Tribuna/Хакей/Блогі/Begаныч/Цмокаў можна лёгка вярнуць у белспорт – хаця б талiсманам «Нёмана», згадаўшы твор Караткевiча
Блогi

Цмокаў можна лёгка вярнуць у белспорт – хаця б талiсманам «Нёмана», згадаўшы твор Караткевiча

Ёсць гатовы вобраз.

Блог — Begаныч
Аўтар — Бэзавы Кіт
1 ліпеня, 05:17
Цмокаў можна лёгка вярнуць у белспорт – хаця б талiсманам «Нёмана», згадаўшы твор Караткевiча

Хакейны блогер Сяргей Селівон, які піша ў асноўным пра хакейны «Нёман», закрануў тэму маскота для гродзенскага клуба, якi абвяшчаў конкурс, але гэта так нiчым i не скончылася. Селiвон думае, што «вельмі складана прыдумаць нешта цікавае», але яго прапанова для рачной «каманды» – зрабiць талiсманам вір, лейкападобны рух вады. «Ён магутны, хуткі, непрадказальны і бязлітасны. Але ўзнікае пытанне ў візуалізацыі. Як адлюстраваць вір?», – піша Сяргей.

Аднак у каментарыях знайшлася iншая версія – аказваецца, на конкурс дасылалi вось такога цмока.

Пакуль белспорт застаўся без «Цмокаў» – сумна вядомы сваімі паразамі ў расiйскай лізе ВТБ сталічны баскетбольны клуб адмовіўся ад сваёй беларускай назвы быццам бы дзеля перазагрузкі пасля няўдалага сезона. Назву змянілі на «Мінск» – а перамог стала нават менш. Цi не знак гэта, што трэба тэрмінова вярнуць істоту ў Беларусь?

Калі звярнуцца да беларускай міфалогіі, то цмок можа жыць не толькі ў пячорах, але і ў вадзе. I пра такога цмока згадваў Уладзімір Караткевіч – як раз у творы «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»:

«Выглядам той цмок быў, як звер фока (цюлень – заўв. аўтара), такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжыні ў ім было <…> 49 футаў і яшчэ 22 дзюймы (больш за 15 метраў – Tribuna.com). Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі – такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані. І, дальбог, смяялася тая галава. І зубы былі велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга. Вочы вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя. <…> Потым толькі зведалі мы, з чаго смяяўся дохлы звер. Тады, калі рачоны Хрыстос у Гародню зайшоў і людзей пабіў, і ксяндзоў з магнатамі пабіў».

Цмока, згодна з творам, знайшлi на возеры каля Лепеля. Жыхары горада, дарэчы, ўсталявалі на беразе мясцовага вадаёма статую ў выглядзе цмачынай пачвары, а яшчэ каранавалі сябе «Драконавай сталіцай Беларусі» і прыдумалі фестываль «У гасцях у Лепельскага Цмока». Чаму б гарадзенцам не прыяднацца да шанавання?

Іншыя пасты блога

Усе пасты