.

У 2020-м яго сястру выкралі – злачынцаў удалося затрымаць

Калі Валенсія пераходзіў ужо ў «Фенербахчэ», навіны з бацькаўшчыны яго дакладна не радавалі. 17 жніўня група зламыснікаў уварвалася ў яго дом, плануючы выкрасці бацьку Энера Валенсіі. А калі яго не знайшлі – выкралі яго сястру Эрчы, збіўшы некалькіх членаў сям'і. Муж Эрчы Хасэ Міна Кіньёнэс распавёў, як яму ўдалося ўратавацца: «Яны ўзялі сілай, але мне ўдалося выратавацца, кінуўшыся ў раку».

Самі ж зламыснікі праз некалькі дзён пачалі вымагаць выкуп у 1,5 млн фунтаў стэрлінгаў. Аднак паліцыі ўдалося правесці спецаперацыю па пошуку і выратаванні Эрчы – знайшлі яе ў мясцовых лясах:

Саміх выкрадальнікаў таксама неўзабаве затрымалі.

Пра выратаванне Эрчы стала вядома дзен падпісання кантракту Энера з «Фенербахчэ», яго цяперашнім клубам. «У мяне няма слоў, каб выказаць усё, што я адчуваю сёння. Гэта адзін з самых шчаслівых дзён у маім жыцці; дзень, поўны эмоцый і супярэчлівых пачуццяў», – напісаў ён у сваім твітэры.

Фота: LaHistoria.ec, Bruno Fahy/Global Look Press

Другие посты пользователя

Все посты