Tribuna/Футбол/Блогі/Футбол паўсюль/Аргентына і Францыя выдалі адзін з найвялікшых момантаў у гісторыі футболу.

Аргентына і Францыя выдалі адзін з найвялікшых момантаў у гісторыі футболу.

Аўтар — Paulo
19 снежня 2022, 00:08
1
Аргентына і Францыя выдалі адзін з найвялікшых момантаў у гісторыі футболу.

Пра гэты фінал мы будзем гаварыць гадамі!

Хаця, падавалася, што прыйдзецца пісаць пра сухую перамогу Аргенціны над «нерухомай» Францыяй, перад тым, калі ўсё футбольнае хараство не абрынулася на нас, каб падарыць нам такую дозу драматызма, хвалявання і захаплення.

Аргентына і Францыя падарылі нам неверагоднае шоў, Месі і Мбапэ, пра якіх казалі так шмат да гульні, не падвялі і зладзілі галявую перастрэлку, усталяваўшы шэраг рэкордаў. Так, футбол – камандны від спорта, але такія людзі, як Месі і Мбапэ індывіалізуюць гульню, дадаючы ў яе асаблівых духмянасцяў.

Караценька аб тым, што ж адбылося.

Аргенціна выйшла на фінал і выглядала, як высакавольтная электралінія, калі на полі было адзінаццаць гульцоў і паміж імі перасоўваўся ток. Яны зараджалі адзін аднаго, гэта быў ідэальны камандны футбол, што з мячом, што без яго. На гэтым фоне Францыя выглядала «нерухомай» і нават «не жывой». Спачатку Ды Марыя зарабіў пенальці для Аргенціны, Месі вывеў каманду наперад з сіндромам «лёд у венах», спакойна перагуляўшы Ўга Л'ярыса з кропкі(гэты гол зрабіў Месі першым гульцом, які забіваў на групавой стадыі, 1/8, чвэрцьфінале, паўфінале і фінале аднаго розыгрышу ЧС).

Францыя мусіла б схамянуцца, штосьці яўна ішло не па іх плане, але Аргенціна працягвала дамінаваць на полі. Такія варункі на полі прывялі да другога гола Аргенціны, калі ідэальная, хуткая, прыгожая атака прывяла да завяршальнага ўдару Ды Марыі і падвоіла перавагу каманды Скалоні.

Дыдʼе Дэшам зрабіў двайную замену яшчэ да завяршэння першай паловы, калі зняў з гульні Жыру і Дэмбеле. Гэта пацвярджала тое, што яго план на гульню не дзейнічаў. Францыя выглядала жахліва, нічога канструктыўнага ў атацы і не вельмі надзейная гульня ззаду.

Усе чакалі перапынку, быў спадзеў, што мусіць адбыцца штосьці па-за нашымі вачыма ў распранальні і дзеючыя чэмпіёны свету павінны змяніць сваю гульню. Марна, другая палова працягвала трэк першай. Францыя нічога не магла, Аргенціна кантралявала гульню.

І вось тут праяўляецца тая індывіалізацыя, калі роля аднаго футбаліста ў матчы павялічваецца і мяняецца хада падзеяў, адбываецца матчавы надлом. Гэта і сталася, калі Кіліян Мбапэ забіў два галы за 97 секунд.

Дубль маладой суперзоркі сусветнага футбола перавярнуў усе намаганні ідэальнай Аргенціны, фінал вярнуўся да нічыйнага выніку. Які момант, які сцэнар, але навучаны футболам, дзесьці глыбока ў падсвядомасці ці сэрцы(каму як зручней) я верыў у падобнае. Ведаеце, гэта выглядала, як у фільме, калі адзін з герояў тоне і ён ужо мірыцца з гэтым у думках, яго трымае агульны план, але БАМ – ратавальнае кола, камера перамяшчаецца і там стаіць Кіліян Мбапэ і кажа: «Ні ў маю змену»!

Экстратаймы, яшчэ паў гадзіны такога футбола, які пачаў палаць ва ўсю прыгажосць. Аргентына выйшла наперад на 108-й хвіліне, калі Месі зрабіў дубль.

Вывяржэнне «бела-блакітнай лавы» пачалося на стадыёне, гэта быў зарад эмацыйнай энергіі, які перажыў прымусовае затуханне, але адшукаў выйсце, каб вырвацца на прастору – праход усяму гэтаму зрабіў Леа Месі(абсалютны футбольны герой у футбольным пантэоне Аргентыны). Слёзы радасці, слёзы надзеі, шчасце на тварах заўзятараў – гэта быў асаблівы момант, ім усім падавалася, што карнабаль распачаўся.

Але ў Мбапэ былі свае планы на гэты вечар. Ён падышоў да кропкі на 118-й хвіліне, каб вытыркнуць дрот з калонак, што раздавала святочную музыку на аргентынскае баляванне. Гол з кропкі ў такі момант, яму ўсяго дваццаць тры гады, гэта хет-трык і ён усяго другі чалавек у гісторыі ЧС, што забіў тройчы ў фінале.

Mbappe, Égalité, Fraternité(Мбапэ, Роўнасць, Братэрства), Францыя вяртаецца ў гульню, Мбапэ вяртае іх у гульню, яны не хочуць аддаваць свой кубак Аргентынцам, Мбапэ не хоча аддаваць свой кубак Месі.

Гэты шалёны матч працягваецца, з кожнай секундай яго эпічнасць сягае несягаймых вышынь. Тут усё было, як у «галівудскім кіно», бяры і здымай. Але ж гэты быў яшчэ не канец, мы набліжаліся да фінальнай развязкі, пасля некалькіх «шпіляк»(дзякуй кінематографу і аўтагонкам за гэта). І калі ўсе ўжо чакалі серыі пенальці, брамнік зборнай Аргентыны ўжо пачаў ратаваць сваю каманду, калі ўсё залежала толькі ад яго. На 123-й хвіліне Муані выйшаў адзін на адзін з Марцінасам, але апошні ўратаваў сваю каманду, уратаваў Месі, уратаваў футбольную нацыю.

Гэта быў паратунак, які працягваў гульню «Джанга»(землятрус), калі вежа стаіць на адной цаглінцы ўся пакасабочаная і падаецца, што яна мусіла абрынуцца, але Марцінас дастаў цаглінку і з шырокай усмешкай запрашае да наступнага ходу. Што за момант, што за матч, якая гульня.

І так справа дайшла да пенальці, і два гранды Месі і Мбапэ адкрылі лік. Але галкіпер зборнай Аргенціны і Астан Вілы Эміліяна Марцінэс адбіў стрэл Кінгслі Комана, а потым Аўрэліян Чуамені прамахнуўся, удар Гансала Манціэля прынёс кубак ЧС у Аргентыну, прынёс гэты доўгачаканы кубак Месі. «Залаты Грааль» Месі поўны, ці засталіся яшчэ аргументы ў людзей, каб сказаць, што Месі не лепшы гулец у гэтую гульню?

Але мы пабачылі кагосьці асаблівага, які нават прайграўшы атрымае столькі ж увагі, як пераможца Месі. Мбапэ – яго фігура будзе стаяць побач з Месі, што трымае кубак свету і яго называюць лепшым з лепшых у футболе.

Гэта быў наўпрост шалёны матч і я не меў права апісаць яго проста футбольнымі тэрмінамі і словамі, дзяліцеся гэтым тэкстам з людзьмі, якія не сочаць за футболам – няхай яны зразумеюць, што яны губляюць(гэта жарт, калі што).

Мы пабачылі сутыкненне эпох, мы пабачылі пераймальнасць, мы запэўнілісь, што жыццё віруе і рухаецца далей. Няма нічога нерушымага: спачатку быў Пеле, потым Марадона, Рональдо і Зідан у свае часы, зараз Месі і Раналду. Кожнага з іх называлі лепшым, найвялікшым і зараз выбудоўваюць рэйтынгі, але заўжды зʼяўляецца хтосьці, каб стаць лепшым – цяпер ззяе Мбапэ, а галоўным вымяральнікам робяць ЧС, які Мбапэ выйграў яшчэ чатыры гады таму і ўжо зараз зʼяўляецца самым маладым гульцом, які забіў дзесяць галоў на ЧС, яму ўсяго 23 гады.

Але так, галоўны герой проста зараз – Месі. Яго карʼера дасягнула галоўнай вяршыні футбаліста, ён уладальнік кубка свету, гэта было пакручастае падарожжа для Леа, але ён тут, ён трыумфатар, ён ажыццявіў сваю мару і мару мільёнаў яго прыхільнікаў.

Ён даў нам шанец апавядаць пра гэта дзецям і ўнукам, пра гэты неверагодны фінал у Катары, што адбыўся 18.12.2022, так унучак узімку, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Выснова такая, што гэта быў адзін з найвялікшых момантаў у футбольнай гісторыі.

П.С. Каму цікавы сусветны футбол, ёсць файны ТГ-канал https://t.me/FutbolPausiull

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

«Жанчына, жыццё, свабода»
22 лістапада 2022, 00:59
Шатландыя — Украіна
2 чэрвеня 2022, 02:16
Усе пасты