Tribuna/Футбол/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Чарговы велiзарны тэрмiн у Беларусi далi палiтвязню, якi штодзень пяе гiмн любiмага «Лiверпуля». Ціханоўская распавяла пра яго тамтэйшаму мэру – гiсторыя расчулiла легенду клуба

Чарговы велiзарны тэрмiн у Беларусi далi палiтвязню, якi штодзень пяе гiмн любiмага «Лiверпуля». Ціханоўская распавяла пра яго тамтэйшаму мэру – гiсторыя расчулiла легенду клуба

Джэймi Карагер хоча дапамагчы.

Аўтар — Скай Волк
8 кастрычніка 2022, 18:30
Чарговы велiзарны тэрмiн у Беларусi далi палiтвязню, якi штодзень пяе гiмн любiмага «Лiверпуля». Ціханоўская распавяла пра яго тамтэйшаму мэру – гiсторыя расчулiла легенду клуба

У канцы верасня 2022 года лідар дэмакратычных сiл Беларусі Святлана Ціханоўская наведала Брытанію з афіцыйным візітам. Яна прыехала і ў Ліверпуль, дзе выступiла на канферэнцыi Лейбарыстскай партыi i сустрэлась з яе кiранiком Кiрам Стармерам. А падчас сустрэчы з мэрам гарадской акругi Лiверпуля Стывам Ротэрхэмам Святлана ўзгадала палітвязня, былога намеснiка дырэктара iнфармагенцтва БелаПАН Андрэя Аляксандрава – заўзятара «Ліверпуля». Цiханоўская падзялiлася сведчаннямi, што Аляксандраў штодзень спявае гiмн любiмага клуба.

Ціханоўская не першы і не апошні раз узгадвае беларускіх палітвязняў, звязаных са спортам. Напрыклад, летам 2021 года на сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам яна распавяла гісторыю спартыўнага журналіста, заснавальнiка канала «ЧестнОК» Аляксандра Івуліна. Дзякуючы такім расповедам у палітвязняў з’яўляюцца «хросныя» сярод замежнікаў, у тым ліку дэпутатаў і сенатараў – яны лабіруюць інтарэсы беларускіх палітвязняў у сваіх парламентах.

У адным са сваіх інтэрв’ю Ціханоўская расказвала, што мала каго ўражваюць сухія лічбы, нават калі гэта тысяча палітвязняў, але ўсіх уражваюць гісторыі жывых людзей. І Андрэй Аляксандраў дакладна ўразіў брытанцаў.

Андрэй – беларускі журналіст і медыяменеджар, якi таксама піша вершы на беларускай мове i грае на фартэпіяна. Адзін з вершаў Аляксандрава ўкраінскі гурт «Колір» паклаў на музыку. Сябры кажуць, што гэты верш і песня – маніфест самога Андрэя.

У бойцы крывавай з атрутнай маной

за рукі мяне не трымайце –

пакіньце мне права застацца сабой,

астатняе ўсё забірайце!

Увосень 2020-га Аляксандраў дапамагаў беларусам аплачваць велізарныя штрафы ад дзяржавы. З 22 жніўня па 9 лістапада 2020 ён аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд BY_help. Дзяржава не любіць праявы салідарнасці – і ў студзені 2021-га журналіста затрымалі.

Калегі і сябры Андрэя Аляксандрава апісваюць яго як сумленнага і шчырага чалавека, які мог бы працаваць за мяжой і быць зоркай журналістыкі там – але вырашыў застацца ў Беларусі, каб працаваць на карысць нашай краіны. Дзяржава гэтую сумленнасць ацаніла ў 14 гадоў калонii.

Цяпер пра гэта ведаюць і ў Ліверпулі.

Клубы АПЛ стараюцца трымацца на дыстанцыі ад небяспечных для іх палітычных тэмаў. Напрыклад, «Арсенал» некалькі гадоў таму адхрысцiўся ад словаў свайго гульца Месута Азіла, які публічна падтрымаў уйгураў – кітайскія ўлады моцна рэпрэсуюць гэты народ. Таму не дзіўна, што на ліст, які Святлана Ціханоўская даслала ў офіс «Ліверпуля» з расповедам пра Аляксандрава, у клубе не адказалі.

Але гiсторыя расчулiла легенду клуба – былога абаронцу Джэймі Карагера. Пасля прысуду дарадца мэра Ліверпуля Бары Кушнер (дарэчы, у яго ёсць корнi з Беларусі) твітнуў кароткі расповед гісторыі Аляксандрава – а Карагер падзялiўся ёй са сваёй аўдыторыяй ў 2 мiльёны чытачоў.

Як гавораць ў офiсе Цiханоўскай, калi Кушнер пасля сустрэчы са Святланай расказаў пра Александрава Карагеру, той адразу запытаў, чым можа дапамагчы, а потым паабяцаў зрабiць гэта. Магчыма, не застанецца ў баку i The Kop – фанацкая трыбуна «Ліверпуля».

Хтосьці можа пакпiць, што гэта не выцягне Аляксандрава з турмы. Але такая падтрымка, пра якую ён абавязкова даведаецца за кратамi, дакладна дапаможа яму захоўваць сябе, нягледзячы на выпрабаваннi сiстэмы.

А пакуль што дашліце Андрэю Аляксандраву ліст, паштоўку ці тэлеграму: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты