Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2024: усё гарачэе пасля пятага этапу

Дакар-2024: усё гарачэе пасля пятага этапу

11 студзеня, 10:16
Дакар-2024: усё гарачэе пасля пятага этапу

Ралі «Дакар» 2024 года пакрысе набліжаецца да экватара, але інтрыга амаль ва ўсіх катэгорыях і не думае рабіцца меней вострай. Вось і пасля пятага этапу, які прайшоў учора, у некаторых турнірных табліцах адбыліся важныя перамены.

Караван удзельнікаў марафону працягвае калясіць па Пустым Квартале (назва пустыні, у якой яны зараз знаходзяцца), і ў сераду удзельнікі рушылі скрозь яго ад Аль-Хуфуфа ў Шубайту. 645 агульных кіламетраў не так пужалі, як 118, якія складаў спецучастак, бо арганізатары абяцалі, што толькі нямногія пабачаць заход на бівуаку. Тым больш што пад’ём быў раннім, бо ад Аль-Хуфуфа да старту ўсіх чакаў доўгі ліазон. Аднак амаль усе пераадолелі баявую дыстанцыю без прыгод. Ключавое слова тут, канечне, амаль.

Без сходаў не абышлося, але фаварыты катэгорыі матацыклаў пераадолелі спецучастак без асаблівых цяжкасцей. Паказаць добры вынік было тым больш важна, што на наступны дзень – сёння – пачынаўся марафонскі 48-гадзінны этап, стартавы парадак на якім сярод матацыклістаў вызначаўся па выніках серады. Болей позні старт даваў перавагу – можна было бачыць сляды тых, хто пайшоў на дыстанцыю раней. А лепшыя сямнаццаць гоншчыкаў па выніках серады стартавалі ў зваротным парадку сёння.

Найлепшае становішча сябе забяспечылі сабе учора гоншчыкі каманды Mobster Energy Honda Team Пабла Кінтаніла, які атрымаў перамогу з вынікам 1 гадзіна 32 хвіліны 53 секунды, і Адрыен ван Бэверэн, які заняў другое месца, саступіўшы партнёру па камандзе 37 секунд. Дый Тобі Прайс, які прадстаўляе завадскі калектыў KTM, выступіў добра, заняўшы трэцяе месца і саступіўшы Кінтаніле 1 хвіліну 39 секунд.

А вось, напрыклад, гоншчык каманды Hero Рос Бранч фінішаваў толькі шостым, болей за тры з паловай хвіліны прайграўшы чылійцу. Супакоіцца ён можа хаця б тым, што яшчэ адзін прадстаўнік Хонды Хасэ Ігнасіа Карнэха выступіў яшчэ горш, фінішаваўшы з адзінаццатым вынікам і саступіўшы свайму суайчынніку і партнёру па калектыву болей шасці хвілін.

Такім чынам, Начо аддаў лідарства ў агульным заліку абратна Бранчу, чый час складае 19 гадзін 5 хвілін 3 секунды, апусціўшыся на другую пазіцыю. Праўда, Карнэха адстае толькі крыху – на 1 хвіліну 14 секунд. Па-ранейшаму ў тройцы і ў барацьбе і яшчэ адзін партнёр Хасэ Ігнасіа Рыкі Брабэк, які адстае ад лідара на 3 хвіліны 47 секунд. Амерыканец учора паказаў сёмы вынік, амаль чатыры хвіліны саступіўшы Кінтаніле.

Дый ван Бэверэн, які падняўся на чацвёрты радок абсалюту, на выніковую перамогу прэтэнудуе, адстаючы ад Бранча на 18 хвілін 10 секунд. А вось Кінтаніле будзе цяжэй – ён ад лідара амаль у дваццаці сямі хвілінах на сёмай пазіцыі. Зрэшты, марафонскі этап, што стартаваў сёння можа моцна ператасаваць увесь агульны залік.

Таму расслабляцца нельга і Мануэлю Андухару, лідару катэгорыі квадрацыклаў. Яго агульны час складае 23 гадзіны 45 хвілін 23 секунды, што на 20 хвілін 19 секунд лепей, чым у Александра Жыру, што ідзе следам. Дый Марчэла Медэйрас, які замыкае першую тройку, наблізіўся, і цяпер саступае пераможцу 2021 года 21 хвіліну 41 секунду. Прытым што перамог учора менавіта бразілец.

Медэйрас справіўся са спецучасткам за 1 гадзіну 51 хвіліну 9 секунд, на 1 хвіліну 21 секунду апярэдзіўшы Жыру, які заняў другое месца, і на 2 хвіліны 26 секунд Андухара, які ў сваю чаргу замкнуў першую тройку на этапе. Наперадзе яшчэ больш за палову дыстанцыі ралі, і кардынальна змяніцца ў групе лідараў усё можа ў любы момант.

Тое ж самае можна сказаць і пра катэгорыю Ultimate, у якой на пятым этапе перамог нарэшце і пяціразовы і мінулагодні трыумфатар Насэр Аль-Ація. Гоншчык з Катара нарэшце знайшоў свой тэмп, пераадолеў баявую дыстанцыю за 1 гадзіну 37 хвілін 25 секунд і на дзве хвіліны абагнаў лідара агульнага заліку Язіда Аль-Раджы, які фінішаваў з чацвёртым вынікам.

Мясцовы любімец з каманды Overdrive Racing, чый час пасля пяці этапаў складае 17 гадзін 24 хвіліны 4 секунды, ужо бачыць Аль-Ацію ў віртуальным люстэрку задняга віду, бо Насэр выбраўся на другую пазіцыю і адстае ад Язіда на 9 хвілін 3 секунды. Не надта адстаў і Карлас Сайнс-старэйшы, які перамясціўся на трэці радок абсалюту – ён у 11 хвілінах 31 секундзе ад Аль-Раджы. Учора іспанец з Audi заняў толькі дваццаць восьмае месца, хаця Аль-Аціі прайграў не так і многа – толькі 9 хвілін 2 секунды.

У тройцы ж разам з тым Аль-Аціёй апынуліся партнёры Аль-Раджы па камандзе. Другое месца заняў ветэран Герлен Шышэры, які саступіў пераможцу 1 хвіліну 51 секунду. На перамогу, зрэшты, француз даўно не прэтэндуе, займаючы дваццатую пазіцыію і адстаючы ад свайго партнёра, які лідзіруе, болей чым на паўтары гадзіны. Ну а Хуан Круз Якапіні, які ўчора замкнуў першую тройку, 1 хвіліну 58 секунд саступіўшы Аль-Аціі, ад Аль-Раджы ў генеральнай класіфікацыі адстаў ужо на дзве гадзіны і займае дваццаць трэцюю пазіцыю.

Себасцьен Лёб па дыстанцыі ішоў хутка, прапусціў адну з кантрольных кропак, за што атрымаў пятнаццаць штрафных секунд. У выніку Аль-Аціі ён саступіў болей за дваццаць адну хвіліну, апыннуўшыся на… сямідзясятым месцы. На шчасце, толькі па выніках этапу, у генеральнай жа класіфікацыі дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі дзявяты, у сарака трох хвілінах ад лідара. Да таго ж, па прызнанню француза, памылка яго была наўмыснай, каб забяспечыць лепшыя стартавыя ўмовы сёння.

А вось лідар катэгорыі Challenger Эрык Гочал працягвае выступаць на куражы, не дапускаючы, аднак, сур’ёзных памылак. І той факт, што ўчора 19-гадовы паляк заняў толькі трэцяе месца, 2 хвіліны 6 секунд саступіўшы пераможцу этапу, напэўна не сапсаваў яму настрой. Тым больш што пераможцам гэтым стаў Франсіска Лопес, які хоць і ідзе ў абсалюце чацвёртым, але Эрыку саступае болей за адну гадзіну.

Спецучастак пятага этапу чыліец пераадолеў за 1 гадзіну 40 хвілін 47 секунд, на 2 хвіліны 4 секунды апярэдзіўшы свайго партнёра па завадской камандзе Can-Am Осціна Джонса. Амерыканец таксама пагрозы Эрыку Гочалу не ўяўляе, замыкаючы першую пяцёрку ў гадзіне ад маладога паляка. Нават яго бацька Марэк, які займае другую пазіцыю і прыкрывае сыну тыл, адстаў ужо на 34 хвіліны 50 секунд. Трэцім, адстаючы ад Эрыка на 39 хвілін 46 секунд, ідзе яшчэ адзін амерыканец Мітчэл Гатры. Ён учора задаволіўся дзясятым месцам, саступіўшы пераможцу пяць з паловай хвілін.

Можна было б сказаць, што ў катэгорыі серыйных SSV лідар учора змяніўся на роўным месцы, але месца, канечне, роўным не было. На восемдзесят пятым кіламетры ў аварыю патрапіў Жэрар Фарэс. Ні ён, ні яго штурман Дыега Артэга, на шчасце, траўм не атрымалі, але іх Can-Am Maverick XRS Turbo быў пашкоджаны моцна. Экіпажу іспанцаў некалькі гадзін прыйшлося чакаць эвакуацыі, і да фінішу яны дабраліся толькі праз чатыры з паловай гадзіны пасля пераможца, заняўшы дваццаць дзявятае месца.

У агульным заліку Фарэс праваліўся на пятнаццатую пазіцыю, ён больш за чатыры гадзіны саступае новаму лідару. Якім з’яўляецца Жэром дэ Садлер, чый час складае 21 гадзіну 13 хвілін 42 секунды. Пры гэтым швейцарац учора заняў толькі трэцяе месца, 3 хвіліны 54 секунды саступіўшы Ксав’е дэ Сультрэ, які з вынікам 1 гадзіна 44 хвіліны 56 секунд атрымаў перамогу. Партнёр дэ Садлера па камандзе MMP Ясір Сійдан, які заняў другое месца, прайграў французу 1 хвіліну 14 секунд.

Сійдан, дарэчы, даволі такі рашуча ўвайшоў у кола прэтэндэнтаў на выніковую перамогу – ён у генеральнай класіфікацыі чацвёрты, у дзесяці з малым хвілінах ад дэ Садлера. Дый дэ Сультрэ, які займае шостую пазіцыю, цяпер саступае лідару не так і шмат – дваццаць дзве хвіліны. Хаця на трэцім этапе француз праз праблемы з трансмісіяй згубіў быў сорак пяць хвілін.

Бліжэйшым жа пераследнікам дэ Садлера з’яўляецца Радрыга Варэла, які адстае ад швейцарца на пяць з паловай хвілін. Бразілец учора заняў чацвёртае места, амаль пяць хвілін саступіўшы дэ Сультрэ. Замыкае першую тройку яго суайчыннік Крышціана Баціста, які прайграе лідару 9 хвілін 20 секунд, а ўчарашняму пераможцу саступіў амаль шэсць хвілін, паказаўшы сёмы вынік.

У катэгорыі грузавікоў па выніках пятага этапу памяняўся не лідар, а яго галоўны пераследнік. Хаця ні той, ні той не выступілі ідэальна. Мінулагодні пераможца Янус ван Кастэрэн, які з часам 20 гадзін 1 хвіліна 22 секунды лідзіруе і зараз, пра праблемы з рухавіком і скрыняй перадач спецучастак скончыў толькі з дзясятым вынікам, болей за дваццаць тры з паловай хвіліны прайграўшы чэху Марціну Мацыку, які, як і нідэрландзец, выступае на IVECO і які атрымаў перамогу, пераадолеўшы баявыя кіламетры за 1 гадзіну 52 хвіліны 25 секунд.

На шчасце ван Кастэрэна, суайчыннік Мацыка Алеш Лапрайс выступіў на сваёй Празе яшчэ горш і заняў толькі пятнаццатае месца, на трыццаць дзевяць з паловай хвілін адстаўшы ад Марціна. І прапусціў яго на другую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі. Да ван Кастэрэна Мацыку 22 хвіліны 3 секунды, а вось Лапрайс адстае ад свайго нядаўняга дуэльнага суперніка ўжо на 26 хвілін 5 секунд, займаючы трэцюю пазіцыю.

Суайчыннік жа ван Кастэрэна Мітчэл ван дэн Брынк, які замыкае першую пяцёрку, адстае ад Януса болей чым на гадзіну і дакладна не змагаецца за перамогу. Што не перашкаджае яму бліскаць на асобных этапах, як учарашні, на якім ён заняў другое месца, 1 хвіліну 22 секунды саступіўшы Мацыку. Нідэрландцам ёсць і Вік Ферстэйнен, які таксама як і ван дэн Брынк з ван Кастэрэнам выступае на IVECO і які ўчора замкнуў першую тройку, 7 хвілін 55 секунд саступіўшы пераможцу. А ў абсалюце ён замыкае першую дзясятку, знаходзячыся ў трох з паловай гадзінах ад лідара.

Сёння ўдзельнікі «Дакара» пачалі марафонскі 48-гадзінны этап. Сутнасць яго ў тым, што сёння ён будзе доўжыцца да 16:00 па мясцовым часе, пасля чаго кожнаму ўдзельніку дазволена будзе даехаць да аднаго з шасці пунктаў начлегу, бліжэйшага да яго. Там усе атрымаюць усё неабходнае, каб правесці ноч (палаткі, ежу), але не атрымаюць сувязь з вонкавым светам і не будуць ведаць, як справы ў канкурэнтаў. Ну а раніцай барацьба працягнецца.

Упершыню матацыклісты з квадрацыклістамі правядуць вярхом па восем гадзін. Пры гэтым для іх маршрут будзе адрознівацца ад таго, па якім пусцяць аўтамабілі і SSV, а гэта значыць, што штурманам будзе складаней, бо слядоў ад матацыклаў яны не пабачаць. Прытым што навігацыя і так будзе найскладанейшай, з заблытанымі шляхамі і мноствам схаваных кантрольных кропак у Пустым Квартале.

Гоншчыкі пачалі свой шлях сёння раніцай у Шубайце, там жа і фінішуюць заўтра ўвечары, агулам пераадолеўшы 758 кіламетраў, з якіх баявымі будуць 549. Хай сабе і размеркаваныя на два дні, лёгкімі яны не будуць дакладна. Затое ў суботу яны традыцыйна адпачнуць, гэтым разам у Рыядзе, адкуль у нядзелю рушаць у Аль-Дувадзімі. Аб усіх важных навінах з этапу, як і з гоначнага свету наогул, можна будзе даведвацца ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты