Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Першая перамога Эвертса і не першая Прада. Каму яшчэ пашанцавала на мотакросавым Гран Пры Германіі?

Першая перамога Эвертса і не першая Прада. Каму яшчэ пашанцавала на мотакросавым Гран Пры Германіі?

15 чэрвеня, 14:44
Першая перамога Эвертса і не першая Прада. Каму яшчэ пашанцавала на мотакросавым Гран Пры Германіі?

Фота: mxgp.com

Важных з гледзішча чэмпіянату падзей на этапе сусветнага мотакросу ў Тойчэнтале хапала, але не ўсе яны мелі знак «плюс» для іх удзельнікаў. Хаця Ліам Эвертс і Хорхе Прада якраз могуць быць задаволенымі сабой.

Найважнейшыя падзеі сёння адбываюцца ва Украіне, чыі ваяры змагаюцца за свабоду не толькі сваю, а ўсяго свету. Гэты свет мусіць гэта зразумець і дапамагаць Украіне вызваліцца ад расійска-фашысцкіх акупантаў. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым хутчэй вольнай ад дыктатуры стане і беларуская зямля, што прынясе мір і бяспеку ўсім. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Дапамагаць нашым суседзям узялася нават нейтральная Швейцарыя. Германія займаецца гэтым ужо даўно, за што мы ёй удзячныя, а ў мінулы ўік-энд яна прыняла дзявяты этап чэмпіянату свету па мотракросе, які прайшоў на трасе ў Тойчэнтале. Праўда, для гоншчыка каманды Nestaan Husqvarna Factory Racing Кая дэ Вольфа і яго канкурэнта з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team Яга Гіртса ён прайшоў якраз не надта ўдала.

Бельгіец яшчэ нядаўна быў лідарам чэмпіянату ў MX2, але перадаў першую пазіцыю якраз нідэрландцу, прапусціўшы Гран Пры Латвіі праз пералом запясця, атрыманы на папярэднім французскім этапе. У кваліфікацыйнай гонцы не бліснулі абодва: Яга фінішаваў трынаццатым, а Кай у выніку падзення – наогул трыццаць трэцім, перадапошнім. Боль у назе замінаў дэ Вольфу і ў нядзелю, аднак у першай гонцы ён фінішаваў адзінаццатым, а ў другой – дзясятым.

Гіртсу на гэтым фоне было прасцей, хаця і не зусім проста. У першым заездзе Яга прарваўся быў у першую дзясятку, але потым яго тэмп упаў, і адмашку клецістым сцягам ён атрымаў трынаццатым. Затое ў другой гонцы гоншчык Ямахі здолеў фінішаваць сёмым. Хаця, канечне, у цэнтры ўвагі не быў ні ён, ні дэ Вольф.

А вось партнёр Кая па камандзе і яго суайчыннік Роан вад дэ Моосдайк – быў. Ён выйграў кваліфікацыйны заезд і хол-шот у першым у нядзелю, але амаль адразу яго адцясніў яшчэ адзін яго партнёр па камандзе – 16-гадовы бельгіец Лукас Коэнэн, які і фінішаваў першым.

Роана на адзінаццатым кругу абышоў і канкурэнт з Red Bull KTM Factory Racing Ліам Эвертс, але пазней ужо ван дэ Моосдайк скарыстаўся яго памылкай і вярнуў сабе другую пазіцыю. Якую ўсё роўна страціў праз крыўднае падзенне на апошнім кругу, праз якое ён фінішаваў толькі пятым. Трэцім стаў партнёр Эвертса па камандзе Андрэа Адама, а чацвёртым – напарнік Гіртса Цібольт Беністан.

Лукас Коэнэн наважваўся выйграць і другі заезд, што прынесла б яму перамогу па выніках Гран Пры Германіі. Эвертса, які выйграў хол-шот, гоншчык Хускварны абагнаў адразу, але на адзінаццатым кругу не вытрымаў яго матацыкл. Гімн Бельгіі, аднак, усё роўна прагучаў – той жа Эвертс, фінішаваўшы першым, атрымаў і першую ў кар’еры перамогу на этапе чэмпіянату свету. Адама і Беністан фінішавалі другім і трэцім і такія ж месцы занялі і па выніках Гран Пры.

Італьянец пры гэтым захапіў лідарства ў чэмпіянаце, дзе ў яго 405 ачкоў. Беністан падняўся на другую пазіцыю і мае 392 ачкі, а дэ Вольф, у якога 388 балаў, апусціўся на трэці радок. Yamaha з 479-цю ачкамі ўсё так жа ўзначальвае залік вытворцаў у MX2. Husqvarna ўтрымлівае другую пазіцыю, маючы 441 бал, KTM, у якога 422 ачкі, замыкае першую тройку.

У старэйшай катэгорыі MXGP усё магло б скончыцца чарговым трыумфам Джэфры Херлінгса. Пасля старту завадскі гоншчык KTM апынуўся на трэцяй пазіцыі, але ўжо на пятым кругу абагнаў канкурэнта з Red Bull GasGas Factory Racing Хорхе Прада, які напярэдадні выйграў кваліфікацыю, і пачаў наганяць аўтара хол-шоту – гоншчыка Monster Energy Yamaha Factory MXGP Team Джэрэмі Сівера.

Швейцарац паспеў быў ад’ехаць ад пераследнікаў на камфортную адлегласць, аднак Херлінгс, як мы ўсе ведаем – гэта Куля. Сівер, зрэшты, таксама не лыкам шыты, і да пары ён паспяхова адбіваўся ад двухразовага чэмпіёна прэм’ер-катэгорыі, але ўсё ж саступіў яму на дванаццатым кругу і хутка прапусціў і Прада. Які і перамог, бо Херлінгс праз пару кругоў упаў, моцна пашкодзіў шыю і фінішаваў толькі дваццатым.

На старт другой гонкі Джэфры не выйшаў, не возьме ён удзелу і на двух наступных этапах, якія пройдуць у Інданэзіі ў канцы чэрвеня і пачатку ліпеня. Гэта наўрад ці ёсць катастрофай з гледзішча барацьбы за тытул, хаця і лягчэй яе, вядома, не робіць. Галоўнае ж – гэта здароўе, і мы жадаем Херлінгсу хутчэй яго аднавіць.

Сівер у першай гонцы фінішаваў на другой пазіцыі, трэцім стаў гоншчык завадской каманды Honda Рубэн Фернандэс. На старце другога заезду бліснуў напарнік Джэфры Глэн Колдэнхоф, які выйграў хол-шот. Першую пазіцыю ён захоўваў ажно да шаснаццатага круга, калі Прада ўсё ж удалася яго атака. Аднак другую пазіцыю нідэрландзец не саступіў нікому. Тым больш што гоншчык Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр, які фінішаваў трэцім, быў далёка ззаду і заняты быў у асноўным змаганнем з Фернандэсам. Іспанец гэтым разам фінішаваў чацвёртым, але падняўся на ніжнюю ступень подыуму па выніках Гран Пры Германіі. Колдэнхоф заняў другое месца, а Прада ўпэўнена перамог.

Лідарства Хорхе ў чэмпіянаце пасля гэтага стала даволі камфортным – у яго 453 ачкі супраць 386-ці ў Херлінгса, які пакуль што застаўся другім. Фэвр, у якога 347 ачкоў, захоўвае трэцюю пазіцыю. Адначасова і GasGas замацоўвае лідарства ў заліку вытворцаў, маючы цяпер 459 балаў. Yamaha, зрэшты, усё роўна яшчэ блізка – у яе 448 ачкоў. Дый KTM з яго 431-м балам пакуль што з’яўляецца пагрозай.

Наступны этап чэмпіянату свету па мотакросе, як было адзначана вышэй, пройдзе ў Інданэзіі 23-25 чэрвеня і будзе называцца Гран Пры Сумбавы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты