Tribuna/Хакей/Блогі/Ваўка ногі кормяць/«Нёман» плануе згуляць афiцыйныя матчы ў гандлёвым цэнтры – так робяць суседзi i багатыя ААЭ, можна стварыць шоу

«Нёман» плануе згуляць афiцыйныя матчы ў гандлёвым цэнтры – так робяць суседзi i багатыя ААЭ, можна стварыць шоу

Нiякай ганьбы.

Аўтар — Скай Волк
9 ліпеня, 08:00
1
«Нёман» плануе згуляць афiцыйныя матчы ў гандлёвым цэнтры – так робяць суседзi i багатыя ААЭ, можна стварыць шоу

Некалькi дзён таму хакейны блогер Сяргей Селівон паведаміў, што «Нёман» плануе правесці хатнія матчы Кубка Беларусi (ён жа Кубак Салея) на лядовай пляцоўцы гродзенскага гандлёвага цэнтра Triniti, пакуль мясцовы лядовы палац будзе недасяжны праз правядзенне там спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы ў рамках ІІ Гульняў краін СНД.

Давялося ўбачыць некалькі каментарыяў пра тое, што гуляць у гандлёвым цэнтры – гэта ганьба. Напэўна, ганьбай можна назваць гульні краін СНД. Але праводзіць матчы ў гандлёвым цэнтры – гэта дакладна не ганьба.

Лядовы каток у гандлёвых цэнтрах – гэта нармальная з’ява для краін, якія збіраюцца развіваць хакей. Бо будаваць асобны палац – дорага, а вывесці яго ў плюс – складаная задача. Мой любімы прыклад – гэта баранавіцкі лядовы палац, які ў 2015 годзе (па звестках «Прэсбола») быў загружаны на 95%, але акупляльнасць складала толькі 42%. А лядовая пляцоўка ў гандлёвым цэнтры стане адносна таннай і з больш высокай верагоднасцю будзе прыносіць прыбытак.

Лукашэнка ў свой час вырашыў забудоўваць краіну лядовымі палацамі і чыжоўскімі «Прасторамі». А лепш было б сумяшчаць – і ў кожны вялікі ГЦ дадаваць лядовы каток. Так і дзецям было б дзе займацца хакеем (ці фігурным катаннем), і горад не шалеў бы ад велізарных коштаў на ўтрыманне палаца. Бо для развіцця хакея патрэбная масавасць. Трэба, каб гэтым спортам займаліся шмат дзяцей. Адпаведна, патрэбна шмат пляцовак. Каткі ў ГЦ у такім выпадку – ідэальны варыянт.

Чэмпіянат Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў праводзяць у адным з найвялікшых ГЦ свету

Прыкладам краіны, дзе пачалі развіваць хакей з нуля, можа быць ААЭ. У падзагалоўку гаворка ідзе пра «Дубай Мол» плошчай 1,2 млн квадратных метраў, які знаходзіцца каля Бурдж-Халіфы, найвысачэйшага хмарачоса ў свеце. Вы маглі чуць пра яго аграменны акварыум, у якім жывуць 33 тысячы рыб і марскіх жывёл. І ў гэтым гандлёвым цэнтры таксама ёсць хакейны каток, на якім праводзяць чэмпіянат ААЭ па хакеі.

Хакей у багатых Эміратах з’явіўся яшчэ ў 1980-х, калі ў краіне стварылі першы клуб «Эль-Айн Фальканс». Матчы праходзяць пераважна ў гандлёвых цэнтрах, а на будучыню пабудавалі 17-тысячную арэну, якая можа прымаць і хакейныя матчы. У 2021 годзе КХЛ нават праводзіла там гульню паміж «Ак Барсам» і «Авангардам».

У Літве не саромеюцца гуляць у гандлёвых цэнтрах

Гандлёвы цэнтр Triniti – гэта «наш адказ» лiтоўскай сетцы «Акропаліс». А амаль у кожным «Акропалісе» ёсць лядовы каток. I на іх не толькі праводзяцца сеансы масавага катання, але і гуляюць матчы чэмпіянату Літвы – напрыклад, у сезоне-2021/22 так рабiў хакейны клуб з Клайпеды, бо гэта была адзіная лядовая пляцоўка ў горадзе. Там жа гуляюць і юнакі. Трыбун няма, але падчас матча дзясяткі чалавек заходзяць паглядзець на яго ў кавярні і рэстараны, дзе вокны выходзяць на лёд. Зараз «Клайпеда» гуляе ў літоўскім Д2, дзе даводзіцца ганяць на матчы ў Шаўляй – і таксама гуляць у мясцовым «Акропалісе».

Тое ж тычыцца і ўкраінскага хакея. Напрыклад, у свой час гуляла на катку ў гандлёвым цэнтры харкаўскае «Дынама». А лядовы каток у ГЗЦ Terminal City у Браварах быў домам для некалькіх каманд чэмпіянату Украіны.

Больш за тое, нават у Канадзе не бачаць нічога дрэннага ў тым, каб гуляць на такіх пляцоўках. Напрыклад, у Эдмантане каманда ўніверсітэта Альберты перыядычна праводзіць матчы ў вялiкiм West Edmonton Mall.

Што за каток у Triniti?

Размовы пра будаўніцтва новага гандлёвага цэнтра ў Гродне вяліся даўно. У 2007 годзе інвестары ўжо набылі месца для будаўніцтва. Плотамяго абнеслі яшчэ ў 2009 годзе – пачалося будаўніцтва, забілі палі, але на гэтым усё скончылася. Зноў актыўныя працы пачаліся толькі ў 2013 годзе. I ажно ў 2019 годзе ГЦ пачалі паэтапна здаваць у эксплуатацыю. Лядовы каток адчынілі ў другой чарзе – у кастрычніку 2020 года.

СМІ тады пісалі, што гэта першы каток у гандлёвых цэнтрах, які цалкам адпавядае крытэрыям ІІХФ. У прыватнасці, у пляцоўкі ёсць бокс для гульцоў, штрафнікоў і суддзяў. Сама ж каробка канадскага памеру – 57х26 метраў.

Амаль адразу туды з гродзенскага лядовага палаца пераехала Прынёманская аматарская хакейная ліга. Зараз аматары гуляюць у ГЦ у траўні і чэрвені, бо няма альтэрнатывы. Раздзявальняў там няшмат (толькі 4), але на якасць лёду ніхто не скардзіцца.

Дарэчы, у Triniti свае мерапрыемствы праводзіць нават федэрацыя хакея Баскава (ФХБ). Напрыклад, два гады запар там адбываецца жаночая Global Girls Game. Адной з трэнерак была Лідзія Маляўка – сястра гродненскіх братоў-хакеістаў Малявак.

Безумоўна, «Нёману» не трэба праводзіць усе сустрэчы ў Triniti. Але гаворка пра тое, што некалькі матчаў там – гэта нармальна. І тут вельмі важна, як адрэагуе сам «Нёман». Калі ў клубе лічаць высылку ў ГЦ ганьбай, нічога добрага не атрымаецца. А вось калі клуб вырашыць у незвычайнай лакацыі стварыць шоу – тады зусім іншая справа. Бо такі матч відавочна прыцягне ўвагу наведальнікаў Triniti, а фанаты «Нёмана» дададуць хакейнай атмасферы сваімі спевамі і барабанамі.

Хто ведае, можа, хтосьці з наведвальнікаў гандлёвага цэнтра пасля прыйдзе і на матчы ў лядовы палац. Але для гэтага ў першую чаргу трэба, каб сам клуб захацеў зрабіць падзею з матча на катку Triniti.

Іншыя пасты блога

Усе пасты